Перайсці да зместу

Эстадас

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эстадас
ісп. Isla de los Estados
Заліў Кука на востраве
Заліў Кука на востраве
Характарыстыкі
Плошча530 км²
Насельніцтва
  • 5 чал.
Размяшчэнне
54°49′00″ пд. ш. 64°17′00″ з. д.HGЯO
АрхіпелагВогненная Зямля
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
Эстадас (Аргенціна)
Эстадас
Эстадас
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Эстадас (Зямля Штатаў, ісп.: Isla de los Estados) — востраў ва ўсходняй частцы архіпелага Вогненная Зямля. Уваходзіць у склад Аргенціны. Плошча — 530 км². З 1991 г. мае запаведны статус. На Лос-Эстадасе знаходзіцца аргенцінская ваенная база.

Востраў Эстадас знаходзіцца на паўднёвым захадзе Атлантычнага акіяна за 30 км на ўсход ад вострава Вогненная Зямля, за 2291 км на паўднёвы захад ад Буэнас-Айрэса, сталіцы Аргенціны. Даўжыня — 62,6 км. Шырыня — ад 17,5 км да 578 м.

Востраў уяўляе сабою шэраг старажытных горных масіваў вулканічнага паходжання, злучаных кароткімі пярэсмыкамі. Найвышэйшая з гор паднімаецца да 823 м. Берагавая лінія моцна парэзана глыбокімі залівамі, бухтамі і фіёрдамі. Берагі надзвычай стромкія. На востраве ёсць кароткія рэкі і азёры ледавіковага паходжання.

Клімат вострава на поўначы больш мяккі і вільготны, чым на поўдні, што тлумачыцца пануючымі марскімі плынямі. Сярэднегадавая колькасць ападкаў перавышае 2000 мм. Частая смуга стварае дрэнную бачнасць. Узімку на вяршынях гор можа ўтварацца снежны покрыў. Улетку сярэдняя тэмпература трымаецца каля 15 °C.

Флора вострава адрозніваецца некаторай разнастайнасцю. Схілы гор пакрыты нізкім букавым лесам. Сустракаюцца зараснікі калючых хмызнякоў, у тым ліку барбарысу, папараці, розныя віды моху і лішайнікаў.

Фаўна прадстаўлена пераважна марскімі птушкамі і цюленямі. На поўдні існуе некалькі буйных калоній пінгвінаў. Дзякуючы дзейнасці чалавека на Эстадас трапілі козы і алені.

У 1981 г. падчас раскопак на поўначы вострава было выяўлена старажытнае паселішча, якое існавала ў другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. — пачатку 1 тысячагоддзя н. э. Мяркуецца, што яго стварылі перасяленцы з Вогненнай Зямлі. Аднак у пазнейшы перыяд Эстадас быў пакінуты. Зноў адкрыты 25 снежня 1615 галандскай экспедыцыяй на чале з В. К. Схаўтэнам. Першаадкрывальнікі палічылі востраў паўночным ускрайкам невядомай Паўднёвай зямлі. У 1619 г. і 1623 г. абследаваны іспанскай і французскімі экспедыцыямі. Толькі ў 1643 г. было канчаткова ўсталявана, што Эстадас з’яўляецца востравам.

З XVIII ст. востраў прыцягваў здабытчыкаў ластаногіх і пінгвінаў. У 1823 г. аргенцінскі прадпрымальнік адчыніў на Эстадасе лесапільны завод. У 1828 г. аргенцінскі ўрад прыняў пастанову аб каланізацыі Эстадаса і суседніх Фалклендскіх астравоў. Быў пабудаваны невялікі рыбалоўны порт. Але да 1832 г. аргенцінская калонія была пакінута. Новая няўдалая спроба каланізацыі адбылася ў пачатку XX ст. Нягледзячы на гэта, у 1884 г. урад Аргенціны ўключыў востраў у склад сваёй дзяржавы. Тут быў пабудаваны маяк, узгаданы ў адным з твораў Жуля Верна. У 1936 г. Эстадас перададзены пад кіраванне ВМС Аргенціны. На востраве да нашых дзён існуе невялікая ваенная база.

У 1991 г. востраў атрымаў запаведны статус. Улетку наведваецца турыстамі.