Налібакі (спаборніцтва)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марафон «Налібакі»
Арганізатар Федэрацыя Прыгодніцкіх Гонак
Стварэнне 2009
Перыядычнасць кожны год
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Марафо́н «Налі́бакі» — штогадовае маштабнае мультыспартыўнае спаборніцтва сярод бегуноў, веласіпедыстаў і мультыспартсменаў, якое праходзіць у канцы мая ў Налібоцкіх лясах[1]. Удзел у спаборніцтве могуць прымаць як прафесійныя спартсмены, так і аматары, якія жадаюць актыўна адпачыць на прыродзе. Найбуйнейшы аматарскі старт па трэйле і кроскантры-марафонах у Беларусі[2][3]. Арганізатар — Федэрацыя Прыгодніцкіх Гонак.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Медаль фінішора 2023

У маі 2009 года Федэрацыя Прыгодніцкіх Гонак пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму арганізавала першы марафон «velcom Налібакі». Арганізатары прапанавалі пераадолець дыстанцыю ў 180 км на веласіпедзе са стартам у горадзе Маладзечна або дыстанцыю бегавога (пешага) ультрамарафону 80 км са стартам у г.п. Івянец. Удзельнікі абодвух маршрутаў фінішавалі каля горада Стоўбцы. Дыстанцыі маршрутаў былі разбіты на некалькі этапаў: кожны ўдзельнік мог пераадолець дыстанцыю часткова, прайшоўшы толькі некалькі этапаў і адправіўшыся наўпрост на фініш на аўтатранспарце, які даваўся арганізатарамі. Пераможцам лічыўся той, хто пераадолеў па маршруце максімальную дыстанцыю і зрабіў гэта хутчэй за ўсіх. Пераможцам бегавога ўльтрамарафону, з вынікам 7 гадзін 8 хвілін, стаў майстар спорту міжнароднага класа і рэкардсмен РБ у сутачным бегу Валерый Канарскі. Колькасць удзельнікаў першага марафону склала 199 чалавек, з іх: 155 — на веласіпедзе і 44 — бегам[4].

У 2009-2011 гадах галоўным спонсарам была кампанія Velcom, у гонар якой спаборніцтва мела назву «velcom Налібакі».

У 2010 годзе прадстаўлены новыя маршруты: асноўны старт быў дадзены ад сцен Мірскага замка ў пасёлку Мір Гродзенскай вобласці, а фініш гонкі — каля горада Стоўбцы Мінскай вобласці на беразе ракі Нёман. У тым годзе да веласіпеднага (каля 190 км) і бегавога (каля 80 км) маршрутаў дадаўся новы водны марафон (каля 50 км) па рацэ Нёман. Як і раней, дыстанцыі былі разбіты на некалькі этапаў. 356 спартсменаў-аматараў прынялі ўдзел у спаборніцтве[5].

У 2011 годзе старт і фініш быў у пасёлку Мір. Маршруты праходзілі па тэрыторыі Налібоцкай пушчы і іх працягласць склала: трэкінгавы — каля 80 км, веласіпедны — каля 190 км і водны — 60 км па рэках Сула, Нёман і Уша[6]. Усяго прынялі ўдзел больш за 400 аматараў бегу, веласіпеда і веславання на байдарках[7].

У 2012 годзе афіцыйная назва спаборніцтва была «life:) Налібакі» ў гонар галоўнага спонсара life:). У 2012 годзе не было воднага маршруту, але арганізатары ў параўнанні з папярэднімі гадамі пашырылі колькасць маршрутаў. На выбар веласіпедыстаў былі прадстаўлены чатыры дыстанцыі ад 50 да больш за 210 кіламетраў, якія складаюцца з некалькіх этапаў. Для бегуноў — два маршруты каля 50 і 75 км, разбітых на некалькі этапаў. Старт і фініш — на беразе вадасховішча ў п. Паланевічы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. 508 удзельнікаў пераадолела дыстанцыю[8].

У 2013 годзе ў пяты юбілейны марафон «Налібакі» ўведзены новы клас — мультымарафон, які ўключаў у сябе чаргаванне дысцыплін веласіпед і бег, а таксама «дапоўнены» сплавам па рацэ Бярэзіна і фінішным вяровачным этапам. Таксама новыя маршруты праходзілі па паўночнай частцы Налібоцкай пушчы. Месца старту і фінішу было размешчана ў адным і тым жа месцы — у маляўнічай даліне ракі Заходняя Бярэзіна, непадалёк ад чыгуначнай веткі Ліда-Маладзечна і аўтамагістралі Мінск-Вільнюс. На старт выйшла каля 700 чалавек[9][10].

Марафон «Налібакі» ў 2014 годзе прайшоў у чатырох відах: веламарафон (дыстанцыі ад 40 км да 200 км); бегавы (пешы) марафон (дыстанцыі ад 40 км да 85 км); водны марафон (поўная дыстанцыя ~90 км, скарочаная дыстанцыя ~55 км); мультыспартыўны марафон (поўная дыстанцыя ~160 км). Старт і фініш — турбаза «Высокі бераг» Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. У спаборніцтве прынялі ўдзел больш за 1100 чалавек з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Малдовы, Італіі[11].

Марафон «RSport Налібакі» (тытульны спонсар — магазін RSport) праходзіў 23-24 мая 2015 года. Ён перамясціўся за межы Налібоцкай Пушчы. У тым годзе базавы лагер размясціўся каля Вілейскага вадасховішча. Маршруты марафона праходзілі па маляўнічых мясцінах Вілейскага і Лагойскага раёнаў. Марафон сабраў 1270 чалавек на васьмі дыстанцыях. Больш за 1000 гледачоў прыехала заўзець за спартоўцаў[12].

У 2016 годзе марафон прайшоў у бегавой, веласіпеднай і мультыспартыўнай дысцыплінах у маі, а для аматараў каякаў і байдарак летам адбыўся асобны водны марафон «Налібакі`16»[13]. Цэнтр спаборніцтваў размяшчаўся на тэрыторыі хутара «Шаблі» Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Маршруты марафона былі пракладзены па паўночнай частцы Налібоцкай Пушчы, а таксама па крутых узгорках Ашмянскага ўзвышша. Дыстанцыі праходзілі па Валожынскім, Смаргонскім, Маладзечанскім і Іўеўскім раёнах[14][15][16].

У 2017, 2018 і 2019 гадах па тры веладыстанцыі, тры бегавыя трасы, мультыспартыўная дыстанцыя былі ў рамках спаборніцтваў[17][18][19].

У 2020 годзе старт быў запланаваны 23 мая, але з-за пандэміі COVID-19 быў перанесены на верасень[20].

У 2022 годзе спаборніцтвы прайшлі ў змененым фармаце — адсутнічаў мас-старт і ўдзельнікі стартавалі па меры гатоўнасці і самі выбіралі час старту[21][22].

XV юбілейны марафон «Налібакі» прайшоў у 2023 годзе. У сувязі з увядзеннем IV класа пажаранебяспекі і абмежаваннямі на наведванні лясоў у раёнах правядзення спаборніцтваў былі змененыя маршруты спаборніцтваў. Былі выключаныя дробныя лясныя дарогі і сцежкі з маршрутаў і перанесеныя на шырэйшыя. А таксама з-за змены заканадаўства і адмены дзеючага раней дазволу на выкарыстанне маламерных судоў падчас забароны на лоўлю рыбы былі адмененыя водны марафон і водны этап у мультымарафоне. У пятнаццатым марафоне «Налібакі» здолелі фінішаваць 2045 чалавек[23].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Палатачны лагер на Налібаках

Спаборніцтва праводзіцца напрыканцы мая ў выхадныя дні. Удзельнікі мерапрыемства пражываюць у палатках, для чаго арганізуецца вялікае намётавае мястэчка пад адкрытым небам. Заезд удзельнікаў і размяшчэнне ў цэнтры спаборніцтваў пачынаецца ўжо ў пятніцу ўвечар. Для зручнасці ўдзельнікаў арганізаваны трансфер на месца старту.

На выбар удзельнікаў ёсць тры тыпы гонак:

  • Веламарафон — крос-кантры марафон (XCM) — велагонка па перасечанай мясцовасці.
  • Трэйл — бег па перасечанай мясцовасці на вялікія адлегласці.
  • Мультымарафон — комплексная гонка, якая ўключае этапы веламарафона, трэйла, сплаву.

Даўжыня дыстанцый ад 1 да 200 км.

Маршруты праходзяць па лясных дарогах і сцежках Налібоцкай пушчы. Пакрыццё на дыстанцыі – грунтавыя дарогі, сцежкі; вялікая колькасць пясчаных дарог; магчыма гразь. На маршрутах у асноўным невялікія перапады вышынь. У сувязі з асаблівасцю падрыхтоўкі дыстанцый на перасечанай мясцовасці – даўжыня трасы можа вар’іравацца ў межах 5-10%, адносна папярэдне заяўленай.

Усе маршруты пракладзены ў адзін круг, са стартам і фінішам у цэнтры спаборніцтваў. На маршруце арганізавана некалькі пунктаў для кантролю і харчавання ўдзельнікаў. Для іх устаноўлены прамежкавы кантрольны час, пасля якога ўдзельнікі накіроўваюцца на скарочаны маршрут. На старце, у некалькіх прамежкавых кропках і на фінішы арганізаваны электронны хронаметраж. Арганізатары даюць трэк у электронным выглядзе і маркіроўку трасы на мясцовасці. А ўдзельнікі самастойна вызначаюць свае патрэбы ў навігацыі — і могуць дадаткова выкарыстоўваць электронныя навігацыйныя прылады, уласныя карты, компас.

Паколькі маршруты праходзяць праз Налібоцкую Пушчу, дзе не заўсёды ёсць мабільная сувязь і інтэрнэт, то ўдзельнікі павінны мець абавязковы рыштунак. Спіс абавязковага рыштунку залежыць ад віду і даўжыні дыстанцыі. Гэта можа быць: медыцынская аптэчка, мабільны тэлефон, ліхтар ці фара, велашлем, выратавальная камізэлька і г.д.

Многія ўдзельнікі прыязджаюць на спаборніцтва сем’ямі, каб адпачыць на прыродзе, паспаборнічаць ці прагуляцца ў сваё задавальненне. Юныя атлеты ва ўзросце да 15 гадоў могуць паўдзельнічаць у дзіцячым трэйле на 1 км. Таксама ёсць асобны «Дзіцячы лагер» з выхавацелямі-аніматарамі.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Заказнік "Налібоцкі" — Велапрагулкі . Рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Налібоцкі". Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2024. Праверана 14 лютага 2024.
  2. Островчанка завоевала золото из Налибокской пущи (руск.). Газета «Астравецкая праўда» (11 чэрвеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 22 верасня 2022. Праверана 14 лютага 2024.
  3. Инга Ласмане Очередной спортивный подвиг совершил Иван Леонов из Гродненского района на крупнейшем любительском марафоне «Налибоки»(руск.) // «Перспектива» : газета. — 2020. — 18 сентября — № 72. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 15 лютага 2024.
  4. Марафон "velcom Налибоки" (руск.). Промвад Тур. Архівавана з першакрыніцы 6 жніўня 2023. Праверана 14 лютага 2024.
  5. Марафон "velcom Налибоки`10" (руск.). Промвад Тур. Архівавана з першакрыніцы 4 снежня 2021. Праверана 14 лютага 2024.
  6. «velcom Налібокі» – новыя маршруты любімага марафону . А1 (18 мая 2011). Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2024. Праверана 14 лютага 2024.
  7. Марафон "velcom Налибоки'11" (руск.). Промвад Тур. Архівавана з першакрыніцы 6 жніўня 2023. Праверана 14 лютага 2024.
  8. Марафон "life:) Налибоки'12" (руск.). Промвад Тур. Архівавана з першакрыніцы 6 жніўня 2023. Праверана 14 лютага 2024.
  9. Каляндар падзей у Беларусі: май 2013 . Belarus.by (30 красавіка 2013). Праверана 14 лютага 2024.
  10. Марафон "Налибоки" (руск.). Промвад Тур. Архівавана з першакрыніцы 6 жніўня 2023. Праверана 14 лютага 2024.
  11. Марафон "Налибоки'14" (руск.). Промвад Тур. Архівавана з першакрыніцы 6 жніўня 2023. Праверана 14 лютага 2024.
  12. Марафон "RSport Налибоки`15" (руск.). Промвад Тур. Архівавана з першакрыніцы 6 жніўня 2023. Праверана 14 лютага 2024.
  13. Водный марафон «Налибоки»'16 (руск.). Федэрацыя Прыгодніцкіх Гонак. Архівавана з першакрыніцы 19 верасня 2021. Праверана 14 лютага 2024.
  14. Марафон "Налибоки`16" пройдет по Минской и Гродненской областям (руск.). БелТА (26 мая 2016). Архівавана з першакрыніцы 18 чэрвеня 2022. Праверана 14 лютага 2024.
  15. Маршрут марафона «Налибоки-2016» пролегает через четыре района Беларуси. (руск.). Onliner.by (27 мая 2016). Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2024. Праверана 14 лютага 2024.
  16. Марафон "Налибоки'16" (руск.). Промвад Тур. Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2021. Праверана 14 лютага 2024.
  17. Любительский марафон "Налибоки'17" состоится в Минской области (руск.). БелТА (18 мая 2017). Архівавана з першакрыніцы 17 чэрвеня 2022. Праверана 14 лютага 2024.
  18. Юбилейный марафон для сильных духом... (руск.). Могилевская областная организация БПРЗ (18 ліпеня 2018). Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2024. Праверана 14 лютага 2024.
  19. Марафон «Налибоки» (руск.). Промвад Тур. Архівавана з першакрыніцы 10 мая 2021. Праверана 14 лютага 2024.
  20. Налибоки 2020 (руск.). Федэрацыя Прыгодніцкіх Гонак. Архівавана з першакрыніцы 29 красавіка 2022. Праверана 14 лютага 2024.
  21. Экстремальный марафон "Налибоки" стартовал в Воложинском районе (руск.). Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (29 мая 2022). Архівавана з першакрыніцы 19 кастрычніка 2023. Праверана 14 лютага 2024.
  22. Марфон Налибоки 2022 (руск.). Федэрацыя Прыгодніцкіх Гонак. Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2023. Праверана 14 лютага 2024.
  23. Пятнадцатый марафон «Налибоки» (руск.). Федэрацыя Прыгодніцкіх Гонак. Архівавана з першакрыніцы 27 мая 2023. Праверана 14 лютага 2024.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Прома відэа «Марафон Налібакі» 2021