Перайсці да зместу

Франц Феліксавіч Блус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Франц Феліксавіч Блус
Род дзейнасці паэт
Месца нараджэння
Дата смерці 8 (20) снежня 1884
Месца смерці
Грамадзянства
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Франц Феліксавіч (Ілья Піліпавіч) Блус (?, Быхаўскі павет, Магілёўская губерня, цяпер Чавускі раён, Магілёўская вобласць — 8 (20) снежня 1884, Тыфліс) — агітатар, аўтар вершаваных твораў манархісцкага кірунку 2-й паловы 19 ст.

Паходзіў з сялян Даўгамохскай воласці Быхаўскага павета (цяпер Чавускі раён Магілёўскай вобласці)[1].

Паводле некаторых звестак, служыў чыноўнікам на Магілёўшчыне. Заўзяты манархіст і праціўнік вызваленчага руху. У 1862 г., ва ўмовах рэвалюцыйнага ўздыму, напісаў на беларускай мове, якой добра валодаў, вершаваныя гутаркі «Прамова старавойта да сялян аб свабодзе» і «Прамова старавойта (для чытання маім землякам)», у якіх заклікаў сялян да пакоры і цярпення, славіў цара і сялянскую рэформу 1861 г., даводзіў справядлівасць сацыяльнай няроўнасці.

Па распараджэнні губернатара гутаркі былі вельмі аператыўна надрукаваны ў Магілёве і выкарыстаны для спынення сялянскага руху. Паводле звестак архіўнай справы, што зберагаецца ў ЦДГА (Пецярбург), у 1863 г. Ф. Блус напісаў яшчэ нейкі твор «супраць агітатараў польскага паўстання».

Пасля паўстання 1863 г. працаваў на чыгунцы ў Бузулуку, быў звольнены, некаторы час жыў у Самары, дзе, паводле водзываў улад, «вёў жыццё разгульнае, бавячы час у гасцініцах». Звалі яго ў гэты час Ілья Піліпавіч. Гэта значыць, што пад гутаркамі 1862 г. ён паставіў несапраўдныя імя і імя па бацьку (Франц Феліксавіч) або змяніў іх у далейшым (магчыма, пры пераходзе з каталіцызму ў праваслаўе).

На пачатку 1881 г., незадоўга да забойства Аляксандра II, прыслаў міністру ўнутраных спраў некалькі вершаў на рускай мове, прысвечаных цару, і прасіў надрукаваць іх для чытання на фабрыках і заводах, каб супрацьдзейнічаць агітацыі «дэмакратаў-сацыялаў». Пры гэтым ён спасылаўся на свой беларускі вопыт 1862 г. Вершы 1881 г. было дазволена надрукаваць з некаторымі купюрамі (выкінуты радкі аб беднасці і ўціску народа). Далейшы лёс іх не высветлены.

У снежні 1884 у газеце «Кавказ», якая выходзіла ў Тыфлісе, з'явілася паведамленне аб раптоўнай смерці селяніна Ільі Піліпава Блуса. Па якіх справах Блус быў у Тыфлісе, невядома.[2]

Значэнне творчасці

[правіць | правіць зыходнік]

Беларускія гутаркі Ф. Блуса — цікавы дакумент эпохі. Незалежна ад намераў аўтара, у іх адлюстраваліся рэаліі тагачаснага народнага жыцця, антыпрыгонніцкія настроі сялянства, іх абыякавасць да рэлігіі і г.д. Некаторыя даследчыкі звязваюць з Ф. Блусам таксама ананімную празаічную брашуру «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», выдадзеную ў Магілёве (1861 г.), аўтарам якой лічыцца А. Кісель.

Зноскі

  1. Аблажэй — Брыль – Белліт  (14 ліпеня 2023). Праверана 22 ліпеня 2024.
  2. Брыль, Антон Францішак. Шункевіч, Блус і іншыя: росшукі з гісторыі беларускай літаратуры XIX ст. // Роднае Слова. №12 / 2023.
  • Блус Франц // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. Т.1.- Мн.: БелЭн, 1992.-С.294-295.
  • Блус Франц Феліксавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.2.-Мн.: БелЭН, 1996.-С.197.
  • Блус Франц Феліксавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. Т.1.-Мн.: БелСЭ, 1984.-С.457.