Паўднёвы Судан

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Рэспубліка Паўднёвы Судан
англ.: Republic of South Sudan
Flag of South Sudan.svg Герб Паўднёвага Судана
Сцяг Паўднёвага Судана Герб Паўднёвага Судана
Location South Sudan AU Africa.svg
Дэвіз: «Justice, Liberty, Prosperity»
«Справядлівасць, свабода, дабрабыт»
Гімн: «South Sudan Oyee!»
Заснавана 28 лютага 1972
Дата незалежнасці 9 ліпеня 2011 (ад Судана)
Афіцыйная мова Англійская
Сталіца Джуба
Найбуйнейшыя гарады Джуба, Ей, Вау, Малакаль, Авейль
Форма кіравання Федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Салва Кіір
Джэймс Уані Іга
Плошча
• Усяго
42-я ў свеце
619.745 км²
Насельніцтва
• Ацэнка (2016)
Шчыльнасць

12.230.490[1] чал. (94-я)
19,7 чал./км²  (209-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$18,435 млрд
$1420  (176-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (208)
  • На душу насельніцтва

$3,194 млрд
$246
ІРЧП (2017) 0,388[2] (187-ы)
Этнахаронім Паўднёвыя суданцы
Валюта Паўднёвасуданскі фунт (SSP)
Інтэрнэт-дамен .ss [3]
Код ISO SS
Тэлефонны код +211
Часавыя паясы +3
  1. https://population.un.org/wpp/DataQuery/
  2. http://www.hdr.undp.org/en/2018-update
  3. Яшчэ не выкарыстоўваецца

Паўднёвы Судан (англ.: Southern Sudan‎) — дзяржава ва Усходняй Афрыцы. Сталіца і буйнейшы населены пункт — горад Джуба. Суверэнны статус Паўднёвага Судана набыў сілу 9 ліпеня 2011 года пасля яго афіцыйнага прызнання Суданам. Гэта самая маладая агульнапрызнаная краіна свету.

Паўднёвы Судан мяжуе з Эфіопіяй на ўсходзе, Кеніяй, Угандай і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга на поўдні, ЦАР на захадзе і Суданам на поўначы. Не мае выхаду да мора. Плошча — 619.745 км².

У ХІХ ст. Судан апынуўся пад уладай егіпецкай дынастыі Махамеда Алі, у 1899-1956 быў англа-егіпецкім кандамініумам, у 1956 Судан атрымаў незалежнасць. Этнічныя, рэлігійныя, эканамічныя, палітычныя супярэчнаці прывялі распаду Судана на Судан і Паўднёвы Судан у 2011. Адразу пасля набыцця незалежнасці ў Паўднёвым Судане пачаўся міжэтнічны гвалт, што прывёў да грамадзянскай вайны, якая пачалася ў снежні 2013 і доўжыцца па сёння. Краіна мае самае нізкае месца ў сусветным рэйтынгу недзеяздольнасці ўрадаў.

У Паўднёвым Судане па розных ацэнках пражывае ад 9 да 12 млн чалавек. Большасць насельніцтва складаюць нілоцкія народы, што належаць да негроіднай расы і вызнаюць хрысціянства або мясцовыя анімічныя вераванні, у адрозненне ад арабскага мусульманскага насельніцтва Судана.

Паўднёвы Судан адносіцца да ліку найменш развітых краін, маючы адзін з самых нізкіх у свеце ВУП на душу насельніцтва (1500 дал.). Ад самага эканамічнага дна адсталую аграрную краіну ратуе развіты нафтаздабыўны сектар.

Член ААН з 14 ліпеня 2011 года, Афрыканскага саюзу, Усходнеафрыканскай супольнасці (з 2016) і ўсходнеафрыканскага Міжурадавага гандлёвага блоку (штаб-кватэра ў Джыбуці).

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычна тапонім Судан адносіўся да шырокай паласы раўнін на поўдзень ад Сахары, у фізічнай геаграфіі гэтую вобласць, што прасціраецца ад Заходняй Афрыкі да Эфіопскага нагор'я, дагэтуль называюць раўнінамі Судана. Само ж слова паходзіць ад арабскага bilād as-sūdān (بلاد السودان) — "зямля чорных" — па колеры скуры мясцовых жыхароў. А гэта значыць, назва нашмат больш пасуе менавіта Паўднёваму Судану, чым Судану звычайнаму. Да таго ж 1930-х у арабскай частцы Судана тапонім меў негатыўную канатацыю, пераадоленую дзякуючы кампаніі па папулярызацыі назвы.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Паўднёвы Судан мяжуе з Эфіопіяй на ўсходзе, Кеніяй, Угандай і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга на поўдні, ЦАР на захадзе і Суданам на поўначы. Незалежны Паўднёвы Судан стаў яшчэ адной, шаснаццатай афрыканскай краінай, што не мае прамога выхаду да мора. Плошча Паўднёвага Судана складае 619.745 км² — гэта тры Беларусі.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф Паўднёвага Судана пераважна раўнінны, паніжаецца з поўдня на поўнач. Толькі на мяжы з Угандай на паўднёвым усходзе узвышаюцца горы Іматонг з найвышэйшаю кропкай краіны — гарой Кін'еці (3187 м). Асноўнымі прыроднымі рэсурсамі Паўднёвага Судана з'яўляюцца: сырая нафта, жалезная руда, медная руда и инш.

Такой бачаць савану пасажыры на даху цягніка, што кіруе да Ваў

Клімат моцна адрозніваецца ад клімата Судана: засушлівы перыяд нават на крайняй поўначы доўжыцца менш за паўгода, а на самым поўдні працягваецца ўсяго адзін месяц. На большай частцы тэрыторыі краіны дажджы ідуць з красавіка па верасень. Гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 700 мм на поўначы да каля 1400 мм на паўднёвым захадзе.

Спадарожнікавы здымак. Бура-зялёныя хвалі ў паўночнай частцы даліны Ніла — Суды. Руды колер на паўднёвым усходзе — горы Іматонг

З поўдня на поўнач краіну перасякае велічны Белы Ніл, які да зліцця з Эль-Газалем завецца Бахр-эль-Джэбель (у перакладзе, горная рака) і мае хуткае, парожыстае цячэнне. У даліне Ніла і яго прытока Эль-Газаль раскінуліся вялізныя балотныя абшары — Суды (або Сэды), што ў сезон дажджоў займаюць да чвэрці плошчы Паўднёвага Судана. Цячэнне Ніла тут настолькі павольнае, што ён губляе палову сваёй вады на выпарэнне. З усходу ў Ніл упадае Собат, адзін з самых значных прытокаў.

Значная частка Паўднёвага Судана пакрытая лясамі — мусоннымі (або трапічнымі) на большай частцы краіны і экватарыяльнымі на крайнім поўдні. Поўнач і ўсход краіны занятыя высакатраўнымі і тыповымі саванамі, што ўтварыліся на месцы ссечаных лясоў. Жывёльны свет класічны для афрыканскіх саваннаў: жырафы, сланы, гепарды, ільвы. У сярэдзіне ХХ стагоддзя паўднёвы Судан лічыўся за ўзорны куток некранутай афрыканскай прыроды, аднак грамадзянскія войны, браканьерства, ператварэнне лясоў і саванн у ворыва і пашы — усё гэта прывяло да скарачэнне як папуляцый асобных відаў, так і самой відавай разнастайнасці.

У Паўднёвым Судане створана грунтоўная сетка прыродаахоўных тэрыторый. Самыя вялікія запаведнікі — гэта Эз-Зераф і Кідэпа; нацыянальныя паркі — Бома, Бандынгіла, Саўтэрн. Парк Бандынгіла вядомы маштабнымі міграцыямі жывёл (па масштабах саступае толькі Серангеці), у першую чаргу, антылоп, сярод якіх асноўную масу складаюць рэдункі і кобы — "балотныя казлы", а таксама топі, вядомыя тут як "цянь".

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сведчанні аб пасяленнях нілоцкіх плямёнаў на поўначы Паўднёвага Судана адносяцца да ІІІ тыс. да н.э. Археолагі звяртаюць увагу на адгонную жывёлагадоўлю, купалападобныя дамы і тыкулі, уласцівыя для нілотаў. Пранікненню цывілізацыі з поўначы заўсёды перашкаджалі балотныя абшары Судаў. У 61 г н.э. рымскія салдаты па загаду Нерона спрабавалі падняцца як мага ўверх па Белым Ніле, але прайсці бар'ер Судаў не здолелі і яны.

Тэрыторыя верхняга Ніла была заселена у выніку вымушанай міграцыі на поўдзень нілоцкіх плямёнаў ў Х-ХV ст.н.э., што стала наступствам падзення хрысціянскіх Нубіййскіх дзяржаў, не здолеўшых супрацьстаяць арабскай экспансіі. У перыяд з ХV па ХІХ ст. асноўнымі падзеямі гісторыі краіны сталі племянныя міграцыі. Дзінка, нуэры, шылукі прасунуліся з раёна Бахр-эль-Газаля на ўсход, заняўшы таксама вобласць Верхняга Ніла; у той час як ачолі (сёння жывуць ва Угандзе) і бары перасяліліся ў рэгіён Экваторыі. Плямёны азандэ, мунду, бака прыйшлі ў Паўднёвы Судан у ХVІ-м стагоддзі і стварылі найбуйнейшыя на той час дзяржавы.

У ХІХ ст. увесь Судан апынуўся пад уладай Егіпецкай дынастыі Махамеда Алі. Новыя ўлады спрабавалі замацавацца на захопленых землях, але спроба стварыць сетку фортаў і гарнізонаў разбілася аб складаны клімат і хваробы. У 1851 пад ціскам заходніх дзяржаў егіпцяне адкрылі паўднёвы Судан для місіянераў каталіцкага вікарыяту і гандляроў, ахвочых да слановае косці. У 1850-я попыт і цана на слановую косць моцна выраслі: фартэпіяна і більярдныя шары ў Амерыцы і ў Еўропе сталі масавымі таварамі. У рэшце рэшт кантроль над рэгіёнам узяў у свае рукі купец і гандляр рабамі Рахма Мансур. Падзеі Махдысцкай рэвалюцыі не закранулі паўднёвы Судан, але адрэзалі край ад Егіпта. У 1899-1956 Судан быў англа-егіпецкім кандамініумам. Брытанцы мелі намер аб'яднаць паўднёвы Судан з Угандай, аднак у 1947 канферэнцыя ў Джубе пацвердзіла адзінства Судана.

Бюлетэні для рэферэндуму былі надрукаваны ў Вялікабрытаніі

У 1956 краіна атрымала незалежнасць. Этнічныя, рэлігійныя, эканамічныя, палітычныя супярэчнаці прывялі да дзвюх грамадзянскіх войнаў. У выніку першай суданскай грамадзянскай вайны (1955-1972), падчас якой загінула паўмільёна чалавек, рэгіён атрымаў аўтаномію. Другая вайна (1983-2005) забрала жыцці двух мільёнаў чалавек, яшчэ 4 млн. сталі бежанцамі. У выніку другой грамадзянскай вайны Хартум пагадзіўя на рэферэндум. Рэферэндум, падчас якога ў Судане ў якасці назіральнікаў знаходзіліся сусветна вядомыя палітыкі (Джымі Картэр, Джон Кэры, Кофі Анан) адбыўся у студзені 2011 і з вынікам 98.83% "за" бяскроўна развёў два Суданы. Паўднёвы Судан засмуціўся тым, што рэферэндум не адбыўся ў багатым нафтай раёне Аб'ей, дзе ён таксама мусіў адбыцца. У выніку рэферэдуму званне першай афрыканскай і дзясятай у свеце па плошчы дзяржавы перайшло да Алжыра, а Паўднёвы Судан стаў і застаецца самай маладой дзяржавай свету.

З 2013 года ў краіне з перапынкамі вядзецца грамадзянская вайна.

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Салва Кіір сустракаецца з дзяржсакратаром ЗША Джонам Керы. На прэзідэнце фірмовы капялюш, падарунак Дж.Буша мал.

Незадоўга да абвяшчэння незалежнасці, ўрад Паўднёвага Судана распрацаваў Канстытуцыю, якая была падпісана прэзідэнтам у дзень 9 ліпеня 2011, стаўшы такім чынам блізнюком Незалежнасці. Паводле Канстытуцыі, Паўднёвы Судан — прэзідэнцкая рэспубліка. Нязменным лідарам Паўднёвага Судана з 2005 года з'яўляецца Салва Кіір Маярдзіт, хрысціянін, этнічны дзінка, то бок, сярэднестатыстычны паўднёвы суданец.

Заканадаўчы орган, Парламент Паўднёвага Судана, складаецца з дзвюх палат: верхняй — Дзяржаўнага Савету (50 членаў, прадстаўляюць штаты); ніжняй — Нацыянальнай Асамблеі (170 членаў, абіраюцца прамым усенародным галасаваннем). Найбуйнейшая партыя, якой належаць 160 крэслаў Нацыянальнай Асамблеі — Народная армія вызвалення Судана, былое паўстанцкае войска, што вяло рэй барацьбы за незалежнасць і па набыцці яе села ва ўрадавыя крэслы. Партыю ўзначальвае прэзідэнт Салва Кіір.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[правіць | правіць зыходнік]

32 штаты і тры рэгіёны: блікітны — Экваторыя, зялёны — Бахр-Эль-Газаль, жоўты — Вялікі Верхні Ніл

Гістарычна ў Паўднёвым Судане выдзяляецца тры рэгіёны: Экваторыя на поўдні, Бахр-Эль-Газаль на паўночным захадзе і Вялікі Верхні Ніл на паўночным усходзе. Сучасны Паўднёвы Судан — федэратыўная дзяржава, што з лістапада 2015 складаецца з 28 штатаў. Штаты выдзеленыя ў адпаведнасці з межамі рассялення этнічных груп. Асноўная мэта новага падзелу — знічшыць падставы да міжэтнічнага гвалту. У студзені 2017 з ліку 28 былі выдзелены 4 новыя штаты, і разам штатаў стала 32.

Сталічнае пытанне[правіць | правіць зыходнік]

Сталіца Судана, Джуба, найбуйнейшы горад краіны, адначасова з'яўляецца цэнтрам штата Цэнтральная Экваторыя і графства Джуба. Аднак з пункту гледжання уладаў, Джуба не адпавядае сталічнаму званню праз неўладкаванасць, недастаткова развітую інфраструктуру ды не зусім цэнтральнае геаграфічнае становішча. У лютым 2011 урад зацвердзіў рэзалюцыю, паводле якой краіна пабудуе новую сталіцу. Ёй закліканы стаць горад Рамсель ніжэй па цячэнні Ніла — сталіцай яго бачыў яшчэ легендарны змагар за незалежнасць Джон Гаранг. Дагэтуль незразумела, адкуль улады Паўднёвага Судана возьмуць на перанос грошы, таму праект застаецца праектам.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Суданскія дзеці, Ямбіа

Паўднёвы Судан — вельмі маладая краіна і ў сэнсе сярэдняга ўзросту: амаль палову насельніцтва складаюць дзеці да 15 гадоў. Гэта абумоўлена традыцыйна высокай для трапічнай Афрыкі нараджальнасцю (каля 40 на 1000 чал.). А вось па ўзроўні смяротнасці (20 на 1000) і эміграцыі (10 на 1000) Паўднёвы Судан пераўзыходзіць нават сваіх суседзяў, што абумоўлена бясконцым міжэтнічным гвалтам. Такім чынам, тэмпы росту насельніцтва выходзяць дастаткова невысокімі. Паводле звестак на снежань 2018, 2,2 млн паўднёвых суданцаў знайшлі прытулак ва Угандзе, Кеніі, Эфіопіі, Судане і інш..[1] Гэта, а яшчэ недзеяздольнасць уладаў, не дазваляюць палічыць колькасць насельнітва краіны, таму на пачатак 2019 ацэначныя дадзеныя ў сеціве вар'іруюцца ад 10 да 12,5 млн.чал.[2]

Большасць насельніцтва адносіцца да нілоцкіх народаў ніла-сахарскай моўнай сям'і. Паўднёвы Судан з'яўляецца домам для прыблізна 60 этнічных груп, буйнейшымі з якіх з'яўляюцца дзінка — 35,8 %? нуэр — 15,6 %, занд — 6,6 %, бары — 4,7 %, арабы (у асноўным з Судана) — 3,9 %, шылук — 3,5 %. Афіцыйнай мовай краіны з'яўляецца англійская. Большасць жыхароў Паўднёвага Судана размаўляе на мностве нілоцкіх моваў, найбуйнейшай з якіх з'яўляецца мова дзінка; а таксама адамава-ўбангійскіх, центральнасуданскіх і іншых мовах і гаворак.

Нядзельная імша пры касцёле

Большаць паўднёвых суданцаў вызнае хрысціянства (60, 5%), найбольш каталіцтва, або мясцовыя анімічныя вераванні (33 %), у адрозненне ад арабскага мусульманскага насельніцтва паўночнага Судана.

Грамадзянскія войны і канфлікты, што амаль не сціхаюць апошнія шэсць дзесяцігоддзяў, прывялі да таго, што ў краіне налічваецца 4 млн унутрана перамешчаных асоб (а гэта кожны трэці жыхар!), з іх 1,9 млн былі вымушаны пакінуць родныя дамы падчас апошняга канфлікту (2016-18).[3] Большасць паўднёвых суданцаў пражывае ў сельскай мясцовасці, узровень урбанізацыі тут не дасягае і 20 %. Менавіта таму тэмпы росту гарадскога насельніцтва ў краіне самыя высокія ў свеце (4 % у 2015-2020). У сталіцы пражываюць 370 тыс.чал.; больш за 100 тыс. жыве ў Ваў, Малакале і Ямбіа.[4]

Большасць дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў не наведваюць школу, а 84 % жанчын непісьменныя.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

ВУП на душу насельніцтва ў Паўднёвым Судане не дасягае і 1500 даляраў (2018) і гэта пры тым, што краіна здабывае і экспартуе нафту! Зрэшты, багацце нафтай абярнулася "галандскай хваробай": ва ўсім свеце толькі Усходні Тымор гэтак жа залежыць ад кошту нафты на сусветным рынку. У 2015-17 гг. падзенне цэн на нафту прывяло да скарачэння ВУП краіны на 20 %. Вялікім мінусам у эканоміка-геаграфічным становішчы Паўднёвага Судана з'яўляецца адсутнасць прамога выхаду да мора. Інфраструктура неразвітая, а тая што ёсць, моцна пашкоджана войнамі. Разбураны нават вадаправоды, людзям не хапае пітной вады. Краіна моцна залежыць ад гуманітарнай дапамогі. 90 % спажывецкіх тавараў купляецца за мяжой. 66 % насельніцтва ў 2015 жылі менш чым на 2 даляры ў суткі. Штогод узровень інфляцыі значна пераўзыходзіць лічбу 100 %. І толькі кітайскіе інвестыцыі робяць магчымым будаўніцтва новых дарог і прадпрыемстваў.

Рыбак у Судах

Большая частка эканамічна актыўнага насельніцва Паўднёвага Судана занята ў натуральнай сельскай гаспадарцы. Асноўнымі экспартнымі сельскагаспадарчымі культурамі з'яўляюцца бавоўна, арахіс, сорга, цукровы трыснёг, бананы і папая. Важны накірунак сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля: на саванавых пашах гадуецца да 20 млн галоў буйной рагатай жывёлы. Таксама Паўднёвы Судан экспартуе драўніну, ёсць плантацыі ціка. Урадлівыя глебы і добрая забяспечанасць ападкамі даюць аграрнаму сектару краіны падставу стаць найлепшым у Афрыцы.

Нафта — галоўны рэсурс краіны, на які абапіраецца ўся эканоміка Паўднёвага Судана: яна дае 98 % экспартных паступленняў і фармуе 80 % ВУП.[5] З 500 тысяч барэляў нафты ў суткі, якія здабывалі ў Судане да распаду краіны, 75-85 % прыпадала на радовішчы Поўдня. Нягледзячы на тое, што пасля набыцця незалежнасці здабыча нафты моцна скарацілася — праўда, да канца 2017 зноў вырасла да 130 тыс.барэляў у дзень — дагэтуль экспартуецца каля 98 % забытай нафты (большая частка ідзе на кітайскі рынак). Стужка нафтаправода знітоўвае радовішчы Паўднёвага Судана з суданскім портам Порт-Судан. Такім чынам, Хартум кантралюе трубаправоды, праз якія чорнае золата ідзе на экспарт, і ў кожнага боку ёсць уласныя інтарэсы па пытаннях, звязаных з размеркаваннем нафтавых прыбыткаў. Маецца праект трубаправода да кенійскага порту. Ёсць планы будаўніцтва нафтаперапрацоўчага завода, які б даў штуршок эканамічнаму развіццю і развіццю прамысловасці.

Большая частка электраэнергіі, доступ да якой мае 2 (!) % насельніцтва, выпрацоўвацца на дызельных генератарах. Пры гэтым рэкі краіны тояць вялізны гідрапатэнцыял.

З 10 000 км аўтадарог толькі 2 % маюць асфальтавае пакрыццё.[6]

Галоўным гандлёвым партнёрам з'яўляецца Кітай, на які прыпадае 98 % экспарту тавараў (выключна нафта), і ўсяго 11 % імпарту. 58 % тавараў і паслуг імпартуецца з Уганды: гэта прадукты харчавання, лёгкай прамысловасці; транспатныя, інфармацыйныя паслугі. За Угандай і Кітаем ідуць Пакістан і Японія. З Японіі і ЕС імпартуюцца машыны, сродкі сувязі, лекі.[7]

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Раней сістэма адукацыі Паўднёвага Судана не адрознівалася ад традыцыйнай суданскай, але занадта вялікая розніца паміж поўначчу і поўднем змусіла ўлады краіны ўзяць за ўзор кенійскую сістэму. Сёння паўднёвасуданская адукацыя складаецца з трох прыступак (8+4+4 — базавая+сярэдняя+вышэйшая), а мовай выкладання з'яўляецца выключна англійская, у той час як у Судане — арабская. Паўднёвы Судан адчувае сур'ёзны недахоп англамооўных выкладчыкаў на ўсіх адукацыйных прыступках, асабліва ў галіне тэхнічных навук.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі