Нагайцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Нагайцы
(ногайлар)
Nogai girls (beginning of XX century).jpg
Фота пач. XX ст.
Агульная колькасць 114 тыс. (2014 г.)
Рэгіёны пражывання Flag of Russia.svg Расія — 102 тыс.

Flag of Romania.svg Румынія — 11 тыс.
Flag of Ukraine.svg Украіна — 0,4 тыс.
Flag of Kazakhstan.svg Казахстан — 0,4 тыс.
Flag of Uzbekistan.svg Узбекістан — 0,2 тыс.
Flag of Belarus.svg Беларусь — 0,008 тыс.

Мова нагайская
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы казахі, каракалпакі, крымскія татары

Нага́йцы (саманазва: ногайлар) — цюркскі народ. Насяляе рэгіёны Паўночнага Каўказа і Паўночнага Прычарнаморра. Агульная колькасць (2014 г.) - каля 114 тыс. чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Продкамі нагайцаў былі розныя цюркскія і мангольскія групы — вусуні, уйгуры, кыпчакі, булгары, керэіты, дурмены і інш.[2], якія качавалі ў познім сярэднявеччы паміж Волгай і Уралам[3]. Назва нагайцаў паходзіць ад так званай "краіны Нагая" — паўднёвых стэпавых раёнаў Усходняй Еўропы, падначаленых залатаардынскім ханам Нагаем (XIII ст.)

У XV ст. са складу Залатой Арды вылучылася асобная Нагайская Арда. У сярэдзіне XVI ст. яна была саслаблена ў выніку сутычак з казахамі і эпідэмій, што вымусіла насельніцтва пакідаць міжрэчча Волгі і Урала і сяліцца ў стэпах на поўнач ад Каўказа. У 1557 г. Нагайская Арда апынулася ў залежнасці ад Івана Грознага. Гэта выклікала раскол сярод правадыроў. Частка нагайцаў адкачавала ў стэпы Паўночнага Прычарнамор'я. У 1634 г. дзяржава нагайцаў на рацэ Урал была канчаткова разгромлена калмыкамі. Рэшткі нагайцаў пакінулі гэтыя мясціны і адкачавалі на Паўночны Каўказ.

8 красавіка 1783 г. Кацярына II ліквідавала самастойнасць нагайскіх аб'яднанняў. Быў падрыхтаваны ўказ аб гвалтоўным перасяленні іх за Урал. У адказ нагайскія правадыры паднялі паўстанне, задушанае Аляксандрам Суворавым. У выніку рэпрэсій загінула каля 500 тысяч чалавек, у тым ліку ўсе буйныя правадыры, каля 1 мільёна нагайцаў перасялілася ў Асманскую імперыю[4]. Канчатковае падначаленне нагайскіх родаў Расіяй адбылося толькі ў пачатку XIX ст. Спробы расійскай адміністрацыі ў 1808 г. гвалтоўна прымусіць нагайцаў да аселасці выклікалі новы зыход 3000 чалавек у Асманскую імперыю[5]. У канцы Каўказскай вайны ў 1860 - 1862 гг. адбыўся трэці зыход нагайцаў з Расійскай імперыі (каля 50 тысяч чалавек). Разам з гэтым, царскія ўлады прыцягвалі нагайцаў для ваеннай службы. Нагайцы ўдзельнічалі ў складзе расійскіх войск у вайне 1812 г., Крымскай вайне, I Сусветнай вайне. Нагайцы ахоўвалі расійскага імператара.

Ужо ў XIX ст. нагайцы паступова пераходзілі да аселага ладу жыцця. Аднак галоўныя змены ў іх культуры і эканамічным жыцці адбыліся ўжо ў савецкі час, асабліва пад ціскам калектывізацыі. У 1928 г. у складзе Дагестана быў створаны Нагайскі раён. Нагайскія нацыянальныя раёны ў канцы 1920-ых — пачатку 1930-ых гг. таксама існавалі ў складзе Украіны. Хаця ў гады сталінскіх рэпрэсій не прымалася асобнага рашэння аб дэпартацыі нагайцаў як цэлага народа, яго прадстаўнікі прымусова высяляліся з карэнных месцаў пражывання ў Крыме, некаторых раёнаў Каўказа.

У 1957 г. Нагайскі стэп быў адміністрацыйна падзелены паміж Стаўрапольскім краем, Дагестанам і ЧІАССР[6]. У 2007 г. быў створаны асобны Нагайскі раён у складзе Кабардзіна-Балкарыі. У 2011 г. сход нагайцаў Расіі запатрабаваў самавызначэння нагайскага народа ў межах адзінай нацыянальнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі[7].

Нашчадкі нагайцаў, што перасяліліся ў Асманскую імперыю, у нашы дні жывуць пераважна на тэрыторыі Турцыі і Румыніі. У выніку асіміляцыі многія з іх далучыліся да блізкіх па мове, культуры і рэлігіі татар і туркаў.

Рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

У нашы дні большасць нагайцаў жыве ў наступных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі (згодна перапісу 2010 г.)[8]:

У Румыніі нагайцы жывуць пераважна ва ўсходніх раёнах краіны[9]. У астатніх краінах шчыльна заселеных тэрыторый не маюць.

У 2009 г. у Беларусі жыло 8 нагайцаў[10].

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Нагайцы здаўна займаліся качавой і адгоннай жывёлагадоўляй. Трымалі авечак, коз, кароў, вярблюдаў і канёў. Згадванні пра земляробства сустракаюцца з XIV ст.[11] Шырока практыкаваліся паляванне і рыбалоўства. Распаўсюджаныя рамёствы — вытворчасць тканін і лямцу, вопраткі і дываноў, апрацоўка скуры[12]. Важную ролю для развіцця гаспадаркі меў гандаль. У міжваенны перыяд у сувязі з калектывізацыяй большасць нагайцаў перайшла да аселага ладу жыцця, стала займацца стойлавай жывёлагадоўляй і земляробствам[13]. Сучасная гаспадарка нагайцаў Карачаева-Чаркесіі мае большую прапорцыю земляробства, чым гаспадарка жыхароў Нагайскага стэпу. Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры — пшаніца, кукуруза, авёс, сланечнік, гародніна.

Качавыя нагайцы жылі ў мабільных будах-кібітках, што падзяляліся на вялікія разборныя тэрмэ і малыя неразборныя атаў. Кібіткі ладзілі з драўляных клецяў, якія прымацоўваліся адна да іншай скуранымі рамнямі, а потым крыліся лямцам. Уверсе застаўлялі адтуліну для дыму. У цэнтры кібіткі размяшчалі агмень, у глыбіні — спальнае месца. У вялікіх кібітках мелася адгароджанае месца для нованароджаных жывёл. Звычайна качавое паселішча кыыг складала 40 - 60 кібітак. На адным месцы яно знаходзілася прыкладна мясяц, пасля чаго перакачоўвала ў іншы раён, таму ў кібітках захоўвалі рэчы, пераважна прыдатныя для хуткага транспартавання. У XIX ст. у сувязі з пераходам да аселасці з'явіліся сталыя паселішчы з правільнай планоўкай і хатамі з сырой цэглы.

У XIX - пачатку XX стст. у нагайцаў існавалі прыкладна аднолькавыя тыпы вопраткі, што тлумачыцца кліматычнымі ўмовамі, агульнымы гістарычнымі традыцыямі і гандлёвымі сувязямі. Часцей за ўсё карысталіся хатнімі ваўнянымі тканінамі. Праз гандлёвае прадстаўніцтва ў Бухары або праз расійскія землі куплялі індыйскія і сярэднеазіяцкія баваўняныя і шаўковыя тканіны. Мужчыны насілі тунікападобную кашулю і шырокія штаны, зацягнутыя на поясе тасьмой і абшытыя ўнізе скурай. Зверху апраналі архалук, бурку, узімку — футра з мехам знутры, улетку — халат. Жаночая вопратка была больш разнастайнай, але таксама ўключала кашулю і штаны, шматлікія віды футраў, шапак, хустак і інш.[14][15]

Традыцыйная кухня ўключае разнастайныя стравы з мяса, малака і некаторых іншых прадуктаў (мука, крупы, гародніна)[16]. Распаўсюджаны супы, поліўкі, мучныя вырабы, у тым ліку хінкал (прэснае цеста, зваранае ў булёне). Найбольш распаўсюджаны напой — чай шай, у які часцяком дадаюць малако, вяршкі, масла, таксама п'юць кумыс, айран, малочную гарэлку аракы, бузаалкагольны напой з проса.

Сярод нагайцаў пераважаюць малыя нуклеарные сем'і, хаця ў XIX ст. сярод нагайцаў-земляробаў і часткова жывёлагадоўцаў існавалі і вялікія пашыраныя сем'і. У XV - XVIII стст. сфарміравалася дастаткова складаная сістэма племянных і сацыяльных адносінаў. Пасля заняпаду адзінай дзяржавы нагайцы падзяляліся на шэраг аб'яднанняў — Кубанскую Арду, Едысанскую Арду, Едышкульскую Арду, Джэмбайлукаўскую Арду, Буджакскую Арду[17]. Яны ў той ці іншай ступені да канца XVIII ст. залежылі ад Расійскай імперыі і Крымскага ханства. Орды ў сваю чаргу падзяляліся на больш дробныя рода-племянныя групоўкі. Так, сярод ўсходнекаўказскіх нагайцаў існаваў падзел на чатыры племені, кожнае племя — на чатыры аксакальства, акасакальствы — на асобныя аулы. На чале племені стала пяць выбраных старшынь[18]. Грамадства не мела сацыяльнай роўнасці. Вылучаліся прывілігіраваныя роды, якія займаліся кіраваннем. На чале кожнай арды стаяў пажыццёва выбраны вайскавод — хан. Ён мог мець тытул султана, калі знаходзіўся ў сваяцкай сувязі з крымскімі ханамі, і князя-бія. Тытул бія даваўся звонку — крымскімі ханамі або расійскімі ўладамі. Часам рэчаісная ўлада належыла намесніку хана сераскер. Хана выбіралі з ліку мурз. Мурзы складалі найбольш шматлікую высакародную групу. Лічылася, што ўсе мурзы паходзяць ад манголаў-стваральнікаў Залатой Арды. Да пачатку XIX ст. вылучыліся дробныя феадалы уздзень або кайбыш, што набывалі прывілегіі ад ханаў у выніку войн. У XIX ст. міграцыя значнай часткі нагайцаў у Асманскую Порту, аселасць і ваенная кар'ера ў расійскай арміі прывяла да пэўных змен, калі тытул бія даваўся служылым мурзам і не забяспечваўся абавязковай уладай. Большасць нагайцаў складалі асабіста свабодныя абшчыннікі аслан бійкэ, але меліся залежныя ад феадалаў ёлы кул. Акрамя таго, некаторыя сем'і валодалі рабамі ёлсыз кул, што папаўняліся з ліку ваеннапалонных.

Нагайцы маюць багаты фальклор, прадстаўлены эпічнымі і лірычнымі казаннямі, легендамі, афарызмамі, прыпеўкамі, святочнымі песнямі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Нагайская мова — цюркская. У нашы дні падзяляецца на 3 буйныя дыялекты. Да 1928 г. запісы вяліся арабскай графікай. У 1928 - 1938 гг. карысталіся лацінкай. З канца 1930-х гг. пісьмо на аснове кірыліцы. На нагайскай мове ў Расіі выдаюць 2 газеты.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў-нагайцаў — мусульмане-суніты. Захоўваюцца некаторыя святочныя абрады і замовы, якія, як мяркуюць, могуць мець старажытнае паганскае паходжанне.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Nogai
  2. Ибрагимов М.-Р., Ногайцы. // Народы России: Энциклопедия. / Главный редактор В. А. Тишков. - М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994. C. 256
  3. Происхождение ногайцев
  4. 1 октября 1783 году произошел геноцид ногайского народа по приказу Суворова
  5. Степь, где ногайские татары кочуют
  6. А.А. Ткаченко, История депортации народов России
  7. Ногайцы требуют автономию
  8. Национальный состав населения по субъектам Российской Федерации
  9. Nogai, Nogay in Romania
  10. Белстат
  11. Хозяйство
  12. Ибрагимов М.-Р. Ногайцы. // Народы и религии мира. Энциклопедия. - М., 2000, с. 384 - 385.
  13. Современное хозяйство ногайцев. Быт и семейные отношения
  14. Мисиду Султанова, Традиционная одежда ногайцев в XIX-начале XX века
  15. Керейтов, P. X.. Ногайцы. Особенности этнической истории и бытовой культуры
  16. Приоритеты ногайской пищи
  17. Ялбулганов А., Ногайцы Северного Кавказа в XVIII-первой половине XIX в. (проблемы социально-экономического строя): автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата наук. - М.: РОССИЙСКАЯ АКАДЕМИЯ НАУК, ИНСТИТУТ РОССИЙСКОЙ ИСТОРИИ, 1995
  18. Ногайцы: характеристика, хозяйство до революции