Павел Вент
Павел Вент | |
---|---|
Павел Фёдаравіч Вент | |
| |
Дата нараджэння | 17 чэрвеня 1880 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1971 |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Бацька | Фёдар Хрысціянавіч Вент[d] |
Альма-матар | |
Узнагароды і званні |
Павел Вент, або Павал Вэнт, поўнае імя Павел Фёдаравіч Вент (руск.: Павел Фёдорович Вендт; 17 чэрвеня 1880, фальварак Крыніца, Мінская губерня, Расійская імперыя — да 1971, Прага[1], Чэхаславакія) — расійскі, беларускі і чэхаславацкі ваенны[1].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і паручніка Фёдара Вента[2], з абруселага нямецкага роду. У анкеце 1942 года паведамляў, што нарадзіўся 17.6.1880 года ў Крыніцы Мінскага павета[3]. Паводле паслужных спісаў, нарадзіўся 17.6.1883 года ў Церскай вобласці[2]. Скончыў Маскоўскі 3-ці кадэцкі корпус (1901)[2]. У 1901 годзе добраахвотнікам удзельнічаў у задушэнні Іхэтуаньскага (баксёрскага) паўстання ў Кітаі. Скончыў Міхайлаўскае артылерыйскае вучылішча (1903, па 1-м разрадзе), ваенную электратэхнічную школу пры Пецярбургскім гарматным заводзе (1907, з адзнакай «добра»), ваенную аўтамабільную школу, Акадэмію Генеральнага штаба (1912, па 2-м разрадзе)[2].
Паводле паслужных спісаў, паступіў у службу 31.8.1901 года, з 17.5.1902 года — унтэр-афіцэр, з 26.6.1903 — партупей-юнкер, 10.8.1903 (ст. 10.8.1902) — падпаручнік артылерыі, 1.9.1906 (ст. 10.8.1906) — паручнік; з 1912 (ст. 10.8.1910) — штабс-капітан[2], паводле ЗАФ ад 7.10.1917 (ст. 10.8.1914) — капітан[4].
З вучылішча выпушчаны ў 2-гі асадны артылерыйскі полк, 11.10.1903-15.5.1904 года загадваў палкавой вучэбнай камандай. Камандзіраваны ва Усходне-Сібірскі асадны артылерыйскі полк (10.10.1904), адтуль адпраўлены ў Харбін (9.12.1904), куды прыбыў 20.1.1905 года. Напярэдадні руска-японскай вайны, 4.2.1905 года прыбыў на перадавыя пазіцыі каля станцыі Суятунь, 19.2.1905 года зняты з пазіцый і адпраўлены ў Мукдэн (гл. бітва пад Мукдэнам ), адтуль 1.7.1905 года ў Мікалаеўскую крэпасць , быў ад’ютантам упраўлення і загадчыкам гаспадаркі. З Мікалаеўскай крэпасці 16.9.1906 года накіраваны ў электратэхнічную школу ў Санкт-Пецярбург, прыбыў туды 16.10.1906 года. Падчас вучобы камандзіроўваўся ў Мікалаеўскую крэпасную артылерыю (16.4.1907), потым у Кранштацкую крэпасную артылерыю (5.6.1907). Па сканчэнні школы залічаны ў Лібаўскую крэпасную артылерыю (30.10.1907), памочнік загадчыка, затым загадчык каманды дапаможных тэхнічных сіл. Па сканчэнні Акадэміі Генеральнага штаба пераведзены ў Ковенскую крэпасную артылерыю (20.5.1912).[2]
Станам на 1.1.1909 — паручнік Лібаўскай крэпасной артылерыі (1-ы і 2-і Лібаўскія крэпасныя артылерыйскія батальёны)[2]. У ліпені 1915 года — штабс-капітан Ковенскай крэпасной артылерыі[5], каменданцкі ад’ютант штаба Ковенскай крэпасці[6]. Пасля здачы Ковенскай крэпасці (8-18.8.1915), станам на кастрычнік 1915 года — капітан штаба 38-га армейскага корпуса[7]. Станам на 7.10.1917 года лічыўся ў Ковенскай крэпасной артылерыі, прыкамандзіраваным да Чугуеўскага ваеннага вучылішча[4], пры тым Ковенская крэпасная артылерыя расфарміравана да лістапада 1916 года[8]. У ноч 15/16.12.1917 года вучылішча пацярпела цяжкія страты пры абароне Чугуева ад бальшавікоў, па выніках перамоў з імі афіцэры і юнкеры склаўшы зброю маглі раз’ехацца па дамах.
Урад БНР А. Луцкевіча 20.11.1918 года паслаў Паўла Вента як начальніка штаба арміі БНР ва Украіну, каб азнаёміць яе вайсковае кіраўніцтва з ваеннай сітуацыяй у Беларусі[9][10]. Паводле У. Ляхоўскага, Вент таксама меў мандат урада на арганізацыю вайсковых фарміраванняў БНР у Адэсе[11]. З ведама ўкраінскага ўрада 20.12.1918 года выехаў у Адэсу.
Пасля 20.2.1919 года консул БНР у Адэсе Сцяпан Некрашэвіч звярнуўся да галоўнакамундуючага сіламі саюзнікаў на Балканах і Поўдні Расіі, французскага генерала Анры Бертло, у справе стварэння беларускіх ўзброенных фарміраванняў. Бертло прыняў Некрашэвіча і палкоўніка(так) Вента, яны асвятлілі галоўнакамандуючаму беларускае пытанне і падарылі карту Беларусі, за што той быў удзячны і, нягледзячы на нязгоду Дзянікіна, дазволіў фарміраваць беларускую дывізію. Галоўным інспектарам фарміравання быў прызначаны генерал Сакіра-Яхантаў , непасрэдна фарміраваннем займаўся Павел Вент, ён 11.3.1919 года атрымаў званне генерал-маёра (паводле яго анкеты 1921[1]).[12] Адначасова Вент быў прадстаўніком БНР пры штабе войскаў саюзнікаў[крыніца?].
Да канца сакавіка 1919 годзе фарміраваная Вентам дывізія налічвала каля 1000 чалавек. З канца сакавіка 1919 года сілы саюзнікаў адступалі перад бальшавікамі і 4-6 красавіка 1919 года саюзныя войскі эвакуіраваліся з Адэсы. Вент застаўся ў Адэсе, з дапамогай беларускіх камуністаў перайшоў на бок бальшавікоў і працягваў фарміраванне ўжо 1-й беларускай брыгады. Паводле С. Некрашэвіча, Вент перастаў лічыцца з беларусамі і супрацоўнічаў менавіта з бальшавікамі. Неўзабаве брыгада вырасла ў значную сілу, нацыянальна арыентаваныя афіцэры думалі пра перадыслакацыю ў Беларусь, каб выбіць бальшавікоў, але гэта не здзейснілася. Тым жа часам Павел Вент застраліў чырвонаармейца і прыгавораны трыбуналам да адпраўкі на фронт. Аднак, 7-9 мая 1919 года пачалося антыбальшывіцкае паўстанне Н. Грыгор’ева да якога Вент з 1-й беларускай брыгадай далучыўся. Паўстанне ў асноўным задушана бальшавікамі да канца мая 1919 года, Вент знік, рэшткі брыгады перафарміраваны, перайменаваны ў брыгаду імя Леніна і 2.6.1919 года[13] адпраўлены на іншы фронт.[14]
Пасля 8.8.1919 года Павел Вент з’яўвіўся ў акупаваным ужо палякамі Менску[15]. Потым па запрашэнні Яўгена Ладнова[16], знаёмага па дзейнасці ў Адэсе, быў саветнікам місіі БНР у Парыжы[17]. Да 25.2.1920 года прыехаў у Берлін[18]. У 1920 годзе саветнік Генеральнага штаба літоўскай арміі, удзельнічаў у распрацоўцы аператыўных планаў для беларускіх часцей[1]. Адначасова ваенны саветнік вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Эстоніі і Латвіі, на пачатку 1920 года ад яе імя перапісваўся з камандзірам асобнага атрада БНР у Эстоніі — С. Булак-Балаховічам[19][20]. У канцы красавіка 1920 года планавалася, што генерал-маёр Павел Вент як радца ўвойдзе ў дэлегацыю БНР на перамовах па заключэнні мірнага дагавора з Савецкай Расіяй[21]. Адзін з упаўнаважаных 25.6.1920 года Радай БНР весці перамовы з урадам Эстоніі пра прызнанне БНР і пасрэдніцтва Эстоніі ў прызнанні БНР урадам Савецкай Расіі[22].
Да ліпеня 1921 года падаў прашэнне ў Міністэрства абароны Чэхаславацкай Рэспублікі пра залічэнне на службу, 1.7.1921 года ўхваленае прэзідэнтам. У верасні 1921 года капітан, т.б. залічаны ў званні роўным апошняму ў былой Рускай імператарскай арміі, з 1923 — маёр, потым маёр Генеральнага штаба, з 1927 — падпалкоўнік Генеральнага штаба чэхаславацкай арміі. Служыў у 12-м (Ужгарад), 11-м (Кошыцы), 53-м (Ліпнік), 305-м (Чэске-Будзеёвіцы), 110-м (Нітра) артылерыйскіх палках; кароткачасова камандаваў 302-м артылерыйскім палком (Оламаўц).[1]
Прыкладна з 1935 года на пенсіі, жыў у славацкай Нітры. Удзельнічаў у падрыхтоўцы мясцовых скаўтаў і ў Авіяцыйнай лізе. Чытаў лекцыі па тактыцы Чырвонай Арміі ў грамадзянскай вайне для чэхаславацкіх афіцэраў. У 1939 годзе, пасля нямецкай акупацыі Чэхіі і ўтварэння асобнай Славакіі, пераехаў у Прагу. З 1942 года сябра Беларускага камітэта самапомачы ў Празе.[1][23]
Двойчы жанаты. Паводле паслужных спісаў, у першым шлюбе (з 1904) меў сына Фёдара (нар. 1905)[2][24]. У другім шлюбе з Уландзінай Нікласавай, ужо у Чэхаславакіі, дзяцей не было[25]. Сваяцтва з вядомай у Чэхіі сям’ёй надала Паўлу Венту пэўны статус і, магчыма, абараніла ад прэтэнзій з савецкага боку ў пасляваенны час[26].
Пахаваны ў 1971 годзе[27] на Вышаградскіх могілках (сектар IX, месца 82)[1].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Медаль «За паход у Кітай»[1] (1901)
- Ордэн Святой Ганны 4-й ступені з надпісам «За храбрасць»[1] (15.5.1905[2])
- Ордэн Святога Станіслава 3-й ступені[1] (7.11.1905[2])
- Медаль «У памяць руска-японскай вайны»[1] (1906)
- Знак вышэйшай ваеннай школы (1912)[1]
- Ордэн Святой Ганны 3-й ступені[1] (20.4.1915[5])
- Ордэн Святога Станіслава 2-й ступені[1] (12.7.1915[6])
- Ордэн Святой Ганны 2-й ступені[1]
- Ордэн Святога Уладзіміра 4-й ступені[1]
- Ордэн Святога Георгія 4-й ступені[1]
- Медаль «За паслугі ў выдатным здзяйсненні ўсеагульнай мабілізацыі 1914»[1] (1915)
- Залатая георгіеўская шабля «За храбрасць» (1915)[1]
- Ордэн Святога Уладзіміра 3-й ступені (1916)[1]
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Кныревич 2019.
- ↑ а б в г д е ё ж з і РГВИА. Фонд 409, п/с 339—771 (1903); 8-202 (1906); 14-389 (б.г.); 1-346 (1913).
- ↑ РС 2020, 01:50.
- ↑ а б Приказ Армии и Флоту о чинах военных от 7 октября 1917 г. // Армия и Флот Свободной России. № 241. 20 октября 1917 г.
- ↑ а б https://gwar.mil.ru/heroes/chelovek_nagrazhdenie50084830/
- ↑ а б https://gwar.mil.ru/heroes/chelovek_nagrazhdenie57591732/
- ↑ https://gwar.mil.ru/heroes/chelovek_gospital2068521/
- ↑ https://gwar.mil.ru/heroes/chelovek_nagrazhdenie50020131/
- ↑ Латышонак 2014, с. 229.
- ↑ РС 2020, 04:05-04:10.
- ↑ РС 2020, 04:45-04:55.
- ↑ Архівы БНР 1998, Т. 1, кн. 1., с. 552.
- ↑ Антонов-Овсеенко 1933, с. 314.
- ↑ Архівы БНР 1998, Т. 1, кн. 1., с. 552-553.
- ↑ РС 2020, 07:35-07:45.
- ↑ РС 2020, 08:35-08:45.
- ↑ РС 2020, 08:45-08:50.
- ↑ Архівы БНР 1998, Т. 1, кн. 1., с. 687.
- ↑ Латышонак 2014, с. 134.
- ↑ Латышонак 2014, с. 244.
- ↑ Архівы БНР 1998, Т. 1, кн. 1., № 2011, с. 724.
- ↑ Архівы БНР 1998, Т. 1, кн. 1., № 2219-2221, с. 795-798..
- ↑ РС 2020, 11:00-11:45.
- ↑ РС 2020, 12:18-12:35.
- ↑ РС 2020, 12:40-12:45.
- ↑ РС 2020, 12:45-12:55.
- ↑ РС 2020, 13:45-13:52.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антонов-Овсеенко В. А. Записки о гражданской войне: в 4 т.. — М.-Л.: Госвоениздат, 1933. — Т. 4. — 343 с. — 5 000 экз.
- Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі: У 2-х кн. / Склад. С. Шупа. — Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага: Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Таварыства беларускага пісьменства, 1998. — 1721 с.
- Вендт П. Ф. Памятка военному шоферу / Сост. шт.-кап. Вендт. — [Ковно]: тип. Штаба Ковен. крепости, 1914. — 47 с.; 16 см.
- Латышонак А. Жаўнеры БНР. — выд. 3-е, перапрацаванае. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — ISBN 978-5-00076-003-1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Кныревич С. Забытый генерал БНР Павел Вент // Беларусы Чэхii / Bělorusové v ČR / Belarusians in the Czech Republic : Эл. рэсурс. — 2019.
- Павел Вэнт, генэрал няўзброенай рэспублікі // Радыё Свабода — svaboda.org : Эл. рэсурс. — 2020.
- Нарадзіліся 17 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1880 годзе
- Нарадзіліся ў Мінскім павеце
- Памерлі ў 1971 годзе
- Памерлі ў Празе
- Пахаваныя на Вышаградскіх могілках
- Выпускнікі Мікалаеўскай ваеннай акадэміі
- Кавалеры ордэна Святога Георгія IV класа
- Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 3 ступені
- Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 4 ступені
- Кавалеры ордэна Святой Ганны 2 ступені
- Кавалеры ордэна Святога Станіслава 2 ступені
- Кавалеры ордэна Святой Ганны 3 ступені
- Кавалеры ордэна Святога Станіслава 3 ступені
- Кавалеры ордэна Святой Ганны 4 ступені
- Узнагароджаныя Залатой зброяй «За адвагу»
- Асобы
- Беларуская Народная Рэспубліка
- Выпускнікі кадэцкіх карпусоў
- Выпускнікі Міхайлаўскага артылерыйскага вучылішча
- Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі
- Ваенныя Беларусі
- Нарадзіліся ў Валожынскім раёне