Перайсці да зместу

Туніка (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Туніка
(Yoron)
Фота 1901 г.
Агульная колькасць 951 (разам з білоксі, 2010 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова туніка
Рэлігія політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы

Туніка (саманазва: Yoron) — індзейскі народ на поўдні ЗША. У нашы дні аб’яднаны ў індзейскую нацыю туніка-білоксі (951 чал. у 2010 г.).

Туніка — карэнныя жыхары ніжняй плыні Місісіпі. У сярэдні і позні місісіпскія перыяды яны сфарміравалі развітую земляробчую культуру на ўсходзе сучаснага Арканзаса, якая мела меркавана цэнтралізаванае кіраванне. У сярэдзіне XVI ст. праз паселішчы туніка праходзіў шлях іспанскай экспедыцыі Эрнанда дэ Сота.

Да канца XVII ст. туніка былі выціснуты куапау на ўсходні бераг Місісіпі. У 1699 г., калі былі ўсталяваны першыя кантакты з французамі, іх агульная колькасць не перавышала 1000 чалавек. Галоўным заняткам з’яўлялася земляробства і пасрэдніцкі гандаль, мясцовыя насельнікі амаль не палявалі. Туніка жылі ў вёсках, што атачалі галоўную вёску, будавалі круглявыя хаціны з гліны. У вёсках на пагорках узводзілі храмы, дзе заўсёды палала вогнішча. Іх абслугоўваннем і арганізацыяй абрадаў займаліся жрацы. Жанчыны насілі кароткую спадніцу з махрамі, вытканую з раслінных валокнаў, мужчыны апраналі толькі скураную насцегнавую повязь, а маленькія дзеці звычайна хадзілі голымі. Цела ўпрыгожвалі татуіроўкамі, зубы чарнілі.

У 1700 г. сярод туніка пачала працаваць французская каталіцкая місія. Аднак з-за нападаў чыкаса ў 1706 г. яны перасяліліся на поўдзень да вусця Рэд-Рывер, дзе да іх далучылася частка білоксі. Акрамя таго, у склад туніка ўваходзілі прадстаўнікі іншых плямён. Так, у 1730 г. правадыры далі дазвол на пасяленне выхадцаў з племені натчэз, што ратаваліся пасля задушэння іх паўстання французамі. З апошнімі туніка захоўвалі саюзныя адносіны, што дазваляла ім весці актыўны гандаль. Важным заняткам стала конегадоўля і продаж коней французскім пасяленцам. Езуіты паведамлялі, што правадыр туніка апранаўся па французскай модзе і меў значныя багацці. У 1960-х гг. у мястэчку Трудо, раней населенага туніка, быў знойдзены скарб, які ўключаў шматлікія металічныя прадметы, фарфор, агнястрэльную зброю. У 1763 г. туніка ўдзельнічалі ў абароне Новага Арлеана ад брытанцаў. Тым не меней, зносіны з еўрапейцамі мелі і адмоўны бок. Туніка пакутвалі ад завезеных хвароб, ад якіх не мелі імунітэту, іх традыцыйная культура хутка разбуралася.

Палітычная нестабільнасць і скарачэнне насельніцтва вымусілі туніка асесці каля сучаснага горада Марксвіл[en]. На працягу XIX ст. гэты раён апынуўся ў адноснай ізаляцыі з-за пераарыентавання гандлёвых шляхоў пасля далучэння да ЗША. У 1841 г. амерыканскія махляры адабралі ў туніка частку зямель і забілі іх правадыра Меланкона. Яны захоўвалі імёны сваіх наступных правадыроў у сакрэце, займаліся паляваннем, рыбалоўствам, працавалі на плантацыях пасяленцаў еўрапейскага паходжання. У другой палове XIX ст. цікавасць з боку амерыканскіх навукоўцаў садзейнічала адраджэнню некаторых звычаяў, у тым ліку штогадовага свята кукурузы.

У 1981 г. туніка і білоксі былі прызнанымі з боку федэральных улад ЗША як індзейская нацыя і атрымалі права стварыць аўтаномную рэзервацыю плошчай 1 682 км².

Родная мова туніка (саманазва: Luhchi Yoroni) з’яўляецца ізалятам. У 1948 г. памёр яе апошні носьбіт. Тым не меней, яна была дастаткова добра вывучана лінгвістамі. У 1941 г. была апублікавана яе граматыка, у 1953 г. — слоўнік. У нашы дні робяцца захады для яе адраджэння.