Юліян Янавіч Лапіцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юліян Янавіч Лапіцкі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1829(1829)
Месца нараджэння Бачэйкава, Лепельскі павет, Віцебская губерня, Расійская імперыя
Дата смерці 18 верасня 1894(1894-09-18)
Месца смерці
Грамадзянства Расійская імперыя
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці
Кірунак пазітывізм

Юліян Янавіч Лапіцкі (польск.: Julian Łapicki; 1829, Бачэйкава, Лепельскі павет, Віцебская губерня, Расійская імперыя18 верасня 1894, Гідлі, Наварадамскі павет, Петракоўская губерня, Расійская імперыя) — каталіцкі дваранін-землеўласнік Расійскай імперыі, эканаміст, крытык, публіцыст, міравы пасрэднік Мінскага павета, удзельнік Студзеньскага паўстання (1863—1864). Пазітывіст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да шляхецкага (дваранскага) роду Лапіцкіх. Нарадзіўся ў 1829 г. маёнтку Бачэйкава Лепельскага павета Віцебскай губерні Расійскай імперыі ў каталіцкай шляхецкай (дваранскай) сям'і Яна Яўхімавіча Лапіцкага і яго жонкі Юліі. Пазней разам з бацькамі пераехаў у фамільны маёнтак БуцэвічыМінскім павеце Мінскай губерні).

Скончыў мінскую класічную гімназію са срэбным медалём. Пазней скончыў фізіка-матэматычны (прыродазнаўчы) факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.

Пасля атрымання адукацыі пасяліўся ў фамільным маёнтку Буцэвічы, які ён атрымаў у спадчыну ад бацькі. Вёў гаспадарку на высокім узроўні, быў адным з першых, хто ўвёў севазварот у гэтым раёне. У гэты ж перыяд ён пабудаваў плуг, які атрымаў узнагароду на сельскагаспадарчай выстаўцы ў Варшаве. Прымаў актыўны ўдзел у абмеркаванні сялянскага пытання і аграрнай рэформы (1861) у Расійскай імперыі. У сувязі з гэтым ён быў выбраны ў 1861 г. на пасаду міравога пасрэдніка ў 2-й акрузе Мінскага павета. Пасля двух гадоў працы на гэтай пасадзе, ён падаў у адстаўку ў чыне калежскага рэгістратара. Ён быў сузаснавальнікам Літоўскага таварыства сельскай гаспадаркі і сааўтар статуту Віленскага крэдытнага таварыства.

Быў ініцыятарам пастаноўкі невядомага па назве фарсу-вадэвілю, які ставіўся ў тэатры ў Мінску (да 1863 года).

У час Студзеньскага паўстання (1863—1864) быў западозраны расійскімі ўладамі ў "палітычнай нядобранадзейнасці". Ніякіх падрабязнасцей аб удзеле Юліяна Лапіцкага ў паўстанні не мелася, але ў 1863 г. Юліян Лапіцкі быў высланы “адміністрацыйным парадкам” пад нагляд паліцыі ў Тамбоўскую губерню. Братам Юліяна быў Гектар Янавіч Лапіцкі (1829/1830—1904), паўстанцкі начальнік Мінскага ваяводства ў часы Студзеньскага паўстання (1863—1864) і ўласнік маёнтка Пціч у Мінскім павеце.

За ўдзел Юліяна Лапіцкага ў Студзеньскім паўстанні (1863—1864) яго зямельная маёмасць на падставе ўказу ад 10 снежня 1865 г. павінна была быць прададзена: Буцэвічы былі канфіскаваны расійскімі ўладамі. 17 студзеня 1868 г. на аўкцыёне маёнтак Буцэвічы (у Мінскім павеце Мінскай губерні) з 1088 дзесяцінамі зямлі быў набыты адстаўным рускім афіцэрам Міхаілам Іванавічам Казарынавым (1835—1885).

У 1867 г. Юліян Лапіцкі з Тамбоўскай губерні пераехаў у Варшаву, бо, верагодна, яму расійскімі ўладамі было забаронена вяртацца ў Заходні край, і там Лапіцкі заняўся публіцыстычнай працай: стаў вядомым крытыкам і публіцыстам, які часта публікаваўся ў варшаўскай прэсе. У наступныя гады ён быў адміністратарам маёнтку Крушына — зямельнага валодання князя Яўгена Любамірскага. Затым Юліян Лапіцкі набыў невялікі зямельны маёнтак у вёсцы Гідлі (Наварадамскі павет Петракоўскай губерні Расійскай імперыі), каб пасяліцца там назаўжды.

У Гідлях вёў актыўную публіцыстычную і даследчую дзейнасць, прысвечаную эканамічнаму становішчу польскіх губерняў Расійскай імперыі. У сваіх працах ён паказваў неабходнасць аздараўлення эканамічных адносін польскіх губерняў і абароны іх інтарэсаў ад палітыкі расійскіх улад. Даследаваў розныя аспекты вясковага жыцця польскіх сялян ў першыя некалькі дзесяцігоддзяў пасля вызвалення сялян ад прыгону. Юліян Лапіцкі быў адным з першых, хто падкрэсліў важнасць аграрнай вытворчасці польскіх сялян для ўсёй эканомікі польскіх губерняў Расійскай імперыі, указаў на значныя магчымасці для развіцця дробных фермерскіх гаспадарак, тым самым спрыяючы паслабленню супраціву супраць парцэляцыі зямельных гаспадарак. Акрамя таго, Лапіцкі шмат увагі надаваў развіццю справы лясной гаспадаркі ў апошняй чвэрці XIX ст. у літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх губернях Расійскай імперыі. Быў пазітывістам.

За сваё жыццё ніколі не жаніўся. Памёр 18 верасня 1894 г. у маёнтку Гідлі Наварадамскага павета Петракоўскай губерні Расійскай імперыі.

Галоўныя публікацыі[правіць | правіць зыходнік]

  • Rozbiór krytyczny fizyologii powszechnej J. Supińskiego // „Gaz. Pol.”, 1868.
  • Rozbiór krytyczny filozofii natury d-ra Levittoux // „Gaz. Pol.”, 1869.
  • Wielka i mała własność ziemska w Królestwie Polskim // „Ateneum”, 1877.
  • Służebności włościańskie // „Ateneum”, 1878.
  • Gospodarstwo leśne w guberniach zachodnich // „Upominek wileński. Pismo zbiorowe poświęcone J. I. Kraszewskiemu”, Wil., 1880.
  • Szkoły elementarne w Królestwie Polskim // „Niwa”, 1880.
  • Ideały doktrynerów // „Niwa”, 1881.
  • Stosunki gminne w Królestwie Polskim // „Ateneum”, 1881.
  • Pług, zasady jego budowy // „Gaz. Roln.”, 1883.
  • Siły produkcyjne wielkich i małych gospodarstw // „Ateneum”, 1883.
  • Pług: zasady jego budowy jako wiadomości niezbędnie dla gospodarstw wiejskich, czego od pługa wymagać należy / przez Jul. Łapickiego. — Warszawa : Drukrania Noskowskiego, 1883. — 72 s.
  • Upominek wileński: pismo zbiorowe poświęcone Józefowi Ignacemu Kraszewskiemu na pamiątkę pięćdziesięcioletniéj rocznicy jego zawodu literackiego / [autorzy: Jakób Kazimierz Giejsztor [et al.]. — Wilno : Nakładem i drukiem Józefa Zawadzkiego, 1879. — 271 s.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]