Трэйлавы бег
Лёгкая атлетыка Трэйлавы бег | |
---|---|
Характарыстыкі | |
Катэгорыя | на адкрытым паветры |
Паверхня | перасечаная мясцовасць |
Трэйлавы бег (англ.: trail running), або трэйлранінг, трэйл — лёгкаатлетычная бегавая дысцыпліна, якая прадугледжвае бег па перасечанай мясцовасці і бездарожжы, якая праводзіцца на розных тыпах ландшафту (уключаючы грунтавыя дарогі, лясныя сцежкі, вузкія сцяжынкі, пясок, снежныя сцежкі і г. д.) у натуральных умовах на адкрытай мясцовасці (горы, раўніны, лясы, пустыні і г. д.) і там дзе наогул адсутнічаюць дарогі (бездарожжа). Гонкі па трэйлу не маюць абмежаванняў па дыстанцыі і перападам вышынь пры выбары маршруту спаборніцтваў. Трэйл, як бегавая дысцыпліна, уключае асобныя элементы кросу і горнага бегу.
У жніўні 2015 года Кангрэс ІААФ прызнаў трэйлавы бег адной з дысцыплін лёгкай атлетыкі[1]. Рэгулюе і санкцыянуе спаборніцтвы па трэйле Міжнародная асацыяцыя трэйлавага бегу (ITRA)[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Цяжка вызначыць дакладную дату нараджэння трэйлранінгу; аднак першыя арганізаваныя гонкі адбыліся ў ЗША ў Каліфорніі. Адной з першых была гонка Dipsea Trail Race. Забегі на трываласць Western States 100 Mile і Leadville Trail 100 (1983) таксама з’яўляюцца аднымі з піянераў гэтага віду спорту, за імі знакавымі сталі Marathon des Sables у Марока (1986) і Grand Raid de La Réunion (1989)[2].
Трэйлавы бег перажыў бум у 2000эх гадах у Еўропе са з’яўленнем забегаў Манблан Ультратрэйл у 2003 годзе, за якім адбыліся шматлікія іншыя гонкі. Сёння бег па перасечанай мясцовасці хутка распаўсюджваецца ў Азіі і Паўднёвай Амерыцы.
Міжнародная асацыяцыя трэйлавага бегу (ITRA) была заснавана ў 2013 годзе з мэтай прасоўвання трэйлавага бегу ва ўсім свеце і прадастаўлення голасу ўсім бакам, якія ўдзельнічаюць у гэтым відзе спорту. У 2015 годзе трэйлранінг быў прызнаны Міжнароднай асацыяцыяй лёгкаатлетычных федэрацый дысцыплінай лёгкай атлетыкі.
Колькасць арганізаваных трэйл гонак вырасла на 1000% з 2008 года па 2018 год са 160 да больш чым 1800 ва ўсім свеце[3].
Асаблівасці дысцыпліны
[правіць | правіць зыходнік]Экіпіроўка
[правіць | правіць зыходнік]Многія трэйлавыя бегуны аддаюць перавагу спецыяльна распрацаваным красоўкам з вельмі рыфленай падэшвай, якія нашмат больш жорсткія, чым у абутку для звычайнага бегу. Да таго ж, красоўкі для гэтай дысцыпліны звычайна вышэй асфальтавых і маюць адмысловы ўстойлівы профіль падэшвы для забеспячэння ўстойлівасці на няроўных паверхнях[4][5].
Рыштунак для трэйла можа вар’іравацца ў залежнасці ад канкрэтнай трасы і ўмоў надвор’я. Можа ўключаць воданепранікальную адзежу, бутэлькі з вадой, сонцаахоўны крэм, сонцаахоўныя акуляры, гетры, спрэй ад насякомых, налобныя ліхтары. Некаторыя бегуны па перасечанай мясцовасці прымацоўваюць да падэшвы абутку лёгкія коткі, каб палепшыць счапленне на снезе і лёдзе. Звышлёгкія паходныя палкі ці трэкінгавыя палкі можна выкарыстоўваць для павелічэння хуткасці і ўстойлівасці. Альтэрнатыўны спосаб насіць з сабой ваду — выкарыстоўваць гідратар з трубкай для піцця[6], які можна насіць у заплечніку ці паясной сумцы[7].
Па правілах Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі трэйлавыя гонкі не прадугледжваюць выкарыстанне адмысловага абсталявання, напрыклад, альпінісцкага рыштунку. Выкарыстанне паходных палак можа быць дазволена арганізатарамі гонкі. Арганізатар гонкі можа рэкамендаваць або ўвесці абавязковы рыштунак з улікам умоў, якія, як чакаецца, узнікнуць падчас гонкі, што дасць магчымасць спартсмену пазбегнуць праблемных сітуацый або забяспечыць магчымасць падаць сігнал трывогі і чакаць у бяспечных умовах прыбыцця дапамогі[8].
Пункты аказання дапамогі
[правіць | правіць зыходнік]Пункты аказання дапамогі — гэта фізічныя кантрольныя пункты, звычайна размешчаныя праз кожныя 5-10 кіламетраў трасы. Пункты ультрамарафону часта забяспечваюцца прадуктамі, якія забяспечваюць бегуноў хутказасваяльным цукрамі, якія могуць забяспечыць неабходны зарад энергіі, калі ўзровень глікагену пачынае падаць[9].
Аднак існуюць шматдзённыя забегі, якія не забяспечваюць ніякай падтрымкі, акрамя вады і медыцынскай дапамогі, і патрабуюць ад удзельнікаў несці ўвесь свой рыштунак (ежу, спальны мяшок, зменнае адзенне, компас). Самым вядомым прыкладам такіх забегаў з’яўляецца Marathon des Sables, які ўпершыню быў праведзены ў 1986 годзе.
Забегі
[правіць | правіць зыходнік]У свеце
[правіць | правіць зыходнік]Міжнародная асацыяцыя трэйлавага бегу і Міжнародная асацыяцыя ультрамарафонцаў пачалі праводзіць чэмпіянаты свету па трэйле з 2007 года з перыядычнасцю раз на два гады. Пачынаючы з 2015 года чэмпіянат праводзіўся штогод[10].
Пасля 2019 года асобны чэмпіянат свету па трэйле быў адменены, а наступныя чэмпіёны свету па трэйле будуць вызначацца ў рамках аб’яднанага чэмпіянату свету па горным і трэйлавым бегу, першы з якіх прайшоў у 2022 годзе[11].
Акрамя чэмпіянату свету праводзіцца вялікая колькасць трэйлавых забегаў па ўсім свеце. Забегі, за якія налічваюцца рэйтынгавыя ачкі можна знайсці ў календары забегаў на сайце Міжнароднай асацыяцыі трэйлавага бегу. Асацыяцыя распрацавала крытэрыі, якія дапамагаюць ацэньваць і сертыфікаваць маршруты, забяспечваючы тым самым дакладнае ўяўленне аб затрачаных намаганнях. У залежнасці ад дыстанцыі, перападу вышынь узровень складанасці гонкі ацэньваецца па шкале ад 0 да 6 балаў[12].
У Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]У Беларусі таксама праводзяцца трэйлавыя забегі: забегі ад Федэрацыі Прыгодніцкіх Гонак, забегі серыі «Ласіная сцежка», Bison Trail у Сілічах і Раўбічах, трэйлавыя забегі ад Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Некаторыя гонкі былі ўключаны ў сусветны каляндар і за іх налічваюцца рэйтынгавыя ачкі: марафон «Налібакі»[13], серыя забегаў «Жук-трэйл»[14], Kaspersky Race[15], трэйл «Вітаўт»[16], трэйл «Дарога замкаў»[17], трэйлы «Зіма партызанская»[18] і «Зіма мінус 100»[19].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ IAAF Congress, Beijing, China, 19 August 2015 — Day 1 notes (англ.). IAAF (19 жніўня 2015). Архівавана з першакрыніцы 15 ліпеня 2018. Праверана 27 сакавіка 2018.
- ↑ а б Trail Running (англ.). Сусветная лёгкая атлетыка. Архівавана з першакрыніцы 7 лютага 2024. Праверана 18 лютага 2024.
- ↑ Finn, Adharanand (2 красавіка 2018). "When 26.2 miles just isn't enough – the phenomenal rise of the ultramarathon". The Guardian(англ.). Архівавана з арыгінала 13 мая 2019. Праверана 13 мая 2019.
- ↑ Pasteris, Joe. What’s the Difference Between Road and Trail-Running Shoes? (англ.). REI. Архівавана з першакрыніцы 12 ліпеня 2023. Праверана 11 ліпеня 2023.
- ↑ Trail Running Shoes Can be Worn on the Road, Too (англ.). Verywell Fit. Архівавана з першакрыніцы 12 ліпеня 2023. Праверана 12 ліпеня 2023.
- ↑ Trail Running Basics (англ.). Архівавана з першакрыніцы 1 жніўня 2023. Праверана 1 жніўня 2023.
- ↑ Hydration for Running: A Beginner's Guide (англ.). REI. Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2024. Праверана 20 верасня 2023.
- ↑ Book of Rules - Official Documents (англ.). Сусветная лёгкая атлетыка. Архівавана з першакрыніцы 13 лютага 2024. Праверана 19 лютага 2024.
- ↑ Team, Run Infinite. Making The Most of Aid Stations (англ.). Run Infinite (8 мая 2019). Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2023. Праверана 10 кастрычніка 2023.
- ↑ Ultra Marathon Statistics - IAU Trail WC (англ.). Deutsche Ultramarathon Vereinigung e.V.. Архівавана з першакрыніцы 4 чэрвеня 2016. Праверана 27 сакавіка 2018.
- ↑ IAAF, ITRA and WMRA forge new partnership to host combined trail and mountain running world championships (англ.). Сусветная лёгкая атлетыка. Архівавана з першакрыніцы 16 кастрычніка 2020. Праверана 16 кастрычніка 2020.
- ↑ ITRA Score (англ.). ITRA. Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2022. Праверана 19 лютага 2024.
- ↑ Naliboki # 13 2021 (англ.). ITRA. Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2024. Праверана 19 лютага 2024.
- ↑ Žuk Trail # 26 "Hajna" 2024 (англ.). ITRA. Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2024. Праверана 19 лютага 2024.
- ↑ Kaspersky Race 2021 (англ.). ITRA. Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2024. Праверана 19 лютага 2024.
- ↑ Trail "Vitovt" 2020 (англ.). ITRA. Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2024. Праверана 19 лютага 2024.
- ↑ Doroga zamkov (Castle road) 2019 (англ.). ITRA. Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2024. Праверана 19 лютага 2024.
- ↑ Zima partizanskaya 2021 (англ.). ITRA. Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2024. Праверана 19 лютага 2024.
- ↑ Winter minus 100, fourth year 2020 (англ.). ITRA. Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2024. Праверана 19 лютага 2024.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Трэйлавы бег на Вікісховішчы |