Перайсці да зместу

Чыцімача

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чыцімача
(Čitimaaša)
Малюнак 1870 г.
Агульная колькасць 1250
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова чыцімача
Рэлігія культ продкаў, політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы

Чыцімача (саманазва: Čitimaaša) — індзейскі народ на поўдні ЗША. Агульная колькасць (2010 г.) — 1250 чалавек.

Лічыцца, што продкі чыцімача першасна фарміраваліся на захад ад рэчышча Місісіпі, але каля 2500 гадоў таму перасяліліся ў дэльту ракі. У эпоху Місісіпскай культуры ў іх склалася сацыяльна распластаванае грамадства. У канцы XV ст. іх агульная колькасць магла дасягаць 20 тысяч чалавек, але да канца XVII ст. з-за эпідэмічных хвароб скарацілася да 4 тысяч чалавек.

Першыя кантакты з еўрапейцамі чыцімача ўсталявалі ў 1699 г., калі на паўночным узбярэжжы Мексіканскага заліва з'явіліся французскія перасяленцы. Яны ўступілі ў саюз з індзейцамі, якіх чыцімача ўспрымалі як ворагаў. Таму перыяд з 1700 г. да 1718 г. суправаджаўся сталымі ваеннымі сутычкамі, якія скончыліся разгромам усходніх паселішчаў чыцімача. Пад ціскам французаў выжылыя перасяліліся на поўнач раней занятых тэрыторый.

На працягу XVIII ст. і XIX ст. колькасць чыцімача працягвала скарачацца, так што ў 1900 г. захавалася толькі 6 сем'яў заходняй часткі народа (55 чалавек). Яны вялі адносна ізаляваны лад жыцця і займаліся пераважна паляваннем і дробным гандлем. Выжылыя ўсходнія чыцімача былі асіміляваны каджунамі яшчэ ў пачатку XIX ст.

Нягледзячы на дэмаграфічную катастрофу, што нападкала гэты народ, фармальна ён захоўваў правы на валоданне значнымі тэрыторыямі на захадзе дэльты Місісіпі. Яна прадавалася па частках, паколькі ў чыцімача не было грошай для выплаты падаткаў. У 1915 г. была прададзена апошняя зямля, праз 2 гады выкупленая федэральным урадам і пераданая былым уладальнікам у якасці аўтаномнай рэзервацыі. Такім чынам, чыцімача сталі першым карэнным народам ніжняй плыні Місісіпі, прызнаным федэральнымі ўладамі.

14 студзеня 1971 г. чыцімача прынялі Канстытуцыю, якая адзначыла пераход улады ад вярхоўнага правадыра да выбранай рады. На базе рэзервацыі быў створаны шэраг прадпрыемстваў, у тым ліку казіно і атэляў, што дазваляюць фінансаваць унутраныя праграмы сацыяльнага і культурнага развіцця.

Традыцыйная культура

[правіць | правіць зыходнік]

Да кантактаў з еўрапейцамі чыцімача насялялі нізінныя землі з частымі паводкамі, дзе будаўніцтва вёсак і занятак земляробствам былі абмежаваны нешматлікімі пясчанымі ўзвышшамі. Тым не меней, яны распрацавалі дастаткова эфектыўную сістэму апрацоўкі сельскагаспадарчых культур, якая ўключала комплекснае вырошчванне кукурузы, гарбузоў і фасолі. Земляробствам займаліся жанчыны, а таму зямля перадавалася па спадчыне па жаночай лініі. Мужчыны лавілі рыбу, палявалі на птушак, аленяў і алігатараў. Рамяство цалкам не было аддзелена ад іншых заняткаў. Кераміка нагадвала традыцыйныя плеценыя кашы. Шматлікія рачныя пратокі з'яўляліся натуральнымі шляхамі, па якіх перамяшчаліся на вялікіх лодках, выдзеўбаных у цэльным ствале дрэва. Гандаль з паўночнымі плямёнамі дазваляў абменьваць апрацаваныя скуры, пер'е і кукурузнае збожжа на каменныя прылады і зброю.

Вёскі былі буйнымі, часам налічвалі да 500 жыхароў. Іх будавалі па плану, які ўключаў некалькі колаў з хацін, што апаясвалі цэнтральнае ўзвышша, часам ім была штучная тэраса. Мяркуюць, што на ўзвышшы ўзводзілі грамадскія будынкі, у тым ліку храм. Жытлы былі каркаснымі, абмазанымі глінай і крытымі саломай. Асноўная вопратка мужчын і жанчын уяўляла сабою скураную насцегнавую повязь. Чыцімача пакрывалі цела татуіроўкамі, дэфармавалі чэрапы ў раннім узросце так, каб лоб заставаўся шырокім і плякатым.

Традыцыйнае грамадства было сацыяльна распластаваным. Выразна вылучаліся пласты высакародных і звычайных абшчыннікаў, прычым іх статус перадаваўся па спадчыне. Існавалі нават моўныя звароты, характэрныя толькі для прадстаўнікоў кожнага з пластоў. Захопленых у палон падчас войнаў ператваралі ў рабоў. Структура традыцыйнай сям'і вывучана дрэнна. Вядома, што высакародныя практыкавалі палігінію, прычым бралі жонак рознага паходжання. Паколькі адлік сваяцтва вёўся па маці, то ў адной сям'і маглі гадавацца дзеці з розным сацыяльным статусам. У чыцімача вылучаліся родавыя арганізацыі, назвы якіх адпавядалі пэўным татэмным жывёлам. Акрамя таго, яны стваралі тэрытарыяльныя аб'яднанні некалькіх узроўней. Усяго налічваліся 4 найбуйнейшыя тэрытарыяльныя аб'яднанні, іх назвы чыцімача, чаваша, васа і яганечыта паходзяць з мовы чакта. На чале ўсіх аб'яднанняў стаяў вярхоўны правадыр.

Войны, эпідэміі, рэзкія скарачэнні насельніцтва і перасяленні прывялі да разбурэння традыцыйнага грамадства і асіміляцыі. У 1940 г. памерла апошняя носьбіт мовы чыцімача. Тым не меней, сучасная нацыя чыцімача робіць захады для адраджэння некаторых традыцыйных рыс, у прыватнасці развівае выраб керамікі і пляценне.