Інгапірка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эліпс

Інгапірка (ісп.: Ingapirca, ад кечуа: Inka Pirka «сцяна інкаў») — археалагічны комплекс у эквадорскай правінцыі Каньяр на месцы дакалумбавых горада і крэпасці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Інгапірка была заснавана ў сярэднявеччы індзейцамі-каньяры. Да XV ст. яна ператварылася ў горад Хатун-Каньяр са шматпакаёвымі каменнымі комплексамі. У канцы XV ст. мясцовыя землі былі заваяваны інкамі. Яны перабудавалі і пашырылі паселішча. Яго галоўным цэнтрам стала крэпасць, дзе месціўся ваенны гарнізон і захоўваўся харч. Інкі ўзвялі акведукі для забеспячэння вадой, злучылі Інгапірку з суседнімі паселішчамі праз сетку дарог. Найбольш істотныя будаўнічыя работы арганізоўваліся ў гады кіравання Уайна Капака.

Мяркуецца, што горад быў важным апорным пунктам інкскай арміі на шляху ў паўночны Эквадор. Разам з гэтым, ён выконваў функцыі адміністрацыйнага і цырыманіяльнага цэнтра. Адметна, што пасля заваявання інкі і каньяры жылі ў асобных частках. Відавочна, апошнія мелі пэўную аўтаномію. Крэпасць і горад былі пакінуты ў першай палове XVI ст., што магло быць выклікана грамадзянскай вайной у дзяржаве інкаў, эпідэміяй, а потым іспанскім заваяваннем.

Пасля іспанскага заваявання горад быў разрабаваны шукальнікамі скарбаў. Найбольшыя згубы панеслі месцы магільняў. Навакольныя землі былі падзелены паміж некалькімі памешчыцкімі сем'ямі, якія прымушалі мясцовых насельнікаў за карыстанне надзеламі бязвыплатна працаваць на іх палетках. Паміж памешчыкамі часцяком здараліся спрэчкі за ўрадлівыя тэрыторыі, у тым ліку вакол пакінутага горада. Старажытныя пабудовы не ўзнаўляліся і прыходзілі ў заняпад. Тым не меней, ужо ў каланіяльны перыяд з'явіліся даследчыцкія апісанні і спробы ідэнтыфікацыі пабудоў. Так, у 1739 г. Інгапірку наведаў і апісаў вядомы французскі навуковец і падарожнік Шарль Мары дэ ла Кандамін.

Найбольш інтэнсіўнае вывучэнне Інгапіркі пачалося ў другой палове XX ст. Археалагічныя даследаванні і мерапрыемствы па захаванню праводзяцца і ў нашы дні.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Інтыўайка

Археалагічны комплекс Інгапірка месціцца на вышыні 3160 м і займае каля 4 га. Ён уключае наступныя аб'екты:

  • Эліпс (ісп.: La Elipse) — каменнае ўмацаванне даўжынёй 37 м, шырынёй 12 м і зменнай вышынёй ад 3,5 м да 4 м на прыпаднятай платформе, замкнёнай мурам з крохкіх камянёў. Каб патрапіць сябе, трэба прайсці праз трапецападобныя дзверы з падвойным вушаком і адзінарнай каменнай перамычкай, злучаную з двума лесвіцамі. Мяркуецца, што выкарыстоўвалася як храм. З 2 пакояў, што выходзяць на захад і усход, можна назіраць узыход і заход сонца. Да фундамента прыстроены 2 прастакутныя пакоі і 2 невялікія калідоры. У іх маглі жыць служкі храма.
  • Кандамін (ісп.: La Condamine) названы ў гонар Ш. М. дэ ла Кандаміна. Уяўляе сабою падмуркі групы пабудоў уздоўж цэнтральнага калідора. Археолагі лічаць, што ў іх жылі жанчыны-служкі.
  • Плошча паміж Эліпсам і Кандамінам.
  • «Карыта» (ісп.: La Vaguada) — падвальны сектар, які выкарыстоўваўся для жылля.
  • «Склеп» (ісп.: La Vaguada) — гліняныя пабудовы паміж «Карытам» і Кандамінам для захавання харчу. У мінулым каля іх знаходзілася шырокая дарога з цвёрдым пакрыццём.
  • Пілалома (ісп.: Pilaloma) — старажытнае месца на паўднёвым усходзе ад Эліпса. Тут была знойдзена магільня каньяры з 11 пахаванымі шкілетамі і багатым інвентаром, які ўключае кераміку, золата, медзь і тканіны. Інкі выкарыстоўвалі Пілалому як месца захавання прыпасаў.
  • Бані (ісп.: Baños) — цырыманіяльныя басейны.
  • Інгачуангана (ісп.: El Ingachungana, ад кечуа: Inka chungana «гульня інкаў») — рытуальная скала на поўнач ад Эліпса. Утрымоўвае паражніны ў выглядзе ваннаў або сядзенняў, упрыгожаных барэльефамі ў форме скручаных змей.
  • Інтыўайка («цясніна сонца») — скала, знакамітая прыроднай фармацыяй у выглядзе чалавечага твару.
  • Капак-Ньян (ісп.: Kapak Ñan) — частка «каралеўскай» дарогі інкаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]