Перайсці да зместу

Уладзімір Васількавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Уладзімір-Іван Васількавіч)
Уладзімір Васількавіч
Сцяг Князь валынскі
1269 — 1288
Папярэднік Васілька Раманавіч
Пераемнік Мсціслаў Данілавіч

Нараджэнне 1249
Смерць 10 снежня 1288
Род Раманавічы[d]
Бацька Васілька Раманавіч
Маці Dubrawka of Masovia[d]
Жонка Вольга Раманаўна Бранская
Дзеці дачка Ізяслава
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уладзімір Васількавіч (таксама Уладзімір-Іван Васількавіч; 1249 ці 1250 — 10 снежня 1288) — сын Васілька Раманавіча, князь Валынскі.

Заняў сталец у 1269 годзе пасля смерці бацькі. У 1273 годзе ён ваяваў з яцвягамі, якіх прымусіў прасіць міру. Барацьба ўспыхнула з новай сілай у 12731274 гадах і скончылася «перамогаю і гонарам вялікім». Калі ў 1279 годзе, падчас голаду, яцвягі прасілі яго: «не патруці нас, але перакармі» — ён ім прадаў жыта.

У 1274 годзе Уладзімір вымушаны быў ваяваць з літоўскім князем Трайдзенем, які пустошыў уладзімірскія воласці, помсцячы Уладзіміру, па словах летапісца, за тое, што бацька яго забіў трох братоў Трайдзеня. Праз некаторы час ворагі прымірыліся. Аднак у наступным годзе мірнае пагадненне было парушана. Уладзімір, яго стрыечны брат Леў I Галіцкі разам з ханам Нагаям распачалі ваенныя дзеянні з Вялікім Княствам. Уладзімір выступіў спачатку да Наваградка, а пасля да Горадні. Паход аднак не дасягнуў канчатковай мэты з-за сварак і адсутнасці адзінства ў стане саюзнікаў.

Уладзімір паўтарыў паход на горад у 1277 годзе разам з князямі Мсціславам і Юрыем, але і на гэты раз саюзнікаў напаткала няўдача. Перабежчык паведаміў гарадзенцам пра бязладдзі ў варожым войску, якія направілі на яго дружыну прусаў. Прусы адных пабілі, другіх узялі ў палон. На наступны дзень галіцка-валынскія князі штурмавалі Горадзен. Як паведамляе летапіс, абаронцы горада «аки мертва стояша на забролях города». Такога адпору нападаючыя не чакалі і сталі прасіць міру, «како города им не имати», ды зышлі прэч: «городу не вспеша ничего же тако возвратит а во свояси». Лічыцца, што з гэтага часу Горадзен канчаткова ўвайшоў у склад ВКЛ.

У наступныя гады здзейсніў шэраг паходаў на Польшчу: у 1283 і 1286 гадах. У венгерскі паход 1285 года Уладзімір не пайшоў з-за хваробы ног.

Летапіс характарызуе яго як кнігалюба і шырока адукаванага чалавека: ён «глаголаше ясна ад кніг, зане бысть філосаф вялікі» (Іпацьеўскі летапіс ад 1288 г.).

Не маючы нашчадкаў, Уладзімір адпісаў «зямлю сваю ўсю і гарады» луцкаму князю Мсціславу Данілавічу. Захаваныя ў летапісным тэксце, верагодна, не цалкам, дзве граматы Уладзіміра з’яўляюцца найстаражытным узорам княжых духоўных грамат. Памёр Уладзімір у канцы 1288.

Князь Уладзімір Васількавіч лічыцца заснавальнікам Каменца, па яго загаду пабудавана славутая Камянецкая вежа. У горадзе за 200 метраў ад вежы пастаўлены помнік князю-заснавальніку.

Зноскі