Элегічны двуверш
Элегічны двуверш — вершаваная форма, двуверш, які складаецца з радка гекзаметра і радка пентаметра.
Элегічны двуверш быў вынайдзены паэтамі старажытнай Грэцыі; яго выкарыстоўвалі ўжо Архілох і Мімнерм, а пазней, у эліністычны перыяд — паэты александрыйскай школы, сярод іх Калімах. Ад александрыйскіх аўтараў гэты памер перанялі ў сваю чаргу рымскія паэты. Элегічным двувершам напісаныя многія вершы Катула, асобныя захаваныя ўрыўкі Кальва і Цыны. Паэты часоў ранняй імперыі, у тым ліку Авідзій, удасканалілі і развілі яго, устрожыўшы ў прыватнасці правілы пабудовы пентаметрычных радкоў. Форма працягвала ўжывацца і ў сярэднявеччы (у тым ліку рыфмаваныя варыянты), і ў перыяд Адраджэння.
У беларускай лацінамоўнай паэзіі элегічным двувершам напісаная знакамітая паэма М. Гусоўскага «Песня пра зубра» (1522). Перайшоўшы ў еўрапейскую сілаба-танічную паэзію ў некалькі змененым выглядзе (на месцы ранейшых доўгіх складоў у гекзаметры і пентаметры сталі націскныя, на месцы кароткіх — ненаціскныя), элегічны двуверш пашырыў свае жанравыя рамкі, страціў былую сэнсавую і страфічную замкнёнасць. Да яго звярталіся Гётэ, Шылер, А. Пушкін і іншыя паэты. У беларускую паэзію элегічны двуверш увёў М. Багдановіч. Зараз элегічны двуверш у беларускай паэзіі амаль не сустракаецца.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.