Перайсці да зместу

Макурыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Макурыя
Сцяг
Сцяг
Хрысціянскія дзяржавы Нубіі
Хрысціянскія дзяржавы Нубіі
569 г. — 1397 г.

Сталіца Дангола
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Маку́рыя (араб. مقرة‎‎) — старажытная дзяржава на тэрыторыі Нубіі ў VI ст. — XIV ст.

Відавочна, заснавальнікамі Макурыі былі макурэі, нубійскае племя, ўзгаданае яшчэ Клаўдзіем Пталемеям[1]. Пасля заняпаду Мероэ ў IV ст. яны мелі магчымасць стварэння асобнай дзяржавы. Аднак у пісьмовых візантыйскіх крыніцах Макурыя ўзгадваецца толькі пад 569 (570) г. у сувязі з місіянерскай дзейнасцю там коптаў і іх канфліктам з эфіопскімі місіянрамі.

У 642 г. і 652 г. у дзвюх бітвах каля Данголы макурэі перамаглі арабаў і спынілі іх наступ на хрысціянскую Нубію. Паміж арабскім Егіптам і Макурыяй быў заключаны Бактскі мірны дагавор, паводле якога нубійцы абавязваліся штогод адпраўляць у Егіпет 300 рабоў, якія звычайна выкарыстоўваліся для ваеннай службы. Да Макурыі былі далучаны землі суседняй дзяржавы Набадыя.

З канца VII ст. у Данголе, дзяржаўным цэнтры Макурыі, ўзнаўляліся хрысціянскія касцёлы і кляштары. Найбольш актыўны перыяд будаўніцтва прыпаў на X - XI стст. Асноўнымі заняткамі мясцовага насельніцтва былі земляробства і жывёлагадоўля. Аднак тэхніка апрацоўкі зямлі амаль не змянілася з эпохі дзяржавы Куш. Макурыя з'яўлялася важным пасрэднікам у гандлі паміж арабскімі краінамі і трапічнай Афрыкай. У Егіпет з Макурыі везлі рабоў, рагатую жывёлу, слановую косць, страўсінае пер'е і г. д. Наўзамен пастаўляліся збожжа, тканіны, прадметы раскошы. У XII - XIII стст. Макурыя падтрымлівала сувязі з крыжацкімі дзяржавамі Блізкага Усходу, у Данголе бывалі генуэзскія гандляры.

Пасля ўсталявання ў Егіпце Мамлюкскага султаната адносіны з Макурыяй значна пагоршыліся. У 1275 г. султан Бейбарс I захапіў Ніжнюю Нубію. Давід, манарх Макурыі збёг у Алодыю, аднак быў схоплены і выдадзены мамлюкам. Трон у Данголе дастаўся яго брату Аляксандру, стаўленіку мамлюкоў. У 1286 г. дангольцы вызваліліся з-пад улады Аляксандра ў выніку паўстання. У канцы XIII - пачатку XIV ст. Макурыя працягвала існаваць як незалежная дзяржава. Аднак у 1317 г. Дангола зноў была захоплена мамлюкамі. Манарх быў вымушаны прыняць іслам, а галоўны хрысціянскі храм краіны быў пераўтвораны ў мячэць. У 1365 г. апошні валадар Данголы, што меў тытул кіраўніка Макурыі, быў забіты арабамі, а горад зруйнаваны і перанесены на поўнач. Апошняя звестка пра макурыйскую валадарскую дынастыю была застаўлена пад 1397 г.

Макурыя была манархічнай дзяржавай, паводле арабскіх крыніц — добра цэнтралізаванай. Дзяржаўны цэнтр знаходзіўся ў Старой Данголе. У VI ст. жыхары Макурыі прынялі хрысціянства. Першымі хрысціянскімі місіянерамі былі прадстаўнікі эфіопскай царквы, аднак у 569 (570) г. візантыйскія місіянеры схілілі валадара Макурыі прыняць коптскі абрад. На чале царкоўнай арганізацыі стаяў біскуп, які выступаў дарадцам манарха ў палітычных справах. Улада манарха перадавалася ад дзядзі да пляменніка, сына старэйшай сястры. Манарх выконваў некаторыя функцыі святара, праводзіў імшу.

Зноскі