Прэзідэнцкі палац (Варшава)
Палац | |
Прэзідэнцкі палац | |
---|---|
Pałac Prezydencki | |
52°14′34″ пн. ш. 21°00′57″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Польшча |
Варшава | Кракаўскае прадмесце, 46/48 |
Архітэктурны стыль | Класіцызм |
Архітэктар | Канстанціна Тэнкала |
Заснавальнік | Станіслаў Канецпольскі |
Дата заснавання | 1643 |
Асноўныя даты | |
1643-1646 — Будаўніцтва першага палаца |
|
Статус | Помнік культуры:[1] рэгістрацыйны нумар 247 ад 1 ліпеня 1965 года |
Стан | прэзідэнцкая рэзідэнцыя |
Сайт | prezydent.pl/wycieczka/i… |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Прэзідэнцкі палац — адна з рэзідэнцый прэзідэнта Польшчы, размешчаная на вуліцы Кракаўскае прадмесце 46/48. Іншыя назвы палаца — Палац Канецпольскіх, Радзівілаў, Любамірскіх, палац Намесніка. Падчас нацысцкай акупацыі — «Deutsches Haus».
Прэзідэнцкі палац — самы прыкметны будынак вуліцы і адначасова самы вялікі з усіх варшаўскіх палацаў[2]. Размяшчаецца паміж касцёлам кармелітаў і гатэлем «Брысталь» .
Падчас прэзідэнцтва Браніслава Камароўскага функцыі асноўнай рэзідэнцыі выконвае Бельведэрскі палац, а ў Прэзідэнцкім палацы знаходзяцца канцылярыі і офісы апарата прэзідэнта.
Гісторыя палаца[правіць | правіць зыходнік]
Першы палац на гэтым месцы быў пабудаваны для вялікага кароннага гетмана Станіслава Канецпольскага. Палац быў спраектаваны прыдворным архітэктарам Уладзіслава IV Канстанціна Тэнкалам. Гэта быў узор генуэзскай рэзідэнцыі, з першым у Рэчы Паспалітай садам італьянскага тыпу, які спускаўся да самой Віслы, якая тады цякла ля самага падножжа берагавога абрыву. Будаўніцтва пачалося ў 1643 годзе. Станіслаў Канецпольскі прызначаў палац для сваёй варшаўскай рэзідэнцыі (галоўнай яго рэзідэнцыяй былі Броды), аднак у 1646 годзе гетман памёр і працы завяршаліся ўжо яго сынам Аляксандрам[3].
Палац быў двухпавярховым, з вежкамі па баках, з тэрасамі саду, які спускаліся да прыстані на Вісле. Усё было зроблена ў адпаведнасці з прынцыпам entre cour et jardin (паміж дваром і садам)[4].
У 1659 годзе палац набыў гетман польны і маршалак вялікі каронны Ежы Себасцьян Любамірскі, аднак ужо ў 1674 годзе палац перайшоў ва ўласнасць нясвіжскай лініі Радзівілаў, стаўшы месцам частых прыёмаў, баляў і святаў. У 1694 годзе палац быў перабудаваны па праекце Карла Цэроні і Аўгусціна Лосі, а ў 1738-1740 гг. ізноў перабудаваны па праекце Антоніа Салары. Наступная перабудова, па праекце Яна Зыгмунта Дэйбла , адбылася ў 1755-1759 гадах[5].
У 1762 годзе ўладальнікам палаца стаў Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку», вядомы сваім разгульным ладам жыцця і паказнымі, вельмі дарагімі, святкаваннямі. Калі ён пасварыўся з Чартарыйскімі і каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім, то перастаў бываць у Варшаве, з-за чаго ў 1768 годзе палац быў здадзены ў арэнду Францыску Рыксу і адаптаваны для тэатра (у тым ліку для Нацыянальнага тэатра), прычым была створана асобнае каралеўскае ложа. Менавіта ў гэтым палацы была пастаўлена першая польская опера — «Ашчасценая галеча» («Nędza uszczęśliwiona»)[6] Мацея Каменскага з лібрэта Войцеха Багуслаўскага. Тэатр функцыянаваў да 1778 года, і за час свайго існавання зрабіў у палацы капітальны рамонт[7].
Хоць палац па ранейшым належаў Радзівілам, Каралю Станіславу каштавала вялікай працы вярнуць яго назад, пасля яго вяртання ў Варшаву. Палац належаў яму да 1790 года, а ў 1791-1792 гадах у перыяд чатырохгадовага сойма, у палацы праводзіліся пасяджэнні «Аб'яднання сяброў Канстытуцыі»[8].
У 1818 годзе палац быў выкуплены адміністрацыяй Царства Польскага для рэзідэнцыі намесніка. Для гэтых мэтаў палац быў цалкам перабудаваны ў 1818-1819 гадах, па праекце Крысціяна Пятра Айгнера. Палац быў перабудаваны ў стылі класіцызму, у адпаведнасці з паладыянскай схемай. Бакавыя крылы былі даведзены да лініі вуліцы, не перабудаванай засталася толькі каланада партэра будынка. Фасад таксама здабыў калоны карынфскага ордара і быў упрыгожаны дзесяццю скульптурамі працы Паўла Малінскага. Садовы бок будынка быў перабудаваны ў стылі неарэнесансу. У 1821 годзе перад палацам былі ўсталяваны каменныя львы, працы Каміла Лаўдзіні[9].
Першым (і адзіным) намеснікам, які жыў у палацы, быў генерал Юзаф Заёнчак і яго жонка Аляксандра. Яны займалі палац да 1826 года. З тых часоў палац атрымаў назву «Намесніцкі». 24 лютага 1818 года ў палацы свой першы публічны канцэрт даў Фрыдэрык Шапен, пра што нагадвае памятная дошка, усталяваная на будынку. У 20-ых гадах XIX стагоддзя перад палацам планавалася ўстанавіць помнік Юзафу Панятоўскаму, але гэта рэалізавана не было, з-за Лістападаўскага паўстання. Падчас паўстання ў палацы размяшчалася рэзідэнцыя дыктатара Юзафа Хлапіцкага і Нацыянальнага Урада. Пасля прыгнечання паўстання палац выкарыстоўваўся ў розных мэтах, а 6 сакавіка 1852 года згарэў. Пашкоджаны палац быў адноўлены ў ранейшым выглядзе да 1856 годзе па праекце Альфонса Крапіўніцкага. У свежаадрамантаваным будынку адбыўся вялікі баль у гонар Аляксандра II[10].
У 1870 годзе перад палацам быў усталяваны помнік Івану Паскевічу, а ў 1879 у Калоннай зале палаца ўпершыню публічна было выстаўлена палатно Яна Матэйкі «Грунвальдская бітва»[11].
5 жніўня 1915, пасля адыходу расійскай арміі з Варшавы, салдаты Варшаўскага батальёна, у першы раз усталявалі ля палаца вахту. Пра гэту падзею нагадвае памятная дошка на будынку. Помнік Паскевічу быў знесены ў 1917 годзе, а ў 1918 палац перайшоў у валоданне польскіх улад. У 1919-1921 палац быў адрамантаваны па праекце Марыяна Лалевіча для рэзідэнцыі прэм'ер-міністра і Савета Міністраў Польскай Рэспублікі. У бакавых крылах былі размешчаны офісы Канцылярыі Савета Міністраў[12]. Палац мала пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны, з-за таго што нацысты размясцілі ў ім гатэль-люкс з казіно, пад назвай «Deutsches Haus». З гэтай мэтай таксама быў перабудаваны інтэр'ер будынка і павялічаны цокалі львоў з боку Кракаўскага прадмесця. 4 лютага 1944 года ў Палацы Намеснікаў прайшла паніхіда па Францу Кутчэры, забітаму польскім падполлем за тры дня да таго. Тады ж была згуляная «юнкерскае вяселле» Кутчэры з яго нарвежскай каханай, якая чакала ад яго дзіцяці. Гэта была адзіная магчымасць забяспечыць дзіцяці прывілеі ад урада Трэцяга Рэйха[13].
Пасля вайны палац адрамантаваны і перапланіраваны для размяшчэння ў ім Савета Міністраў, які да таго функцыянаваў на Уяздоўскіх алеях. Перапланіроўка праводзілася пад кіраўніцтвам Тэадора Бушэ і Антонія Яварніцкага. Палац нёс прадстаўніцкія функцыі, у ім праходзілі цырымоніі ўручэння прафесарскіх званняў, навагоднія балі і сустрэчы з артыстамі. У 1955 года ў палацы прайшла цырымонія падпісання «Дагавора аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе» (Варшаўскага дагавора). У 1970 падпісаны «Дагавор аб нармалізацыі адносін паміж ПНР і ФРГ» , а ў 1989 годзе прайшлі пасяджэнні «Круглага стала»[14].
18 красавіка 1952 года ў палацы прайшла прэзентацыя праекта Палаца культуры і кавукі, у прысутнасці Льва Руднева[15].
У 1965 годзе перад палацам быў усталяваны помнік Юзафу Панятоўскаму. Да вайны помнік стаяў перад Саксонскім палацам і быў знішчаны гітлераўцамі ў 1944 годзе. У музеі Бертэля Торвальдсена ў Капенгагене датчане знайшлі мадэль арыгінала помніка і зрабілі на свае сродкі яго копію, якая першапачаткова была ўсталявана каля Старой Аранжарэі ў Лазенках[16].
У 1990 годзе пачаўся капітальны рамонт палаца, з мэтай размяшчэння ў ім рэзідэнцыі прэзідэнта Польшчы і яго канцылярыі. Тады ж палац атрымаў сваю сучасную назву. Другі паверх цалкам прызначаны для асабістых апартаментаў прэзідэнта і яго сям'і. Першым з прэзідэнтаў у палацы жыў Лех Валенса, які ў 1994 годзе перанёс рэзідэнцыю ў палац з Бельведэра. Затым палац з'яўляўся рэзідэнцыяй Аляксандра Кваснеўскага і Леха Качынскага. У 2010 годзе на будынку была ўсталявана мемарыяльная дошка загінуламу пад Смаленскам прэзідэнту Качынскаму. Пасля катастрофы плошча перад палацам стала месцам памінання загінулых і тут быў усталяваны драўляны крыж. З-за нязгоды мясцовых і царкоўных улад, крыж быў перанесены ў касцёл Св. Ганны . Браніслаў Камароўскі перанёс сваю рэзідэнцыю ў Бельведэр[17].
Экскурсіі па Прэзідэнцкім палацы[правіць | правіць зыходнік]
Наведванне Прэзідэнцкага Палаца магчыма для арганізаваных груп з панядзелку па пятніцу, з 9:00 да 15:00, па папярэднім узгадненні часу. Наведванне бясплатнае, праводзіцца гідам і доўжыцца 60 хвілін. Зацікаўленыя ў наведванні павінны паслаць запоўнены бланк просьбы[18] на e-mail wycieczki@prezydent.pl ці на факс нумар 22 695 11 09. Фірмы, якія займаюцца камерцыйнай турыстычнай дзейнасцю, не могуць заказваць наведванне. Для наведвання спатрэбіцца пасведчанне асобы.
Галерэя[правіць | правіць зыходнік]
-
Капліца
-
Галоўны Вестыбюль
-
Рыцарская Зала
-
Зала Ракако
-
Банкетная (Карцінная) Зала
-
Сіняя Зала
-
Калонная (Бальная) Зала
-
Гетманская Зала
-
Белая Зала
-
Апартаменты Прэзідэнта - Пакой адпачынку
-
Зімовы сад
-
Пярэдні пакой
-
Бібліятэка
-
Апартаменты Прэзідэнта - Кабінет Прэзідэнта
-
Сталовая
-
Апартаменты Прэзідэнта - Кабінет главы апарата Прэзідэнта
-
Лесвічная клетка
Зноскі
- ↑ Рэестр помнікаў культуры Мазавецкага ваяводства(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 верасня 2012. Праверана 31 снежня 2014.
- ↑ Pałac Prezydencki Архівавана 1 студзеня 2013.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Nędza uszczęśliwiona Архівавана 12 красавіка 2010.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Warszawikia. Wszystko o Warszawie.
- ↑ Wniosek o zwiedzanie Архівавана 12 студзеня 2014.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Прэзідэнцкі палац (Варшава)