Фрыдрых IV (граф Ціроля)
Фрыдрых IV | |
---|---|
Нараджэнне | 1382[1][2][…] |
Смерць |
24 чэрвеня 1439 |
Месца пахавання | |
Род | Габсбургі |
Бацька | Леапольд III |
Маці | Вірыдзіс Вісконці |
Жонка | Elisabeth of the Palatinate[d][3] і Anna of Brunswick-Lüneburg[d][3] |
Дзеці | Сігізмунд, Margaretha of Habsburg[d][4], Elisabeth von Habsburg[d][4], Hedwig von Habsburg[d][4] і Wolfgang von Habsburg[d][4] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Фрыдрых IV Пустая кішэнь (ням.: Friedrich IV. mit der leeren Tasche; 1382 — 24 чэрвеня 1439, Інсбрук) — герцаг Пярэдняй Аўстрыі, граф Ціроля з 1406 года. З Леапальдзінскай лініі дынастыі Габсбургаў, заснавальнік цірольскай галіны Габсбургаў.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Фрыдрых IV быў малодшым сынам аўстрыйскага герцага Леапольда III Добрага і Вірыдзіс Вісконці, прынцэсы Міланскай.
У 1402 годзе Фрыдрых быў прызнаны герцагам, аднак толькі пасля смерці свайго старэйшага брата Вільгельма ў 1406 годзе ён, падзяліўшы землі з астатнімі братамі, атрымаў уласныя ўладанні — Ціроль.
У 1411 годзе, пасля смерці іншага бяздзетнага брата, Леапольда IV, пасля чарговага падзелу габсбургскіх зямель, Фрыдрыху IV адышла таксама Пярэдняя Аўстрыя — Форарльберг і група невялікіх уладанняў, раскіданых па Эльзасе, Швабіі і паўночнай Швейцарыі.
Першыя гады кіравання Фрыдрыха IV у Ціролі і Пярэдняй Аўстрыі адзначыліся абвастрэннем сацыяльных канфліктаў. Ужо ў 1401 годзе паўсталі сяляне кантона Апенцэля, незадаволеныя ўзмацненнем эксплуатацыі абатам Санкт-Галена. Войскі Фрыдрыха, пасланыя на дапамогу абату, былі разбіты сялянскім апалчэннем у 1405 годзе пры Штосэ. Гэта стала сігналам да пашырэння паўстання на Форарльберг, дзе яго падтрымалі практычна ўсе абшчыны гэтай вобласці.
Затым паднялі мяцеж свабодныя сяляне заходняга Ціроля. Паўстанцы аблажылі Брэгенц. Фрыдрыху IV удалося ў Швабіі набраць новую армію, якая нанесла паражэнне паўстанцам у Форарльбергу. У 1408 годзе ўдалося заключыць мір коштам пацверджання забароны на аднаўленне разбураных паўстанцамі замкаў феадалаў. Апенцэль так і не ўдалося вярнуць у арбіту габсбургскай манархіі: у 1411 годзе ён увайшоў у склад Швейцарскай канфедэрацыі на правах кантона. Праўда, у 1408 годзе ў склад уладанняў Фрыдрыха IV увайшоў Лаўфенбург, былое ўладанне малодшай лініі Габсбургскага дому.
Неўзабаве пасля завяршэння сялянскага паўстання пачалося супрацьстаянне Фрыдрыха IV і арыстакратыі Ціроля і Форарльберга. Мясцовае дваранства актыўна выкарыстоўвала цірольскі ландтаг для ціску на герцага і выбіцця з яго новых саступак і прывілеяў.
У 1414 годзе Фрыдрых IV выступіў у падтрымку антыпапы Яна XXIII і быў ім прызначаны сцяганосцам (ганфаланьерам) Царквы. Пасля адрачэння Яна, Фрыдрых дапамог таму бегчы ў Шафгаўзен, які належаў яму, што выклікала канфлікт герцага з імператарам Сігізмундам, які на Канстанцкім саборы ў маі 1415 года, нягледзячы на маленні Фрыдрыха аб памілаванні, абвясціў няміласць Фрыдрыху IV і канфіскацыю яго зямель. Адразу ж мноства дваран і гарадоў абвясцілі Фрыдрыху вайну і напалі на яго землі. Больш за ўсё захапілі швейцарцы, якім імператар Сігізмунд абяцаў аддаць у леннае ўладанне ўсе землі, якія яны адбяруць у Фрыдрыха.
На дапамогу Фрыдрыху прыйшоў яго брат, герцаг Унутранай Аўстрыі Эрнст Жалезны. Пры падтрымцы штырыйскіх войскаў і мясцовага апалчэння цірольскіх гарадоў удалося даць адпор імперскаму ўварванню ў Ціроль, аднак Фрыдрых IV быў вымушаны адмовіцца ад Ааргау — найстарэйшага радавога ўладання Габсбургаў, якое ў 1417 годзе ўвайшло ў склад Швейцарыі. У 1418 годзе Сігізмунд вярнуў Фрыдрыху большую частку яго ўладанняў.
У 1420-х гадах сітуацыя ва ўладаннях Фрыдрыха IV, нарэшце, стабілізавалася. Гэтаму ў немалой ступені спрыяў пачатак прамысловай распрацоўкі сярэбраных рудняў Ціроля, якія далі прыток грашовых сродкаў і значна палепшылі эканамічнае становішча рэгіёна.
Вялікае значэнне Фрыдрых IV надаваў падтрымцы гандлю і развіццю гарадоў, якія складалі галоўную апору ўлады герцага. Ён перанёс сваю рэзідэнцыю з Мерана ў Інсбрук, які да таго часу ўжо з'яўляўся найбуйнейшым гарадскім цэнтрам альпійскага рэгіёна.
У Інсбруку ў 1439 годзе Фрыдрых IV і сканаў, пакінуўшы спадчыннікам малалетняга сына Сігізмунда.
Шлюб і дзеці
[правіць | правіць зыходнік]- (1407) Лізавета Пфальцкая (1381—1408), дачка Рупрэхта Пфальцкага, караля Германіі
- (1411) Ганна Браўншвайгская (1390—1432), дачка Фрыдрыха, герцага Браўншвайг-Люнебурга
Сын:
- Сігізмунд (1427—1496), герцаг Пярэдняй Аўстрыі і граф Ціроля
Зноскі
- ↑ Lundy D. R. Friedrich IV Herzog von Österreich // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Friedrich // opac.vatlib.it
- ↑ а б (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ а б в г Lundy D. R. The Peerage
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Фота на Вікісховішчы |
- Фридрих Пустой карман // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Митрофанов, П., «История Австрии с древнейших времён до 1792 года» — Москва, 2003 год.
- Пристер, Е., «Краткая история Австрии». — Мск., 1952 г.
- Шимов, Я., «Австро-Венгерская империя». — М., 2003
Папярэднік Леапольд IV |
граф Ціроля 1406—1439 |
Пераемнік Сігізмунд |
герцаг Пярэдняй Аўстрыі 1411—1439 |