Нагай

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нагай
Нараджэнне XIII стагоддзе
Смерць 1300
Род Джучыды[d]
Жонка Еўфразіна Палеалагіня[d]
Дзеці Чака[d][1]
Веравызнанне іслам
Дзейнасць стваральнік каралёў
Званне генерал
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Нага́й, Ісу-Нагай, Накай (татар.: Nuğay, Нугай, манг.: Ногай; 1235/1240[2] — 1300) — золатаардынскі беклярбек, кіраўнік самага заходняга ўлуса Залатой Арды (на тэрыторыі ад левага берага Дуная да Днястра, стаўка каля сучаснага горада Ісакча[крыніца?] на Дунаі). З 1270-х гг. і да сваёй смерці падпарадкоўваўся ханам Сарая. Васальную залежнасць ад яго прызналі Балгарыя і Сербія, а таксама ўсе паўднёвыя і частка паўночна-ўсходніх рускіх княстваў[2]. Быў у шлюбе з Ефрасінняй — пазашлюбнай дачкой візантыйскага імператара Міхаіла VIII Палеалога[2].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Нагай нарадзіўся, верагодна, паміж 1235 і 1240 гадамі[2]. Ён быў сынам Татара (Тутара), унукам Бувала (Тэвала), сёмага сына Джучы.[3] Паводле меркавання М. І. Весялоўскага, толькі пяць сыноў Джучы былі законнымі, а нашчадкі астатніх не маглі прэтэндаваць на ханскую ўладу, гэта ж тычыцца і Нагая[4], аднак прамых указанняў на гэта ў крыніцах няма.

Узвышэнне[правіць | правіць зыходнік]

Бітва на Цераку. Мініяцюра з «Вертаграда гісторый краін Усходу» Хетума Патміча. Рукапіс пачаў XV стагоддзя, Францыя

Першая згадка ў крыніцах пра Нагая датуецца пачаткам войнаў паміж Джучыдамі і Хулагуідамі. У жніўні 1262 года ён, у якасці камандуючага 30-тысячным авангардам ардынцаў, уварваўся ў Шырван праз Дэрбенцкі праход і праз два месяцы разбіў авангард хулагуідскай арміі пад камандаваннем Шырэмун-наёна каля Шэмахі. Але 14 лістапада ён пацярпеў каля Шаберана паражэнне ад войскаў Абатай-наёна, які пераследваў яго на працягу дванаццаці дзён і вымусіў адступіць да Дзербента. Увесь дзень 8 снежня войска Нагая ўтрымлівалі крэпасць, але пад напорам хулагуідаў да вечара пакінулі Дзербент і адышлі за Церак на злучэнне з асноўнымі сіламі Берке. Шырэмун і Абатай, злучыўшыся з Абагам, сынам Хулагу, перайшлі Церак і захапілі лагер і абозы войскаў Нагая. Берке арганізаваў контрнаступленне, і 13 студзеня 1263 года на беразе Церака хулагуідская армія пацярпела паражэнне, мноства воінаў пры адступленні правалілася пад тонкі лёд ракі.

У ліпені 1265 джучыдскія сілы на чале з Нагаем, фарсіраваўшы Куру, уварваліся ў Закаўказзе. 19 ліпеня войска Нагая было разбіта Юшумутам, братам Абагі, пры Аксу і адступіла на поўнач, у Шырван. Паводле звестак Рашыд ад-Дзіна, у выніку ранення дзідай у гэтай бітве Нагай страціў вока; паводле Бадр ад-Дзіна аль-Айні, гэта адбылося двума гадамі раней у бітве на Цераку.

На чале ўлуса[правіць | правіць зыходнік]

Адклаўшыся ад Залатой Арды, Нагай каля 1270 года перавандраваў да паўночных берагоў Чорнага мора, а потым у нізоўе Дуная, адкуль, рассылаючы свае войскі ў розныя бакі, наводзіў страх на Візантыю і Балгарыю. Разбіты Нагаем, імператар Міхаіл Палеалог выдаў за яго сваю пазашлюбную дачку Ефрасінню (1273)[5]. Нагай кіраваў выбарамі князёў балгарскіх і нават адзін час спрабаваў авалодаць усёй Балгарыяй.

Першыя звесткі пра Нагая ў рускіх летапісах (Галіцка-Валынскім)[5] датуюцца 1277 годам, калі ён звярнуўся з прапановай саюза да Уладзіміра Васількавіча Валынскага, Льва Данілавіча Галіцкага і Мсціслава Данілавіча Луцкага і правёў з імі сумесны паход на Літву. У 1279 годзе Леў Данілавіч пры дапамозе яго войскаў спрабаваў захапіць Сандомеж.

У 1283 годзе Нагай прыняў у сябе Дзмітрыя Аляксандравіча, выгнанага з Паўночна-Усходняй Русі сваім малодшым братам з дапамогай войскаў волжскай Арды ў час барацьбы за вялікае ўладзімірскае княжанне, і вярнуў яму прастол. У тым жа годзе адзін з баскакаў Нагая, Ахмат, за прыгнёт жыхароў курскай зямлі быў разбіты Святаславам, князем ліпецкім. Войска Нагая, якія з’явіліся на наступны год, спустошылі Пасем'е.

У 1288 (ці 1291) Леў і Мсціслаў Данілавічы суправаджалі Нагая ў яго паходзе на Польшчу.

Каля 1291 года, калі сіла Нагая карысталася ўжо ўсеагульным прызнаннем, ён узвёў на золатаардынскі прастол Тахту. У 1293 годзе Нагай паслаў супраць Дзмітрыя Аляксандравіча раць пад камандаваннем Дзюдзеня, брата Тахты, якая спусташыла Паўночна-Усходнюю Русь.

У 1299 годзе Тахта злучыўся з сынамі Нагая і разбіў яго на берагах Буга. Нагай, паранены, бег і неўзабаве быў забіты (1300).

Зноскі

  1. Lundy D. R. The Peerage
  2. а б в г Вернадский Г. В. Монголы и Русь. — Тверь, М., 1997.
  3. Рашид ад-Дин. Сборник летописей. — М., Л.: Издательство АН СССР, 1960. — Т. 2. — С. 75.
  4. Веселовский Н. И. Хан из темников Золотой Орды Ногай и его время. — С. 3.
  5. а б В. Р—в. Ногай // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]