Кілва-Кісівані
Кілва-Кісівані* | |
---|---|
Kilwa Kisiwani** | |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА | |
Тып | культурны |
Крытэрыі | iii |
Спасылка | unesco.org |
Рэгіён*** | Афрыка |
Гісторыя ўключэння | |
Уключэнне | 1981 (5 сесія) |
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА» ** Назва ў афіцыйным англ. спісе *** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА |
Кі́лва-Кісіва́ні (суахілі: Kilwa Kisiwani) — гістарычны помнік гарадской цывілізацыі суахілі XI — XIX стст. Месціцца на востраве ля паўднёвага ўзбярэжжа Танзаніі. Уключаны ў 1981 г. разам з суседнім помнікам Сонга-Мнара ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Востраў Кілва-Кісівані быў населены афрыканцамі ўжо ў 1 тысячагоддзі н. э. Паводле паданняў, у IX ст. ён быў прададзены шыразскаму прынцу Алі бін Аль-Хасану і пераўтвораны ім у цэнтр султаната. Аднак археолагі вызначылі, што гарадское паселішча ўзнікла на Кілва-Кісівані не раней за XI ст. Прыкладна ў гэты ж час пра Кілва-Кісівані ўпершыню паведамілі арабскія крыніцы. У 1331 г. яго наведаў знакаміты вандроўнік Ібн Батута.
Кілва-Кісівані развіваўся як гандлёвы горад, які меў шчыльныя сувязі з унутранымі раёнамі Усходняй і Паўднёвай Афрыкі, адкуль мясцовыя жыхары-суахілі прывозілі золата, жалеза, слановую косць і рабоў і перапрадавалі іх у Аравію, Персію і Індыю. Да XV ст. султаны Кілва-Кісівані падпарадкавалі значную колькасць буйных гарадоў суахілі ўздоўж афрыканскага ўзбярэжжа Індыйскага акіяна. Аднак улада султанаў была абмежавана гарадскім самакіраваннем. У канцы XV ст. значны аўтарытэт набылі военачальнікі-эміры. У 1495 г. эмір Ібрагім фактычна захапіў трон і стаў кіраваць як узурпатар.
У 1497 г. Кілва-Кісівані быў адкрыты партугальскім мараплаўцам Васкам да Гама. У 1505 г. партугальцы з дапамогай саюзнікаў-суахілі захапілі горад і востраў. Баі суправаджаліся страшэннымі разбурэннямі, пажарам і ўцёкамі жыхароў. У 1512 г. Кілва-Кісівані быў вызвалены арабамі, аднак так і не здолеў аднавіць сваю былую магутнасць. У XVIII — XIX стст. ён трапіў у залежнасць ад Занзібара. З дазволу султана французы пабудавалі тут крэпасць. У 1840-я гг. мясцовыя жыхары канчаткова пакінулі горад.
Археалагічныя даследаванні вядуцца з сярэдзіны XX стагоддзя.
Спадчына[правіць | правіць зыходнік]
Сучасны Кілва-Кісівані ўяўляе сабою рэшткі былога сярэднявечнага гарадскога цэнтра, які ахопліваў увесь востраў. Значная частка помніка яшчэ патрабуе падрабязнага даследавання. Вызначаны рэшткі Вялікай мячэці, узведзенай у XI ст. У XIII ст. яна была значна перабудавана, дададзеныя арачныя канструкцыі і інкрустацыя сцен з кітайскага парцаляну. Значную цікаваць уяўляюць рэшткі султанскага палаца Хусуні-Ндога. Ён быў узведзены ў 1310—1333 гг. Частку палаца займаў васьмівугольны басейн. Захаваліся рэшткі грамадскіх, гандлёвых і жылых будынкаў, партугальскай і французскай крэпасцяў.
Сонга-Мнара[правіць | правіць зыходнік]
Сонга-Мнара з’яўляўся горадам-спадарожнікам Кілва-Кісівані. Яго росквіт прыпаў на XV ст., калі сюды з-за недахопу месца пераязджалі жыхары Кілва-Кісівані. На месцы Сонга-Мнара захаваліся рэшткі каля 40 мураваных будынкаў, у тым ліку 5 мячэцяў, палацавы комплекс, жылыя дамы і магільні.
-
Аркі Вялікай мячэці
-
Кераміка і парцалян з Кілва-Кісівані
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- HISTORIC SITES OF KILWA
- Kilwa Ruins — Kilwa Kisiwani Архівавана 10 сакавіка 2016.
- Kilwa Kisiwani Ancient Ruins Архівавана 20 лістапада 2011.
- History of Kilwa Kisiwani Архівавана 28 верасня 2015.
- Songo Mnara
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 144 рус. • англ. • фр. |