Мікалай Мікалаевіч Галіневіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Мікалаевіч Галіневіч
Мінскі гарадскі галава
1880 — 19.11.1889
Папярэднік Міхаіл Іванавіч Казарынаў (1835—1885)
Пераемнік граф Караль Эмерыкавіч Чапскі (1860—1904)

Нараджэнне 1 мая 1838(1838-05-01)
Мінск, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Смерць 19 лістапада 1889(1889-11-19) (51 год)
Мінская губерня, Расійская імперыя
Род Галіневічы
Бацька Мікалай Іванавіч Галіневіч (каля 1793— пасля 1840)
Маці Алена Янаўна Замбрыцкая
Жонка Марыя Феафілаўна Гольцберг (раней 1877—пасля 1890)
Веравызнанне праваслаўе
Член у

Мікалай Мікалаевіч Галіневіч (руск.: Николай Николаевич Голиневич; польск.: Mikołaj Holiniewicz; 1 мая 1838, Мінск, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 19 лістапада 1889, Мінская губерня, Расійская імперыя) — беларускі дваранін-маянтковец Расійскай імперыі, член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1876), мінскі гарадскі галава (1880—1889), фінансіст. Стацкі саветнік.

Паходжанне і сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 1 мая 1838 г. у Мінску (Мінская губерня, Расійская імперыя) у сям'і беларускага праваслаўнага двараніна Мікалая Іванавіча Галіневіча (каля 1793— пасля 1840) і яго жонкі Алены Янаўны Замбрыцкай, а 23 мая 1838 г. быў хрышчаны ў праваслаўе ў мінскім Кацярынінскім кафедральным саборы (былым Петрапаўскім саборы).

Належаў да беларускага праваслаўнага дваранскага роду Галіневічаў, які не меў уласнага дваранскага гербу, бо яшчэ ў канцы XVIII ст. у Расійскай імперыі Галіневічы належалі да святарскага саслоўя. Дзед Мікалая Мікалаевіча Галіневіча (1838—1889) Іван Галіневіч быў святаром. Бацька Мікалай Іванавіч Галіневіч (каля 1793— пасля 1840) скончыў праваслаўную Мінскую духоўную семінарыю, але не пайшоў служыць святаром, а 28 снежня 1815 г. быў прызначаны ў штат чыноўнікаў Мінскай казённай палаты на пасаду канцылярыста; у 1831 г. ужо даслужыўся да пасады губернскага казначэя Мінскай губерні і загадваў у 1831—1835 гг. маёмаснымі справамі іезуіцкіх маёнткаў у Мінскай губерні; атрымаў спадчыннае дваранства Расійскай імперыі.

Мікалай Мікалаевіч Галіневіч меў пяць братоў і чатыры сястры, сярод якіх вядомымі былі:

Мікалай Мікалаевіч Галіневіч вянчаўся шлюбам 31 ліпеня 1877 г. з лютэранкай Марыяй Феафілаўнай Гольцберг (?-1877—1890-?) у Мінску ў праваслаўным Кацярынінскім кафедральным саборы (былым Петрапаўскім саборы). Для Марыі Гольцберг гэта быў другі шлюб; першым яе мужам быў нейкі Кант.

Адукацыя, службовая, фінансавая і грамадская дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў курс навук у Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба Расійскай імперыі[2]. Паступіў на службу ў 1857 г.[2]

У 1870 г. упамінаецца як памочнік наглядчыка мінскага акруговага акцызнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Расійскай імперыі. У 1872—1880 г. быў міравым суддзёй 1-га ўчастка Мінскага павета з чынам тытулярнага, калежскага саветніка[3]. У 1873—1875 гг. упамінаецца як член Мінскага таварыства апекі аб хворых і параненых воінах.

20 жніўня (1 верасня) 1876 г., калі быў зацверджаны статут і было створана Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (1876—1921), стаў адным з яго заснавальнікаў і членаў[4].

У 1878 г. упамінаецца як гласны 1-га разрада мінскай гарадской думы, а ў 1878—1880 гг. — як адзін з дырэктараў Мінскага губерскага камітэта таварыства апекавання турмаў.

У 1880—1889 гг. быў мінскім гарадскім галавой, стацкі саветнік. Карыстаўся даверам і падтрымкай мясцовых расійскіх улад[5]. Працягваў мадэрнізацыю гарадской гаспадаркі, пачатую яшчэ мінскім гарадскім галавой Леапольдам Дэльпацэ[5]. Так, ужо ў 1886 г. Мінск меў самую вялікую даходную частку гарадскога бюджэту сярод іншых губернскіх гарадоў беларускіх губерняў Расійскай імперыі[5].

У 1883 г. мінскі гарадскі галава Мікалай Мікалаевіч Галіневіч быў хросным бацькам Яўгену Іванавічу Барычэўскаму (1883—1934) па праваслаўным абрадзе ў мінскім кафедральным саборы. Паводле мінскага краязнаўцы і экскурсавода Вадзіма Ісакавіча Зелянкова, сярод іншага Мікалай Мікалаевіч Галіневіч адыграў значную ролю ў будаўніцтве новага будынка мінскага гарадскога тэатра, бо яму належаў вялікі ўчастак на канцы вуліцы Падгорнай (цяпер месца па адрасе вуліца Карла Маркса, дом 42)[6].

У 1884—1885 гг. упамінаецца як член Рады Мінскага таварыства дабрачыннасці, а ў 1888—1889 гг. — як ганаровы член мінскага аддзела Расійскага таварыства апекавання жывёл (з 1884 г.) і адзін з дырэктараў Мінскага таварыства ўзаемнага крэдыту (пры старшыні Вінцэнту Цыпрыянавічу Бжразіцкім).

Маёмасць[правіць | правіць зыходнік]

Быў вельмі заможны, адносіўся да латыфундыстаў — меў значныя зямельныя маёнткі і ўчасткі зямлі ў розных паветах Мінскай губерні: у першую чаргу буйны маёнтак Бабоўе (Бабруйскі павет — 14 183 дзесяціны), маёнтак Замошы (5 857 дзесяцін), маёнтак Месціна (Ігуменскі павет — 967 дзесяцін), а таксама невялікія зямельныя валоданні ў вёсках Логвішча (куплены ў 1875 г. у Койданаўскай воласці Мінскага павета — 215 дзесяцін), Віцькоўшчына-Казіміраўка (65 дзесяцін), Боркі (593 дзесяціны), Грычын (65 дзесяцін), Селец (140 дзесяцін), Ляонпаль (377 дзесяцін).

Валодаў у Мінску «домам Галіневіча» (на вуліцы Падгорнай), дзе ён сам жыў. Паводле слоў мемуарыста-сучасніка Уладзіміра Медама, пасля смерці Мікалая Мікалаевіча Галіневіча дом атрымаў у спадчыну яго брат (хутчэй за ўсё, Пётр Мікалаевіч Галіневіч (1836—пасля 1917)), які спачатку здаваў дом у наём, а пасля прадаў яго новаму мінскаму гарадскому галаве (1890—1901) графу Каралю Эмерыкавічу Чапскаму (1860—1904). Паводле слоў Медама, дом Галіневіча "быў адзін з найпрыгажэйшых дамоў, калі не самы цудоўны, ва ўсім Мінску"[6][7].

Смерць і пахаванне[правіць | правіць зыходнік]

Заўчасна памёр 19 лістапада 1889 г. Яго ўдава ў 1890 г. хадайнічала ў расійскіх улад аб выдачы пасведчання на права свабоднага пражывання ў любым месцы Расійскай Імперыі.

Зноскі

  1. У 1917 годзе нашчадак Рурыка і іншыя магнаты Меншчыны абвясьцілі сябе беларусамі
  2. а б Памятная книга Минской губернии на 1878 г. — С. 157.
  3. Памятная книга Минской губернии на 1880 г. — С. 156.
  4. Памятная книга Минской губернии на 1880 г. — С. 127.
  5. а б в Шыбека, З.В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск, 2007. — С. 31.
  6. а б Дом Голиневича
  7. ДОМ ГОЛИНЕВИЧА

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Адреса членов Минского общества сельского хозяйства. ― Минск : Паровая типолит. Х. Дворжец, [1889―1897?]. ― 34 с.
  • Гербоўнік беларускай шляхты / Нацыянальны цэнтр па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Т. 4 : Г / [Дз. Ч. Матвейчык (кіраўнік) і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2016. — 959 с.
  • Памятные книжки Минской губернии на 1870—1889 гг.
  • Список землевладельцев Минской губернии, 1888 г. — Минск : Минский Губернский Статистический Комитет, 1889 г. — 419 с.
  • Залівака, А. Спіс землеўладальнікаў Менскага павета / Аляксандр Залівака. — Мінск : НАРБ, 2005. — 99 с.
  • Шыбека, З.В. Минскъ сто гадоў таму / З.В. Шыбека. — Мінск : Беларусь, 2007. — 303 с.