Н’янгатом
Н'янгатом (Inyangatom, ንያንጋቶም) | |
Агульная колькасць | 53000 (2021 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Паўднёвы Судан Эфіопія |
Мова | н'янгатом |
Рэлігія | культ продкаў, анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | туркана, карамаджонг, кумам, тапоса |
Н’янгатом (саманазва Inyangatom, ንያንጋቶም) — афрыканскі народ, што жыве на памежжы Эфіопіі і Паўднёвага Судана. Агульная колькасць (2021 г.) — 53 000 чалавек[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Н’янгатом лічаць сваімі бліжэйшымі сваякамі і саюзнікамі народ тапоса, які насяляе тэрыторыі на паўднёвы захад ад іх. Паводле паданняў, на мяжы XVI ст. і XVII ст. іх агульныя продкі пакінулі горныя раёны Уганды з-за войн і засухі. Некаторы час яны складалі супольнасць з назвай кум, з-за чаго суседнія народы працягваюць называць н’янгатом бумэ́ (літаральна «смярдзючыя»). Мяркуецца, што сучасная назва паходзіць ад слоў н’ям этом («паядальнікі сланоў») або н’янг атом («мсцівыя»).
Нягледзячы на сваю малалікасць, н’янгатом паспяхова захоплівалі тэрыторыі суседзей. У пачатку XIX ст. яны прасунуліся ў ніжнюю частку даліны Ома, дзе сфарміравалі цытадэль са сталых паселішчаў. У 1891—1894 гг. былі падпарадкаваны дзяржавай Эфіопія, але доўгі час захоўвалі адносную самастойнасць. У нашы дні вядомы як удзельнікі міжпляменных войн і гандляры агнястрэльнай зброяй. Цікава, што BBC называе іх «найбольш страшнымі воінамі даліны Ома»[2].
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Асноўным заняткам н'янгатом здаўна з'яўляецца пастаральная жывёлагадоўля. Яны трымаюць авечак, коз, аслоў, але галоўным сімвалам дабрабыту і сацыяльнага статусу з'яўляюцца каровы. У ніжняй даліне Ома існуюць 2 тыпы паселішчаў. Частка насельніцтва, якое не па пэўных прычынах не можа займацца жывёлагадоўляй селіцца на заходнім беразе, дзе ловіць рыбу, вырошчвае сорга, проса, кукурузу, тытунь. Жывёлагадоўля тут не магчыма з-за амарылёзу. Калі ў жыхароў сталых паселішч і ёсць жывёла, то яе перадаюць пад нагляд сваякам, што вядуць пастаральны лад жыцця. Пастухі н'янгатом рухаюцца разам з жывёлай ад пашы да пашы і спыняюцца ў часовых лагерах, звычайна абароненых плотам ад дзікіх звяроў. Уздоўж шляхоў вандровак капаюць калодзежы. Вандроўныя н'янгатом могуць аб'ядноўвацца з пастухамі тапоса і нават заставацца сярод іх на доўгі час.
Рэгіён, населены н'янгатом, даволі засушлівы. У барацьбе за пашы і ваду яны вымушаны канкураваць з прадстаўнікамі іншых народаў, што прыводзіць да частых ваенных канфліктаў. У мінулым групы маладых воінаў, узброеных дзідамі, рабілі кароткія рэйды з мэтай рабавання і згону жывёлы. У 19980-х гг. дзякуючы агнястрэльнай зброе яны пашырылі кантроль над тэрыторыямі, разам з саюзнікамі тапоса выгналі канкурэнтаў са сваіх паселішчаў. Н'янгатом робяць напады на туркана ў Кеніі, удзельнічаюць у канфліктах у Паўднёвым Судане.
Жанчыны апранаюць доўгія спадніцы з казіных скур, носяць на шыі масіўныя пацеркі з сухога насення ці шкляныя каралі. Іх атрымоўваюць у падарунак з рознай нагоды. У жанчыны сярэдняга ўзросту з высокім сацыяльным статусам агульная вага пацерак на шыі можа складаць болей за 2 кг. У мінулым мужчыны наогул не карысталіся вопраткай. У нашы дні яны апранаюць доўгі кавалак тканіны. Як мужчыны, так і жанчыны ўпрыгожваюць цела шрамамі, праколваюць ніжнюю губу, каб уставіць у яе ўпрыгожванне са слановай косткі ці медзі. Практыкуюцца мужчынскае і жаночае абразанне.
Асноўнай грамадскай адзінкай з'яўляецца родавая арганізацыя атыкер, якая кіруецца старэйшынамі і валодае пэўнымі землямі. Усяго налічваецца каля 20 родаў. Сваяцтва ў іх перадаецца па мужчынскай лініі. Падазраюць, што ў мінулым рытуалы перадачы ўлады ад старэйшын аднаго пакалення да старэйшын наступнага суправаджаліся чалавечымі ахвярапрынашэннямі. Мужчыны фарміруюць узрастовыя і сяброўскія саюзы. У апошніх прымаць удзел могуць тапоса. Сяброўскі саюз засноўваецца на ўзаемадапамозе і абмене падарункамі, звычайна жывёлай. Шлюбы знутры роду забаронены. Жыхары заходняга берага Ома аддаюць перавагу пашыраным сем'ям, паколькі буйны сямейны калектыў лепей забяспечвае сябе прадуктамі земляробства. Сярод пастухоў існуюць як пашыраныя, так і малыя нуклеарныя сем'і.
Н'янгатом вядомы сваім музычным мастацтвам. Папулярны песні пра быкоў, што спяваюць падчас вандровак і вайны. Танцы адметны скокамі ўгару, якія павінны прадэманстраваць спрыт і ваяўнічасць нежанатых юнакоў. Абрад ініцыяцыі ўключае забойства хлопчыкам быка ўдарам дзіды.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Н'янгатом традыцыйна шануюць бога-стваральніка сусвету Акудж, а таксама душы сваіх продкаў нгамурота. Апошнім двойчы на год прыносяць у ахвяру свойскую жывёлу. З 1972 г. сярод н'янгатом працуюць лютэранскія місіянеры.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Н’янгатом
- Nyangatom — Encyclopedia Ethiopia Архівавана 20 лютага 2020.
- Ethiopia, Nyangatom Tribe — Atlas Of Humanity
- NYANGATOM (BUME/DONYIRO) PEOPLE: ONE OF THE MOST FEARED TRIBES IN OMO VALLEY FAMED FOR THEIR UNIQUE STORY-TELLING AND SINGING PROWESS
- On the Move in Cattle Country: Tracking Nomadic Pastoralists in Southwest Ethiopia