Футбольны манеж (Мінск)
Футбольны манеж | |
---|---|
Месцазнаходжанне | Беларусь, Мінск |
Пабудаваны | 2002 |
Адкрыты | 26 снежня 2002 |
Архітэктар | Міхаіл Львовіч Гаўхфельд, Віталь Віталевіч Руцкі і Уладзімір Ігаравіч Архангельскі |
Уладальнік | Мінгарвыканкам |
Умяшчальнасць | 3 000 / 4 800[1] |
Памеры поля | 105×68 м |
Пакрыццё | Штучны газон |
Сайт | maneg.by |
Футбольны манеж — спартыўны і культурна-відовішчны комплекс у Мінску. Размешчаны па адрасе праспект Пераможцаў, 20/2.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Будаўніцтва спартыўнага комплексу пачалося з рэканструкцыі 16 футбольных палёў і будынка гарадской школы футбола. У ёй размешчаны зала 36х18 м, трэнажорныя залы, дзесяць блокаў раздзявалак з душавымі і два аздараўленчыя блокі з саўнамі і басейнамі[2].
Будаўніцтва манежа вялося ў дзве чаргі. Першая чарга была скончана ў 2002 г. Пабудаваны трэніровачны футбольны манеж са стандартным полем 68х105 м[2]. Урачыстае адкрыццё манежа адбылося 26 снежня 2002 года. Эксплуатацыя і ўтрыманне будынка даручаны ТАА «Манеж», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Мінгарвыканкам, Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола», ТАА «Трайпл»[1].
Крайняя абмежаванасць фінансавання і тэрмінаў будаўніцтва прадыктавала рашэнне пра размяшчэнне на пярэднім плане з боку пр. Машэрава (цяпер пр. Пераможцаў) другога аб'екта — спартыўна-аздараўленчага цэнтра, які можа працаваць у аўтаномным рэжыме і ў комплексе з манежам (здадзены ў эксплуатацыю ў студзені 2004 г.).
У 2005 манеж прымаў першы міжнародны юнацкі турнір на прызы Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола».
У 2004, 2005, 2006 і 2008 у манежы праведзены 5 матчаў сусветнай групы Кубка Дэвіса з камандамі Расіі, Аргенціны, Іспаніі, Швецыі і Швейцарыі.
У 2009 годзе ў спартыўным комплексе прайшоў міжнародны конкурс прыгажосці «Міс інтэркантыненталь».
На стадыёне праводзіліся матчы Суперкубка Беларусі (2010, 2011, 2012, 2013, 2014). Таксама на стадыёне гуляюцца матчы Кубка Беларусі (у сувязі з дрэнным станам газонаў адкрытых стадыёнаў у веснавы перыяд).
Апроч футбола і тэніса ў манежы праводзіліся спаборніцтвы па ўсходніх адзінаборствах, чэмпіянат Беларусі па сучасных танцах і сцэнічным мастацтве, Чэмпіянат свету па танцах сярод інвалідаў-калысачнікаў, міжнародны турнір па каратэ «Sunker Cup»[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Узведзены па праекце архітэктараў інстытута «Мінскпраект» М. Гаўхфельда, В. Руцкага, У. Архангельскага[2]. Уяўляе сабой будынак з металічнымі арачнымі перакрыццямі (даўжыня 103 м, вышыня 24 м; канструктары К.Глебка — Белпраектстальканструкцыя, Васіль Здасюк — Мінскпраект і інш.[2]) і алюмініевымі купальнымі вітражамі[3]. Пакрыццё манежа стварыла гіганцкі распор у слабых забалочаных грунтах поймавай тэрыторыі р. Свіслач. Распор гасіцца металічнымі, абетанаванымі зацяжкамі‚ размешчанымі пад пакрыццём футбольнага поля. Такая канструкцыя дазволіла пад адным дахам размясціць футбольнае поле, трэніровачныя залы і бегавую дарожку даўжынёй 110 м[2].
У асноўнай зале (120×100 м) размешчаны футбольнае поле (105×68 м)[3], пакрытае сінтэтычнай травой апошняга пакалення[2], трыбуны-трансформеры, зоны для падрыхтоўкі спартсменаў і размінкі футбалістаў. З правага боку далучаецца адміністрацыйна-бытавы корпус, у якім знаходзяцца раздзявалкі, абсталяваныя саўнамі, міні-басейнамі і масажнымі памяшканнямі. Футбольны стадыён трансфармуецца для валейбола, баскетбола, гандбола і іншых мерапрыемстваў. Разлічаны на 5 тыс. наведвальнікаў[3].
Перад комплексам знаходзіцца парадная плошча з фантанам і скульптурнай кампазіцыяй «Бег»‚ якая мусіла ўвайсці ў склад новага спартыўна-аздараўленчага парку «Вяснянка»[2].
Зноскі
- ↑ а б в Інфармацыя пра манеж
- ↑ а б в г д е ё Спортивные сооружения. Михаил Гаухфельд. 12.07.2004
- ↑ а б в Мінскі футбольны манеж // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 5. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мінскі футбольны манеж // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 5. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Сайт Футбольнага манежа