Чарнігаў (аэрадром)
Чарнігаў | |
---|---|
ІАТА: няма — ІКАА: UKRC | |
Інфармацыя | |
Краіна | |
Вышыня НУМ | 136 м |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Авіябаза «Чарнігаў» (укр.: Авіабаза Чернігів) або Аэрадром «Піўці» (укр.: Аеродром Півці) — авіябаза ва Украіне, размешчаная пад Чарнігавам (мікрараён Піўці).
Савецкі перыяд
[правіць | правіць зыходнік]У савецкія гады аб’ект меў статус ваенна-грамадзянскага аэрадрома першага класа, прыдатнага для прыёму любых лятальных апаратаў пры любых метэаўмовах. Адсюль выконваліся пасажырскія рэйсы па УССР на самалётах Ан-2. На «кукурузніках» таксама трэніраваліся курсанты ЧВАВЛ, а ваенныя выкарыстоўвалі самалёты Л-39. Палёты праходзілі кожны дзень, раз на тыдзень праводзіліся трэніроўкі парашутыстаў.
Для сувязі са сваім камандным пунктам войск СПА службамі аэрадрома выкарыстоўваўся пазыўны «Апельсін». Тут грунтаваліся тры радыёлакацыйныя групы[1].
Аэрадром выкарыстоўваўся для прыёму самалётаў Ан-12, Ан-26, Ан-22, Іл-76, а таксама Ан-124. Некалькі разоў тут сядаў і такі гігант, як Ан-225 «Мрыя»[2].
У 4 гадзіны раніцы 26 красавіка 1986 года на месца аварыі прыбыла перадавая каманда 1-й гвардзейскай арміі. На агульнай нарадзе паміж кіраўніцтвам станцыі і вайскоўцамі была прызнана немэтазгоднасць далейшага тушэння аварыйнага рэактара з зямлі. Было прынята рашэнне засыпаць яго сумессю свінцу і даламітаў для памяншэння выкідаў радыяцыі ў атмасферу. З аэрадрома паднялі на выкананне задання адзіны свабодны ў той час верталёт 1-га навучальнага авіяпалка ЧВВАВЛ Мі-8 з бартавым нумарам 20 (экіпаж: капітан Захараў, старшы лейтэнант Шыманскі, капітан Плоскі). На дашчатую платформу, падвешаную да верталёта, загрузілі мяшкі з даламітавым пяском і свінцом. Таксама на борт узялі чатырох салдат для абслугоўвання платформы. Было ажыццёўлена па меншай меры тры вылеты да аварыйнага рэактара[3].
27 красавіка на аэрадром прыбылі дзве верталётныя эскадрыллі з авіябаз у гарадах Кіраваград і Александрыя (верталёт Мі-6, Мі-8МТ). Усяго — 32 верталёты. 28 красавіка прыбыла дапамога з Кобрына — дзве эскадрыллі Мі-26. На ўсе машыны тут мантавалі платформы для пяску. Новапрыбылы асабісты склад раскватаравалі непасрэдна ў раёне Піўці.
Падчас ліквідацыі аварыі на ЧАЭС на аэрадроме праводзілі дэзактывацыю і санапрацоўку верталётнай тэхнікі і асабістага складу экіпажаў, якія ўдзельнічалі ў тушэнні аварыйнага рэактара. На пункце санітарнай апрацоўкі, разгорнутым пры аэрадроме, з 27 красавіка па 6 мая 1986 года кругласутачна праходзілі апрацоўку 50-60 верталётаў, 10-12 самалётаў і 350-400 членаў экіпажаў. Верталёты, якія прыляталі з зоны аварыі, цягнулі за сабой шлейф радыяцыйнага пылу, які асядаў у ваколіцах аэрадрома, дзе адразу жаўцела трава[1]. Ужо 30 красавіка першая група работнікаў аэрадрома і членаў экіпажаў з 38 чалавек была адпраўлена ў маскоўскі шпіталь, 1 мая адправілі яшчэ 23[1]. Калі паўстала пагроза распаўсюджвання радыяцыйнага забруджвання на сяло Піўці і наваколлі Чарнігава, было прынята рашэнне перанесці пункт санітарнай апрацоўкі на аэрадром Малійкы.
Далейшы лёс
[правіць | правіць зыходнік]Пасля распаду СССР, пры незалежнай Украіне, на тэрыторыі аэрадрома засталася толькі трэніровачная авіябаза. Па стане на 1992 год на аэрадроме грунтаваўся 701-ы авіяцыйны навучальны полк, які выкарыстоўваў самалёты Л-39[4].
Авіябаза была расфармаваная ў верасні 2004 года. На тэрыторыі часці пакінулі радыёлакацыйную ўстаноўку. У 2006 годзе планавалася ўстанаўленне радыёлакацыйнай станцыі метровага і сантыметровага дыяпазону[1].
Да 2014 годза авіябаза была практычна цалкам разбурана, на ўзлётных палосах пачалі расці дрэвы, тэрміналы цалкам разбураныя[5].
У сувязі з Крымскім крызісам і ўзброеным канфліктам на ўсходзе Украіны паўстала пытанне аб аднаўленні работы авіябазы. Планавалася эксплуатацыя самалётаў Ан-70. У 2018 годзе абмяркоўвалася стварэнне на базе аэрадрома грамадзянскага аэрапорта[2][6].
На снежань 2021 года на аэрадроме лёталі Let L-410, праводзіліся скачкі з парашутаў.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Ковалець Я. Військова тривога у Півцях. І цивільна — теж // Пульс Недели. — 7 квітня 2006. — № 14 (230). — С.4
- ↑ а б "Чи може військовий аеродром Півці бути й чернігівським аеропортом?". SVOBODA.FM. Праверана 2018-07-27.
- ↑ Ковалець Я. Летіли на реактор: розмова з полковником Юрієм Гранчаком // Деснянська правда. — 6 листопада 2014. — С. 6
- ↑ Aero L-39 Albatros: самолёт, история создания, технические характеристики (ТТХ), конструкция, модификации
- ↑ Яке майбутнє чекає на аеродром «Півці»? (укр.)(недаступная спасылка) (28 снежня 2014). Архівавана з першакрыніцы 5 Jan 2016. Праверана 31.12.2015.
- ↑ "Які перспективи чернігівського аеропорту? Коментар експерта". SVOBODA.FM. Праверана 2018-08-06.