Перайсці да зместу

Персідская каліграфія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Персідская каліграфія (перс.: خوشنویسی فارسی) — каліграфія, якой карыстаецца персідскае пісьмо  (руск.), адно з найбольш шанаваных мастацтваў у гісторыі Персіі.

Пасля арабскага заваявання Персіі ў VII стагоддзі пад уплывам ісламскай культуры  (руск.) і прэстыжу мовы заваёўнікаў — арабскай — персы прыстасавалі для запісу новаперсідскай мовы арабскае пісьмо, дадаўшы да яго чатыры літары для абазначэння гукаў, якіх няма ў арабскай: пэ (پ), чэ (چ), жэ (ژ) і гаф (گ), і, такім чынам, давялі свой алфавіт да 32 знакаў[1].

Знаёмства персаў з арабскай каліграфіяй пачалося з яе трох галоўных почыркаў — куфі, насх і сулюс. Самы ранні з іх, куфі, панаваў прыблізна да XII стагоддзя, для яго характэрна імкненне да прамых ліній і выразных геаметрычных формаў. У цяперашні час ён кананізаваны як почырк, якім пішуць назвы сур Карана. Почырк насх («перапісванне») — строгі гарызантальны почырк, выкарыстоўваўся, як вынікае з назвы, галоўным чынам у перапісванні тэксту Карана і хадзісаў. Для почырку сулюс («адна трэць») характэрна наяўнасць крывалінейных і прамалінейных элементаў, якія суадносяцца ў прапорцыі  (руск.) 1/3.

У Персіі вялікае распаўсюджанне атрымалі школы «насху» і «сулюсу», паколькі яны знайшлі шырокае прымяненне ў архітэктуры — для ўпрыгожвання мячэцяў і іншых святых для мусульман будынкаў.

Узор почырку насталік

Патрэба ў складанні вялікага ліку афіцыйных дакументаў пры належнай скорасці іх складання прывяла да распрацоўкі ў Персіі новага почырку  (руск.) «талік  (англ.)» («скорапісны» або «скоры ў выкананні»). Для «таліку» была характэрна наяўнасць вялікай колькасці закругленых, як бы прыродных ліній, у адрозненне ад жорсткіх, геаметрызаваных формаў «куфі».

Падчас праўлення Цімурыдаў развіццю персідскай каліграфіі спрыяў унук Тамерлана Байсанкур  (руск.). Будучы апекуном мастацтваў і дасведчаным каліграфам, знаючы шэсць стыляў арабскай каліграфіі (захаваўся выкананы ім асабіста каліграфічны надпіс на мячэці Гахаршад у Мешхедзе), Байсанкур пасля захопу Тэбрыза ў 1420 годзе вывез адтуль некалькі майстроў кніжнай справы, у прыватнасці, знакамітага каліграфа Мір Алі Табрызі  (англ.), які ўзначаліў кітабхане  (руск.) Байсанкура. Табрызі прапанаваў новы варыянт скорапісу — «насталік» (перс.: نستعلیقنستعلیق, nastaʿlīq — назва паходзіць ад слоў «насх» і «талік»).

Для напісання насталіку характэрныя кароткія вертыкальныя, без засечак, і доўгія гарызантальныя рыскі  (руск.). Каліграфічныя надпісы рабіліся інструментам «Калам», гэта кавалак абрэзанага трыснягу з касым завостраным наканечнікам памерам 5-10 мм, які мачаўся ў чарніла. Наканечнік калама, як правіла, быў падзелены пасярэдзіне, каб палегчыць паглынанне чарніла.

Почырк «насталік» хутка стаў папулярным у персідскім грамадстве і атрымаў неафіцыйнае званне «нявесты ісламскіх почыркаў»: яго выкарыстоўвалі пры напісанні кніг і паэтычных зборнікаў, любоўных лістоў і адміністрацыйных дакументаў  (руск.). Да гэтага часу ў Іране вершы Хафіза, Саадзі, Румі  (руск.) і іншых паэтаў выдаюць менавіта з выкарыстаннем «насталіку». Акрамя Персіі, «насталік» атрымаў распаўсюджанне ў Сярэдняй Азіі, Пакістане і Індыі.

У час праўлення шаха Абаса (пачатак XVII стагоддзя) «насталік» зведаў сур’ёзныя змены, якія ўнёс каліграф Мір Эмад Хасані  (англ.). Перапрацаваны Хасані «насталік» выкарыстоўваецца ў Іране да гэтага часу.

Далейшы рост абароту дакументаў у дзяржаве прывёў да пошуку новых варыянтаў почыркаў, якія дазвалялі б павысіць хуткасць запісу дакументаў. У канцы XVII стагоддзя кіраўнік Герата (які ўваходзіў у той час у склад дзяржавы Сефевідаў?!) Мартэза Галі-хан Шамлу вынайшаў новы почырк — шэкастэ насталік  (руск.) (перс. شکسته نستعلیق Šekaste nasta’liq або Šekasta nasta’liq — «ламаны насталік») — адзін з традыцыйных відаў каліграфіі, які выкарыстоўвае арабскае пісьмо. Ад звычайнага насталіку адрозніваецца тым, што мае больш «разгалістыя» і даўжэйшыя лініі літар.

Узор почырку шэкастэ насталік  (руск.).

Па меры пранікнення ў Персію кнігадрукавання каліграфія станавілася прасцейшай, губляючы частку сваёй эстэтычнай прывабнасці. У XIX стагоддзі Мірза Мухамед Рыза Калхур  (руск.) — складальнік тамоў з падарожнымі нататкамі Насрэддзін-шаха  (руск.) — унёс у «насталік» чарговае змяненне: для выгоды запаўнення друкаванай формы  (руск.) чарніламі літары і рыскі зрабіліся таўсцейшымі. Акрамя таго, у гэты ж час была распрацавана тэхніка «сіях-махш»: словы і літары паўтараліся шмат разоў, так што фон каліграфічнага малюнка рабіўся чорным.

Каліграфія ў сучасным Іране

[правіць | правіць зыходнік]

У 1950-х гадах у Іране было створана Таварыства іранскіх каліграфаў  (англ.), у ліку арганізатараў якога выступілі вядомыя каліграфы Хасейн Мірхані  (перс.), Алі-Акбар Кавех  (перс.), Ібрагім Бузары, і Мехдзі Баян[2].

Новы імпульс развіццю каліграфіі ў Іране надало развіццё рэкламнай індустрыі ў 1960-х — 1970-х гадах. У гэты час паралельна развіваліся дзве школы «насталіку»: традыцыйная і новая, а таксама з’явіўся найноўшы з вядомых на сёння почыркаў персідскай каліграфіі — «маала».

Шырокай вядомасцю ў сучасным Іране карыстаюцца такія майстры каліграфіі, як Галямхасейн Амірхані  (руск.), Ятола Габалі, Махамад Эхса (вынаходнік спалучэння элементаў каліграфіі з жывапісам — «хат-нагашы» або «хаташы»), Насрала Афджэі, Хасейн Зендэрудзі, Ферэйдун Амідзі[3]. Шэраг каліграфаў, у прыватнасці Зендэрудзі, Джаліль Расулі  (англ.), Парвіз Танавалі  (руск.), выкарыстоўвалі элементы каліграфіі, у спалучэнні з вершамі Румі  (руск.) для дызайну адзення.

Каліграфія прадстаўлена ў шэрагу музеяў краіны — у прыватнасці, у музеі каліграфіі ў Казвіне, у Іране рэгулярна праводзяцца выстаўкі і конкурсы каліграфіі[4][5].

Зноскі

  • Азизоллах Голькарзаде. Методика персидской каллиграфии. — Баку, 1996. — 73 с.