Трайпл

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Трайпл»
Тып бізнес, прыватная кампанія[d] і прадпрыемства
Заснаванне Лістапад 1992
Заснавальнікі Юрый Аляксандравіч Чыж
Размяшчэнне Мінск, пр. Пераможцаў, д. 51, корп. 2
Галіна жыллёвае будаўніцтва[d], гандаль, сельская гаспадарка, турызм, харчовая прамысловасць, хімічная прамысловасць і грузаперавозкі
Прадукцыя антыбіётыкі, бетон, мэбля і цэгла
Чысты прыбытак
  • 65 500 000 $ (2014)
Даччыныя кампаніі «Аскаргатэрмінал», Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў, ФК «Дынама Мінск», «НафтаХімТрэйдынг», «ПрасторМаркет», «Ракаўскі бровар»
Сайт triple.by

«Трайпл» (англ.: Triple — патройны) — беларускае прыватнае прадпрыемства, заснаванае ў 1992 годзе ў Мінску.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

На 2015 г. «Трайпл» вёў жыллёвае будаўніцтва ў мінскім мікрараёне Уручча і пасёлку Лагожаск (Лагойскі раён) на 48 катэджаў. Будаўнічыя матэрыялы выраблялі даччыныя прадпрыемствы Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў (Брэсцкая вобласць), сумеснае ЗАТ «КварцКрэйдаПрам» (Хаціслаў, Маларыцкі раён, Брэсцкая вобласць) і сумеснае ТАА «Трайпл-Дэкор» (алюмініевы профіль). «АкваТрайпл» ад 16 лістапада 1994 г. вёў вытворчасць безалкагольных напояў у пластыкавых бутэльках ад паў- да 6 літраў. Даччынае сумеснае ЗАТ «ПрасторМаркет» ажыццяўляла ўніверсальны гандаль, у тым ліку страў уласнай вытворчасці, праз 5 гіпермаркетаў «Прастор» («ProStore») у Мінску. Даччынае сумеснае ТАА «НафтаХімТрэйдынг» збывала паліва праз 10 аўтамабільных заправачных станцыяў (АЗС) у Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай вобласцях. Клуб дабрабыту «Эво» аказваў паслугі аздараўлення ў Мінску.

Даччынае ЗАТ «Аскаргатэрмінал» аказвала паслугі складскога размяшчэння на мытнях у нацыянальным аэрапорце Мінск, Магілёве і Мінскім раёне (вёска Шчытомірычы). Гарналыжны курорт «Лагойск» (Мінская вобласць) падаваў паслугі ў галіне спартыўна-аздараўляльнага турызму (валейбол, водны спорт, сумо і футбол). Даччынае ТАА «Ракаўскі бровар» падавала паслугіграмадскага харчавання ў Мінску праз аднайменныя страўню і бровар, французскія кавярню і страўню «Залаты грабеньчык» (фр.: La Crête d’or), 3 кавярні «Салодкі фальварак» і адну «У Францішка». Таксама ў Мінску размяшчаўся гадавальнік сярэднеазіяцкіх аўчарак(англ.) бел. «Трайпл». Даччынае ТАА «ТрайплФарм» вырабляла парашковыя антыбіётыкі ў Лагойску (Мінская вобласць). Сельскагаспадарчы комплекс «Трайпл-Агра» (в. Чудзенічы, Лагойскі раён) займаўся жывёлагадоўляй і раслінаводствам. Таксама «Трайплу» належалі футбольны клуб «Дынама Мінск» і Лядовая арэна Бярозы (Брэсцкая вобласць).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У лістападзе 1992 г. былы кіраўнік энергаслужбы аднаго з карпусоў Мінскага трактарнага завода[1] Юрый Аляксандравіч Чыж заснаваў прадпрыемства «Трайпл» для аптовага збыту харчавання і прамысловых тавараў. У 1993 г. набыў некалькі грузавікоў для перавозу тавараў. З пачатку 1994 г. прадпрыемства стала ўдзельнікам Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавознікаў (БАМАП) і пачало падаваць паслугі адпаведных грузаперавозак. У маі пачалося будаўніцтва ўласнай вытворчасці безалкагольных напояў у пластыкавай тары (ПЭТ(англ.) бел.) і мэблі з пластмасы (ПВХ(англ.) бел.). У снежні выпусцілі першыя вырабы. У жніўні 1997 г. заснавалі даччынае прадпрыемства «Ракаўскі бровар», у склад якога ўключылі аднайменныя страўню на 430 месцаў і піўны бровар, кулінарыю і кавярню на 45 месцаў «Салодкі фальварак». Адначасна ўтварылі ўласныя праектную працоўню і будаўнічую ўправу. У лістападзе 1999 г. вылучылі даччыныя сумесныя ТАА «Трайпл-Тэхна» для вытворчасці мэблі з пластыку і алюмінія і «АкваТрайпл» для вырабу напояў, мінеральнай і пітной вады. У снежні «Трайпл» набыў 54% паёў футбольнага ЗАТ «Дынама-Мінск». У маі 2002 г. «Трайпл» асвоіў збыт нафтапрадуктаў і адкрыў у Мінску магазіны адзення марак «Бродвей» (Нью-Ёрк, ЗША), «Максіма» (Хемніц, зямля Саксонія, Германія) і «Вупі» (Нью-Ёрк).

У маі 2003 г. «Трайпл» пачаў будаўніцтва ў Лагойскім раёне (Мінская вобласць) першага ў Беларусі гарналыжнага курорту. У снежні на курорце ўвялі ў дзеянне першы спуск з 4-мясцовым крэславым пад'ёмнікам. У ліпені 2004 г., паводле Указу прэзідэнта ад 14 чэрвеня 2004 г. № 280, СВК «Верагі» плошчай 1672 га з цэнтрам у вёсцы Чудзенічы (Астрошыцкі сельсавет, Лагойскі раён) перадалі даччынаму «Трайпл-Агра», які стаў пастаўляць харчаванне на курорт. У 2005 г. курорт збудавалі ў складзе гасцініцы, пункту пракату, дому аздараўлення, крытых тэнісных пляцовак, адчыненых пляцовак для футболу і пляжнага валейболу, 2 штучных азёраў для купання і рыбалкі, некалькіх гарналыжных трасаў.

Таксама ў 2003 г. пачалі будаваць першы гіпермаркет «Прастор» (анг. «ProStore»), які адчынілі ў ліпені 2006 года. У лістападзе 2009 г. і красавіку 2010 г. у Мінску адчыніліся яшчэ 2 гіпермаркеты.

У 2005 г. даччыны «Ракаўскі бровар» адчыніў страўню «Овертайм» пры Палацы спорту ў Мінску. У 2006 г. дадаў страўню французскай кухні «Залаты грабеньчык». У 2010 г. — страўню ўзбекскай кухні «Бухара» і кавярню марожанае «Жэлато».

Пры канцы 2007 г. «Трайпл» прыдбаў за 319 млн рублёў ($148,5 тыс.)[2] ААТ «Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў», дзе ў красавіку 2009 г. пусцілі лінію вырабу блокаў з ячэістага бетону магутнасцю 320 тыс. м³ за год. У ліпені 2010 г. на заводзе пусцілі вытворчасць ходнікавай пліткі магутнасцю 320 тыс. м3 за год.

У лютым 2008 г. «Трайпл» атрымаў у канцэсію найбольшае ў Еўропе (500 млн тонаў) Хаціслаўскае радовішча крэйды і кварцавага пяску (Маларыцкі раён, Брэсцкая вобласць)[3]. Адначасна «Трайпл» пачаў будаўніцтва інфраструктуры для вынасу ваенных частак з Мінску і Мінскага раёна ў іншыя мясцовасці. Вызваленыя такім чынам ад войска сталічныя і ваколічныя пляцоўкі «Трайпл» стаў атрымліваць для будоўлі жытла. У 2009 г., паводле ўказу прэзідэнта, даччыны «Трайпл-Вялес» (у наступным «Вялес-Міт») прыдбаў Маладзечанскі мясакамбінат. У 2010 г. у Лагойску адчынілася даччынае прадпрыемства «ТрайплФарм» для вырабу антыбіётыкаў. У 2011 г. у Мінску адчынілі клуб дабрабыту «Эво». У 2014 г. «Трайпл» стаў 10-ым найбольш прыбытковым прадпрыемствам краіны[4].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]