Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Вавулічы)
Праваслаўны храм | |
Свята-Раства-Багародзіцкая царква | |
---|---|
52°13′09,78″ пн. ш. 25°21′32,70″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Вавулічы |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Пінская і Лунінецкая епархія |
Архітэктурны стыль | Заходнепалеская школа дойлідства |
Будаўніцтва | 1737 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000189 |
Стан | працуе |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Раства-Багародзіцкая царква — царква ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы ў в. Вавулічы, Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці.
Пабудавана ў 1737 годзе ў баку ад плошчы, на перакрыжаванні асноўных вуліц вёскі. На абгароджаным участку адвольнай формы царква стварае ансамбль з брамай і званіцай. Перабудавана ў 1845 годзе[1].
Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Помнік народнага драўлянага дойлідства. Кампазіцыя будынка складаецца з прамавугольнага ў плане зруба і падоўжнага пяціграннага прыруба апсіды, агульны двухсхільны дах над якой пераходзіць у гранёна-пірамідальны. Кроквенная страха стварае трохвугольныя застрэшкі ў месцы злучэння зрубаў, гонтавы дах пластычна выгнуты. Гэта ўзбагачае святлоценявую пластыку архітэктуры. Вільчык даху па цэнтры завершаны васьмігранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. З усходняга боку да апсіды прырублена рызніца пад пакатым пакрыццём.
Галоўны паўднёвы фасад завершаны трохвугольным франтонам з шырокім, пакрытым гонтам адлівам ламанага профілю. Да галоўнага фасада далучаны нізкі ашаляваны прытвор каркаснай канструкцыі. Сцены ашаляваны вертыкальна дошкамі з нашчыльнікамі, арытмічна забраны лапаткамі, расчлянёны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі.
Унутраная прастора мае бэлечнае перакрыцце. Лапаткі на іх адпавядаюць знадворным. Драўляны іканастас, выкананы ў 1830-я гг., уключаў у сябе саламяныя царскія вароты, якія зараз захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і абраз 18-19 стст. «Раство Багародзіцы». Новы іканастас быў спраектаваны брэсцкім архітэктарам Мсціславам Барташэўскім 13 снежня 1870 года[2].
Асобна размешчана двух’ярусная званіца. Першы ярус ашаляваны, як і царква, завяршаецца карнізам з вялікім вынасам і адлівам над ім. Другі скразны ярус па вышыні і шырыні роўны першаму, у ніжняй частцы гарызантальна ашаляваны. Званіца накрыта пакатым чатырохсхільным гонтавым дахам з прагібам над кансолямі бэлек. Невялічкая брама таксама мае двухсхільны гонтавы адліў.
Зноскі
- ↑ НГАБ у г. Гродна, ф. 8, воп. 1, спр. 401; ф.1, воп.19, спр. 1004, арк. 9 — 29.
- ↑ Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 22. — Мінск: «Права і эканоміка», 2017. — С. 78
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.
- Лабачэўская, В. А. Мастацтва дзеля славы Божай: саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы / В. А. Лабачэўская. — Мінск : Беларуская навука, 2018. — 263 с. : іл.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Вавулічы) на Вікісховішчы |
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Вавулічы) на сайце Radzima.org
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Вавулічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Вавулічы) на сайце «Архіварта»