Міхаіл Іванавіч Казарынаў
Міхаіл Іванавіч Казарынаў | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Аляксандр Пятровіч Фогель | ||||||
Пераемнік | Мікалай Мікалаевіч Галіневіч (1838—1889) | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
21 студзеня (2 лютага) 1835 |
||||||
Смерць |
12 (24) верасня 1885 (50 гадоў) |
||||||
Род | Казарынавы[d] | ||||||
Бацька | Іван Палікарпавіч Казарынаў | ||||||
Жонка | Эўфалія Ягораўна (Георгіеўна) фон Францэн (нар. каля 1843 г.) | ||||||
Веравызнанне | праваслаўе | ||||||
Узнагароды |
Міхаіл Іванавіч Казарынаў (руск.: Михаил Иванович Казаринов; 21 студзеня (2 лютага) 1835 — 12 (24) верасня 1885) — дваранін Расійскай імперыі, вайсковец, дзяржаўны дзеяч, землеўласнік. Мінскі гарадскі галава (1876—1880). Стацкі саветнік (1885).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Належаў да рускага праваслаўнага дваранскага роду Казарынавых, які не меў уласнага герба, бо паходзілі ад рускага праваслаўнага святара XVIII ст. Палікарпа Казарынава.
Міхаіл Іванавіч Казарынаў нарадзіўся 23 студзеня 1835 года ў сям’і рускага праваслаўнага афіцэра Івана Палікарпавіча Казарынава (1798—1852), які па нараджэнні належаў да святарскага саслоўя Расійскай імперыі, і яго першай жонкі Лізаветы Іванаўны — быў іх адзіным дзіцём. Па атрыманні вайсковага афіцэрскага чыну, Іван Палікарпавіч Казарынаў атрымаў спадчыннае дваранства Расійскай імперыі, што распаўсюдзілася на яго дзяцей. Другой жонкай Івана Палікарпавіча Казарынава была дачка купца 1-й гільдыі Рыгі Ганна Аляксандраўна Лявонцьева (нар. каля 1820): вянчанне адбылося 23 мая 1842 г. у Пятрапаўлаўскім саборы г. Рыгі, і ў другім шлюбе нарадзілася тры сыны і дзве дачкі.
Міхаіл Іванавіч Казарынаў быў хрышчаны ў праваслаўе 15 лютага 1835 г. у царкве Літоўскага лейб-гвардыі палка. Быў выхаванцам Дваранскага палка. Як і бацька, пайшоў на вайсковую службу. Служыў у 1853—1855 гг. у Маларасійскім грэнадзёрскім палку фельдмаршала графа Румянцава-Задунайскага, дзе Казарынаў быў з 1855 г. палкавым ад’ютантам. Удзельнічаў у Крымскай вайне (1853—1856). У 1856 г. атрымаў ордэн Св. Станіслава 3-й ступені, у 1857 г. — бронзавы медаль на Андрэеўскай стужцы ў памяць вайны 1853—1856 гг. У 1858—1859 гг. служыў у Фінляндскім драгунскім палку. 23 кастрычніка 1859 г. пайшоў у адстаўку па хваробе — са званнем штабс-капітана.
Атрымаў цёмна-бронзавы медаль на стужцы дзяржаўных колераў у памяць засмірэння польскага мяцяжу (1863—1864 гг.). У 1864—1866 гг. быў членам Мінскай паверачнай камісіі. У 1865 г. атрымаў ордэн Св. Станіслава 2-й ступені. У 1866—1868 гг. быў міравым пасрэднікам 3-га ўчастка Барысаўскага павета, а з 1868 г. — 1-га ўчастка Мінскага павета. Атрымаў знак адрознення «За пазямельнае ўладкаванне дзяржаўных сялян» (заснаваны 24 лістапада 1866 г.).
17 студзеня 1868 г. на аўкцыёне набыў маёнтак Буцэвічы (у Мінскім павеце) з 1088 дзесяцінамі зямлі, які быў раней канфіскаваны расійскай уладай ў двараніна-паўстанца Юліяна Янавіча Лапіцкага (1829—1894). На 1868 год меў прыбытак 2000 рублёў. 8 жніўня 1869 г. пастановай Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу Міхаіл Іванавіч Казарынаў быў запісаны ў дваранскую радаводную кнігу Мінскай губерні — у 2-ую частку. У 1877—1885 гг. жыў ва ўласным доме ў Мінску. У 1876—1880 гг. быў мінскім гарадскім галавой. У 1880 г. атрымаў чын калежскага асэсара.
У 1885 г. атрымаў чын стацкага саветніка. Памёр ў Мінску 12 верасня 1885 г[1].
Жонкай Міхаіла Казарынава была дачка надворнага саветніка Эўфалія Ягораўна (Георгіеўна) фон Францэн (нар. каля 1843 г.), праваслаўная, жыла ў 1886—1889 гг. у Мінску.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Новое время, № 3430 от 15(27).09.1885 (руск.). retronews.fr.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гербоўнік беларускай шляхты / Нацыянальны цэнтр па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Т. 8, ч. 1 : К (Каборды — Карэцкія) / [Я. С. Глінскі (кіраўнік), Д. Ч. Матвейчык, Ю. М. Снапкоўскі]. — Беларусь, 2022. — 926 с.