Каталіцкія могілкі (Ліда)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Старыя каталіцкія могілкі
53°52′52″ пн. ш. 25°18′21″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Краіна
ВобласцьГродзенская вобласць
МесцазнаходжаннеЛіда 
Гісторыя
Славутасцікапліца Святой Барбары 
Дата заснавання1797 
Map

Старыя каталіцкія могілкі — могілкі ў Лідзе, размешчаныя па праспекце Перамогі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

З пачатку XVII ст. на поўдзень ад горада Ліды, на замкавай зямлі і зямлі шляхецкага засценка Кузьмішкі паноў Вісмантаў паўстаў бор. Па распараджэнні губернскіх уладаў у 1797 г. частка гэтага бору, якая знаходзілася на замкавай зямлі была выдзелена пад парафіяльныя могілкі. Другая частка бору на зямлі шляхты праіснавала да 1892 г., калі пасля вялікага пажару Ліды трэба было адбудоўвацца, і дрэвы спілавалі. Потым, для будаўніцтва даходных дамоў, спілавалі і прыгожы бор, які рос непасрэдна на парафіяльных могілках[1].

У 1805 г. ксёндз Вінцэнт Нарбут, пробашч i дэкан лідскі, пабудаваў тут досыць вялікую драўляную капліцу, якую высвяціў у гонар Св. Барбары, панны i мучаніцы, як патронкі добрай смерці, абраз гэтай святой знаходзіўся ў вялікім алтары. Пасля скасавання ў Лідзе касцёла кармелітаў i пажару касцёла піяраў, падчас рамонту Фары, з дазволу дыяцэзіяльных уладаў, сюды былі часовы перанесеныя парафіяльныя набажэнствы. Ад пачатку могілкі не мелі дакладна акрэсленых межаў, аднак каля 1840 г. на сродкі пані Клары Якавіцкай, як належала па прадпісанні, могілкі былі акапаны ровам i агароджаны невысокім валам. Роў i вал, аднак, не баранілі могілкі ні ад быдла, якое пасвілася побач, ні ад непажаданых асоб[1]. У 1848 г. была грунтоўна рэстаўравана капліца.

Званіца на могілках. Сандэр, 1917

У 1885 г. Стэфан Буткевіч, былы маршалак Лідскага павета пабудаваў новую, ашаляваную i крытую гонтам званіцу. Званіца мела два званы: адзін вагой у пуд, другі — 30 фунтаў (12 кг). Званіца добра бачна на нямецкім малюнку 1917 г. У 1927 г. званіца ўжо была ў вельмі дрэнным стане[1].

У 1886 г. на сродкі пані Ласковіч была выбудавана брама на могілкі — чатыры мураваныя слупы з драўлянымі варотамі. Каля 1900 г. распачалася i праз некалькі гадоў закончылася будоўля новай мураванай агароджы могілак. У памяць пра пабудову мураванай агароджы ўлева ад уваходу з унутранага боку была ўмуравана каменная дошка з надпісам[1]:

" Агароджана ў 1903 г. коштам парафіян, стараннем ксяндза-дэкана Юзафа Сянкевіча, М. Пацэвіча, Я. Падгайнага, каменем Стэфана Макрэцкага за якіх Здровась Марыя. "

У 1905 г. невядомы злачынец падпаліў капліцу, але пажар быў патушаны. У капліцы калісьці быў стары арган, перанесены сюды з Фары, у 1904 г. гэты арган перададзены філіі ў Крупава, дзе ён згарэў разам з касцёлам у 1919 г. У 1928 г. быў зацверджаны новы праект драўлянай капліцы, але ён не быў рэалізаваны. У 1929 г. студэнтам архітэктуры К. Раствароўскім распрацаваны новы праект які атрымаў добрыя водгукі ад спецыялістаў. Вельмі павольнае будаўніцтва капліцы пачалося ў 1930 г. Толькі ў 1937 г. пабудова была пакрыта дахам, але да 1939 г. работы не былі скончаны. У 2000—2003 гг. быў праведзены грунтоўны рамонт, унутраная атынкоўка, устаўлены вокны і дзверы і інш.

На могілках здаўна стаяў драўляны шпіталь, пасля зруйнавання якога жабракі не мелі дзе жыць. Дзева Марыя Ле Форт, гувернантка, адпісала для тутэйшых жабракоў 66 рублёў срэбрам. Кс. Юзафат Вайшвіла, лідскі экс-піяр, які дажываў у лідскай парафіяльнай плябані, дадаў яшчэ 150 рублёў, i за гэтыя грошы ў 1845 г. пабудавалі новы драўляны шпіталь. У 1856 г. тут жылі 12 жабракоў. Калі гэты шпіталь струхнеў, пані Ласковіч пабудавала за агароджай могілак драўляны шпіталь, які існаваў яшчэ пры канцы 1930-х гг.

Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках[правіць | правіць зыходнік]

  • Сваякі Стэфана Макрэцкага, уладальніка маёнтка Вінькаўцы, прэм’ер-міністра Сярэдняй Літвы: маці Каміла з Машэўскіх Макрэцкая (1832 — 2 мая 1865). Каміла Макрэцкая да 33 гадоў нарадзіла 8 дзяцей і памерла пры родах апошняга сына, Зыгмунта. А злева ад уваходу, блізка ад капліцы знаходзяцца магілы Стэфанавых дзеда Вінцэнта Машэўскага (пам. 1876) і бабкі Гэмыліі з Нарбутаў Машэўскай (1806 — 26 лютага 189)[1].
  • Стэфан Буткевіч (19.02.1815-30.03.1896), маршалак Лідскага павета, і яго жонка Эміліяй Буткевіч з Адамовічаў (1813—1879). Пахаваны адразу злева ад увахода[1].
  • Ян Марколін Андрушкевіч (1823—1868), бургамістр горада. Магілы роду Андрушкевічаў знаходзяцца справа ад галоўнага ўваходу на могілкі.
  • З паўднёвага боку ад капліцы Св. Варвары знаходзіліся магілы лідскіх ксяндзоў: Юзафа Сянкевіча, пробашча i дэкана лідскага (1905 г.), Альберта Стэцкага, місіянера (памёр 1898 г.), Антонія Кулакоўскага, місіянера (памёр у 1904 г.), Станіслава Пацынкі, вікарыя (памёр у 1918 г.), Яна Кандрата, вікарыя (памёр 1924 г.). У 1986 г., ратуючы ад варварскага знішчэння, парафіяне перанеслі магілы гэтых ксяндзоў на Слабадскія могілкі. Але надмагілле ксендза Пацынкі засталося на старых могілках, на Слабадскіх могілках усе шараговыя ксяндзы пахаваны пад агульным помнікам.
  • Эрнест Аляксандравіч барон Медэм (1846 г.), лідскі земскі спраўнік, адстаўны маёр, сын расійскага дыпламата Аляксандра Медэма[ru]. Помнік у выглядзе вялікай каменнай глыбы нябожчыку паставілі таварышы па зброі з Галіцкага палка егераў.
  • Валерыя Цехановіч з Цыбульскіх (1841—1933), удзельніца паўстання 1863 года, жонка Гераніма Канстантыя Цехановіча (1844—1898).
  • Казімір Ямант, бацька вядомага мастака Браніслава Яманта і банкіра Уладзіслава Яманта.
  • Генрык Ямант
  • Уладзіслаў Ямант, банкір шматгадовы кіраўнік лідскага аддзела Віленскага прыватнага банка.
  • Юзаф Зарэцкі (1800—1869) — ваенны інжынер. Побач пахаваныя яго жонка Ганна Зарэцкая, сын Мiкалай Юзаф Зарэцкi і ягона жонка Марыя Зарэцкая.
  • Юзаф Грабавецкi (1786—1849), доктар медыцыны i акушэр, сябар Iмператарскага таварыства лекараў у Вiльнi, калежскi асэсар.
  • Ксаверый Рыла (памёр 22 лютага 1836), надворны саветнік i жыхар Лiдскага павета.
  • Канстанцін Рыла, карнет гусарскага палка караля Нiдэрландаў.
  • Рафал Садоўскі (памёр 8 жнiўня 1869), стацкі саветнік i кавалер.
  • Павел Прыбытка (памёр у 1870), засядацель лідскага павятовага суда, і ягоная жонка Эмілія з Крыдалёў (памерла ў 1878 г.)
  • Ян Тукала (1783—1867), капiтан б. польскiх войск.
  • Казiмiр Банькоўскi (пам. 18 кастрычнiка 1871), суддзя Лiдскага павета.
  • Юзаф Крахельскi, скарбнік i жыхар Лiдскага павета.
  • Леан Стабiнскi, бургамiстр.
  • Аляксандр Талочка (пам. 7 красавiка 1846), калежскi рэгiстратар.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]