Суахілі (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Суахілі
(Waswahili )
Парад на востраве Ламу
Агульная колькасць 1 480 000 (2012 г.)
Рэгіёны пражывання Усходняя Афрыка:

 Танзанія — 755 тыс.
 Кенія — 37 тыс.
 Самалі — 29 тыс.
 Мазамбік — 13 тыс.
 Мадагаскар — 4,3 тыс.
Іншыя краіны:
Саудаўская Аравія - 431 тыс.
ААЭ - 13 тыс.
ЗША - 58 тыс.
Грэцыя - 6,4 тыс.
Дэмакратычная Рэспубліка Конга - 42 тыс.
Замбія - 25 тыс.
Рэюньён - 25 тыс.
Бурундзі - 9,5 тыс.
Руанда - 16 тыс.

Мова суахілі
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы каморцы, міджыкенда, маквэ

Суахі́лі (суахілі: Waswahili) — народ, карэнныя насельнікі ўзбярэжжа Усходняй Афрыкі. Жывуць таксама ў цэнтральных раёнах Афрыканскага кантынента, Саудаўскай Аравіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Еўропе і ЗША. Агульная колькасць (2012 г.) — 1 480 тыс. чал.[1]

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Назва народа суахілі паходзіць ад арабскага слова سواحل (Савахіл), што значыць «бераг» або «ускраіна».

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Руіны горада Гедзі, XIII ст.

Народ суахілі ўзнік у выніку кантактаў народаў банту, якія насялялі ўзбярэжжа Усходняй Афрыкі з арабскімі каланістамі, у першую чаргу гандлярамі і місіянерамі. Акрамя таго, у фарміраванні суахілі пэўную ролю адыгралі выхадцы з Персіі (шыразі), Індыі, магчыма Зондскіх астравоў і нават Кітая.

Першапачаткова ў навуковай літаратуры XIX — першай паловы XX стст. выказваліся 2 асноўныя супрацьлеглыя думкі аб паходжанні культуры суахілі:

  • Развітыя арабская і персідская культуры мелі вызначальнае месца ў фарміраванні цывілізацыі суахілі.
  • Культура суахілі ўзнікла на мясцовай аснове, а арабскі і персідскі элементы былі запазычаны пазней і істотнай ролі не адыгрывалі.

Першая думка абапіралася на летапісную традыцыю (хронікі гарадоў Кілва, Ламу і Патэ), другая — на археалагічныя і этнаграфічныя крыніцы. У наш час існуе меркаванне, што развіццё культуры суахілі вызначалася працяглым і вельмі складаным характарам.

Народы Усходняй Афрыкі здаўна мелі кантакты з краінамі Міжземнамор’я і Персідскага заліва, што пацвярджаецца шматлікімі пісьмовымі крыніцамі. Адсюль прывозілі экзатычныя тавары і араматычны алей. У пачатку 1 тысячагоддзя н. э. Усходнюю Афрыку насялілі народы банту, якія ўжо ведалі земляробства і выплаўленне жалеза. Мяркуюць, што не вельмі якаснае, але вельмі таннае афрыканскае жалеза некаторы час было галоўным таварам, які прыцягваў гандляроў з поўначы.

Згодна летапісам, першае перасяленне сірыйскіх арабаў на чале халіфа Абд аль-Маліка ібн Марвана адбылося ў 696 г. Ім прыпісваецца заснаванне гарадоў-дзяржаў суахілі, колькасць якіх да прыходу еўрапейцаў дасягала 37. Яны займалі значную частку афрыканскага ўзбярэжжа Індыйскага акіяна ад сучаснага Паўднёвага Самалі да Паўночнага Мазамбіка. Але першасным месцам фарміравання культуры суахілі былі архіпелаг Ламу і прыбярэжныя раўніны ракі Тана.

Пакуль археолагі знайшлі старажытныя паселішчы гарадскога тыпу толькі IX — XII стст. Відавочна, найбольш вялікім і значным з’яўляўся горад на востраве Манда на ўсходзе сучаснай Кеніі. Аднак наяўнасць шырокіх кантактаў банту і гандляроў з Аравіі ў другой палове 1 тысячагоддзя таксама пацвярджаецца шырокім колам іншых крыніц. У арабскіх рукапісах апісваецца краіна чорных Зандж або Зіндж (араб. زنج‎‎). Яна лічылася варварскім месцам, але адтуль прывозілі чарнаскурых рабоў. Іх колькасць стала расла. У IX ст. у раёне горада Басра на тэрыторыі сучаснага Ірака нават адбылося паўстанне занджы́[2].

У XIII — XIV стст. адбылася новая хваля перасяленняў з краін Персідскага заліва ва Ўсходнюю Афрыку. Арабаў і персаў да гэтага прымусіла мангольскае нашэсце. У гэты час усталёўваюцца найбольш старажытныя з вядомых правячых дынастый суахілі, якія мелі арабскае паходжанне, але сістэма успадкоўвання ўлады належала банту. Таксама з’яўляюцца першыя пісьмовыя дакументы на мове банту, напісаныя арабскімі літарамі. Вандроўнік Ібн Батута апісваў дзяржавы суахілі як далёка не цалкам ісламізаваныя. Нават кіраўнікі дзяржаў прытрымліваліся мясцовых традыцый.

Насельніцтва гарадоў папаўнялася не толькі перасяленцамі з поўначы, але і з самой Афрыкі. Суахілі вялі самастойны гандаль з унутранымі раёнамі гэтага кантынента. Адкрыццё золата Манаматапы вымусіла суахілі прасунуцца на поўдзень. Акрамя таго, караблі суахілі з’яўляліся ў портах Індыі, Зондскіх астравоў і Кітая[3].

Барацьба з партугальцамі[правіць | правіць зыходнік]

Гармата ў крэпасці Ісуса

У 1488 г. партугальскі мараплавец Барталамеў Дыяш адкрыў шлях у Індыйскі акіян. У 1498 г. яго паслядоўнік Васка да Гама дасягнуў земляў суахілі і з дапамогай лоцмана з Маліндзі працягнуў свой шлях у Індыю. Першыя спробы партугальцаў гандляваць з ўсходнімі афрыканскімі гарадамі не мелі асаблівага поспеху з-за дрэннай якасці еўрапейскіх тавараў, а таксама з-за ўзаемнага недаверу. Таму ў 1505 г. кароль Мануэль I Шчаслівы адкрыта абвясціў аб палітыцы заваявання[4].

У 1505 — 1507 гг. былі захоплены і разрабаваны такія багатыя гарады суахілі, як Мамбаса, Кілва і Барава. У 1507 г. яны ўмацаваліся ў Мазамбіку. Нашэсце партугальцаў выклікала бегства часткі насельніцтва ва ўнутраныя раёны Афрыкі. Манапалізацыя партугальцамі марскога гандлю прывяла да эканамічнага заняпаду і часовага разбурэння сувязяў з іншымі краінамі. Спыненне вывазу золата зрабіла дзейнасць на афрыканскім узбярэжжы не рэнтабельнай і для саміх каланізатараў, але ўсходнеафрыканскія землі патрабаваліся ім як ваенны фарпост на шляху ў Індыю, а таксама для далейшага змагання з арабскімі канкурэнтамі. Суахілі не аднойчы паўставалі, але гэта прыводзіла да крывавых карных экспедыцый. У канцы XVI ст. галоўным цэнтрам партугальскіх валоданняў стала крэпасць Ісуса ў Мамбасе.

У барацьбе за незалежнасць ўладары гарадоў суахілі звярнуліся да султаната Аман. Сумеснымі намаганнямі да канца XVII ст. яны здолелі выгнаць партугальцаў. Толькі паўднёвыя тэрыторыі суахілі ўвайшлі ў склад партугальскай калоніі Мазамбік.

Арабізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Дзяўчына-суахілі, пач. XX ст.

Саюз з султанамі Амана забяспечыў гарады суахілі эпохай росквіту. Яны сталі галоўным пасрэднікам у гандлі чарнаскурымі рабамі, якіх вывозілі ў арабскія краіны, Індыю і еўрапейскія калоніі. Асабліва прыбытковым гэты сумніўны гандаль стаў у XIX ст., калі аманскія султаны зрабілі Занзібар цэнтрам сваіх валоданняў і пачалі развіваць плантацыйныя гаспадаркі, на якіх вырошчвалі спецыі. Патрэба ў рабах, слановай косці і іншых таварах вымушала суахілі пранікаць ва ўнутраныя раёны Афрыкі, дзе ў XIX ст. нават складваліся дзяржавы гандляроў рабамі.

Адваротным вынікам дамінавання султаната Аман — Занзібар стала паступовая арабізацыя вышэйшых колаў улады. Буйнымі землеўладальнікамі і чыноўнікамі станавіліся арабы, якія маглі пераймаць мясцовую мову, жаніцца на жанчынах-суахілі, але працягвалі атаясамліваць сябе з арабамі і захоўваць арабскую ідэнтычнасць. Нават багатыя гандляры і шэйхі суахілі імкнуліся пераймаць іх лад жыцця і аддаляліся ад суайчыннікаў. Арабізацыя закранула паўсядзённую культуру і мову суахілі.

Частка знаці суахілі выступіла супраць арабскай экспансіі. У другой палове XVIII — першай палове XIX ст. барацьбу супраць султаната ўзначальвалі кіраўнікі Мамбасы. Аднак яна скончылася паразай. Задушэнне супраціўлення суахілі суправаджалася заменай мясцовых кіруючых дынастый і буйных гандляроў арабамі.

Істотныя змены ў адносінах паміж суахілі і арабамі не адбыліся нават пасля ўсталявання пратэктаратаў Германіі і Вялікабрытаніі ў канцы XIX ст. Забарона гандлю рабамі, а потым і поўная адмена рабства нанеслі моцны ўдар па поспеху гандляроў, але не па землеўладальнікам-арабам. Многія суахілі ў пошуках дастатку працягвалі пакідаць прыбярэжныя тэрыторыі, шукалі працу ў цэнтральных раёнах Кеніі і Танзаніі.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Набыццё незалежнасці афрыканскімі краінамі ў другой палове XX ст. мела супярэчлівыя наступствы для лёсу культуры суахілі. Падчас рэвалюцыі 1964 г. на Занзібары былі вынішчаны амаль усе арабы і частка суахілі-землеўладальнікаў. У іншых краінах прадпрымальнікі-суахілі разглядаліся як памагатыя каланізатараў, таму адкрыта праследаваліся. Усталяванне новых дзяржаўных межаў перашкаджала развіццю кабатажнага суднаходства, якім займаліся жыхары ўзбярэжжа, а таксама раздзірала традыцыйныя сувязі паміж абшчынамі. Гэта прывяло да эміграцыі суахілі ў іншыя краіны. Адна з найбольшых груп суахілі ў нашы дні жыве ў Саудаўскай Аравіі.

З іншага боку, мова суахілі атрымала дзяржаўны статус у Кеніі і Танзаніі. Яе актыўна вывучаюць за межамі Афрыкі. У апошнія дзесяцігоддзі адбываецца абуджэнне цікавасці да гісторыі і культуры гэтага народа.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Пятніцкая мячэць на востраве Ламу

Суахілі традыцыйна жылі ў прыбярэжнай зоне Індыйскага акіяна, прычым значная частка — у гарадах. Таму асноўнымі заняткамі былі рамяство, гандаль, рыбалоўства і суднаходства. Жыхары гарадскіх ускраін і вёсак таксама практыкуюць земляробства, якое вельмі часта мае камерцыйную накіраванасць. Жывёлагадоўля атрымала толькі дапаможнае значэнне. Гадуюць кароў, аслоў, коз, але на астравах іх колькасць штучна абмяжоўваецца.

Прыкметным адрозненнем суахілі ад іншых суседзяў-афрыканцаў з’яўляецца развіццё рамяства. Суахілі — выдатныя суднабудаўнікі. У мінулым іх традыцыйныя лодкі доў хадзілі праз Індыйскі акіян у Аравію, Індыю, Зондскія астравы і нават у Кітай. У наш час доў выкарыстоўваюцца для кабатажнага суднаходства ўздоўж берагу. Рамеснікі Занзібара і архіпелага Ламу славяцца як выдатныя разьбяры, вырабляюць разьбяныя драўляныя дзверы, ліштву, хатнюю мэблю.

Разьбяныя дзверы, Занзібар

Населеныя пункты маюць выразную планіроўку. Жытлы будуюць з абпаленай цэглы або каралавых блокаў, фарбуюць у белы колер. Бэлькі і стрэхі робяць з мангравай драўніны. Жытлы месцяць шчыльна адно каля іншага, каб захаваць прастору ад сонечнай спякоты. Таму вуліцы вельмі вузкія, аднак забяспечаныя дрэнажнай сістэмай, што прадухіляе ад магчымых паводак. Асаблівы знешні выгляд маюць старыя мячэці і мінарэты дзіўнай выцягнутай формы. Некаторыя даследчыкі лічаць іх водгукам старажытнага звычаю шанавання фалічных сімвалаў.

Яшчэ ў пачатку XX ст. жанчыны апраналіся ў яркія каляровыя, а мужчыны — ў паласатыя баваўняныя тканіны. У нашы дні пад уплывам ісламскіх традыцый часцей выкарыстоўваецца белая вопратка для мужчын і чорная для жанчын. Жаночыя ўпрыгожванні з золата і срэбра, твар і пазногці фарбуюць хной.

Сем’і вялікія пашыраныя, маюць патрыярхальны характар. Распаўсюджана палігамія. Дарослыя мужчыны часцяком праводзяць час па-за сям’ёй, сумесна ладзяць святы і забавы. Жанчыны збіраюцца разам на пляжах або каля жытла. Сем’і аб’ядноўваюцца ў абшчыны па месцу жыхарства і паходжанню.

Паўсядзённая ежа — рыс, які вараць і багата прыпраўляюць спецыямі, а таксама падлівамі на аснове соку какосаў, мяса, рыбы і гародніны. Запіваюць вельмі салодкім чаем з малаком. На дэсерт ядуць садавіну. Мужчыны паляць тытунь і марыхуану (гл. Наркотык), а таксама жуюць бетэль.

Распаўсюджаны музычны стыль таараб, запазычаны з Аравіі, а таксама мужчынскія спевы з падвоеным сэнсам, у якіх звычайна славяцца доблесць і рамантычнае каханне.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова суахілі шырока ўжываецца не толькі народам суахілі, але таксама іншымі групамі афрыканцаў. З’яўляецца першай мовай для 3 415 чал.[5], дзяржаўнай у Кеніі і Танзаніі. Фактычна мае міжнародны характар.

Да пачатку XX ст. выкарыстоўвалася пісьмовасць на аснове арабскіх літар. У наш час пераважае лацінскі алфавіт.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Прыналежнасць да народа суахілі звычайна атаясамліваецца са спавяданнем ісламу.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]