Сялец (вадасховішча)
Сялец | |
---|---|
Каардынаты: 52°36′30″ пн. ш. 24°56′00″ у. д.HGЯO | |
Вышыня над узроўнем мора | 140 м |
Даўжыня | 11,8 км |
Шырыня | 4,1 км |
Плошча | 20,7 км² |
Аб'ём | 0,0563 км³ |
Даўжыня берагавой лініі | 33,5 км |
Найбольшая глыбіня | 5,4 м |
Сярэдняя глыбіня | 2,7 м |
Плошча вадазбору | 681 км² |
Упадаюць | Ясельда, Хотава |
Выцякаюць | Ясельда |
Год напаўнення | 1985 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сяле́ц[1][2] — вадасховішча, размешчанае на поўначы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі. Знаходзіцца ў 7 км ад горада Бяроза, каля аграгарадка Сялец.
Даўжыня вадасховішча складае 11,8 км, найбольшая шырыня — 4,1 км. Даўжыня берагавой лініі — 33,5 км. Найбольшая глыбіня 5,4 м, сярэдняя — 2,7 м. Аб’ём вады — 56,3 млн м³, сярэдні штогадовы сцёк 101 млн м³.
Створана ў 1985 годзе ў абалоне ракі Ясельда для водазабеспячэння сажалак рыбгаса «Сялец», увільгатнення глеб, добраўпарадкавання прылеглых населеных пунктаў. Галоўнае гідратэхнічнае збудаванне — земляная намыўная плаціна даўжынёй 4,3 км з хвалеўстойлівым верхавым адхонам. Агараджальная дамба цягнецца на 13,9 км. Ваганні ўзроўню вады на працягу года складаюць 2,5 м. Катлавіна вадасховішча выцягнутая ў напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Плошча вадазбору складае 681 км²[2][3]. Вадазбор раўнінны, перасечаны меліярацыйнымі каналамі[3].
З паўночна-ўсходняга боку і з поўдня гаспадарчыя сажалкі аддзелены ад абвадной дарогі ірвом, які перашкаджае падыйсці да сажалак. Маецца толькі пара месцаў, дзе праз роў пракладзены праезд.
Пабудовай вадасховішча былі знішчаны рэчкі Радахоч і Тураса. На вадасховішчы засталося некалькі вялікіх адкрытых астравоў, вусцевая зона моцна зарасла трыснягом. Па берагах растуць хвойныя і яловыя лясы, забалочаныя алешнікі.
Вадасховішча часткова ўваходзіць у склад рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Буслаўка» [4]. У паслягнездавы перыяд на берагах і астравах вадасховішча і прылеглых да яго тэрыторыях канцэнтруецца больш за 20 тыс. водна-балотных птушак. Найбольш шматлікімі ў гэты час з’яўляюцца лыска (Fulica atra), качка-крыжанка (Anas plathyrynchos), вялікі баклан (Phalacrocorax carbo), шэрая (Ardea cinerea) і вялікая белая чаплі (Egretta alba).
Нестабільнасць узроўню вады на вадасховішчы ў перыяд гнездавання прыводзіць да масавага знішчэння птушыных гнёзд.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сяле́ц // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 336. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Сяле́ц // Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 360. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Сяле́ц // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 63. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сайт ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Архівавана 19 верасня 2020.