Даўжыня цела 70—90 см, размах крылаў 120—150 см. Самка крыху меншая за самца.
Апярэнне чырвонай чаплі каштанава-бурае, спіна шэрая. Маладыя ў меншай ступені кантрастныя, ржава-шэрыя. Чырвоная чапля крыху драбнейшая за шэрую чаплю. Падобная да шэрай чаплі, але шыя і галава ржавага колеру. У палёце значна цямнейшая, без кантрасных белых плямаў на згібе крылаў, больш стройная.
Гняздуецца ў Еўропе, Паўднёвай Азіі і Афрыцы. Еўрапейскія чаплі зімуюць у Афрыцы, на поўдзень ад Сахары. У Еўропе паўночная мяжа гнездавання праходзіць на Украінскім Палессі, на тэрыторыі Беларусі рэдкі залётны від.
Чырвоная чапля жыве ў трысняговых зарасніках ля вады. Насяляе вялікія заліўныя балотныя тэрасы, парослыя трыснягом, паблізу вільготных адкрытых прастораў, зарастаючыя азёры, вільготныя палі (напрыклад, рысавыя).
Чырвоная чапля значна радзей садзіцца на дрэвы, чым іншыя буйныя чаплі. Дзякуючы доўгім пальцам можа хадзіць нават па самай топкай глебе. Калі яе спалохаць, яна выцягваецца ў трыснягу і падымае дзюбу вертыкальна ўверх, зліваючыся з навакольным асяроддзем. Гэтым яна вельмі нагадвае бугая.
Гняздо ладзіць у густым трыснягу, спружыністая аснова з сухога трыснягу (часам пакладзеная на галіны) або скрыжаваных паміж сабой раслінах; іншы раз гняздо на кусце вярбы, якая расце на сплавіне.
Яйкі (3—6) злёгку падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, зеленавата-блакітныя.