Перайсці да зместу

Эвакуацыя дзяцей падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іспанскія падапечныя дзіцячага прытулку ў Францыі. Канец 1930-х гадоў.

Эвакуацыя дзяцей падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі — мерапрыемства ўрада Другой Іспанскай Рэспублікі пры падтрымцы МКЧК па вывазу дзяцей сваіх прыхільнікаў за мяжу ў перыяд грамадзянскай вайны 1936—1939 гадоў. Эвакуацыя пачалася ў 1937 годзе і працягвалася да завяршэння канфлікту.

Самая вялікая група эвакуявана ў Францыю (больш за 20 тысяч). Гэта былі дзеці з Краіны Баскаў, Астурыі, Кантабрыі і Мадрыда. Звычайна яны прыбывалі ў Бардо, дзе частку перасаджвалі на савецкія караблі (такія як «Фелікс Дзяржынскі», «Марыя Ульянава» і «Кааперацыя») і накіроўвалі ў СССР, а іншых размяркоўвалі па ўсёй Францыі ў прыёмныя сем’і альбо ў інтэрнаты. Савецкія прадпрыемствы і асобныя грамадзяне аказвалі пасільную дапамогу ва ўладкаванні для іх дзіцячых дамоў: прадукты харчавання, адзенне, абутак, цацкі, мэбля. Эвакуяваныя таксама былі забяспечаны магчымасцю летняга адпачынку ў дзіцячых лагерах. Так, напрыклад, у піянерскім санаторыі ў пасёлку Чонкі пад Гомелем пабывала дачка аднаго з лідараў Іспанскай Рэспублікі Далорэс Ібаруры — Амая.

Іспанскіх дзяцей прынялі таксама Бельгія (5000), Вялікабрытанія (4000) і, у меншай колькасці, Швейцарыя (800), Мексіка (455) і Данія (100).