Каньяры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каньяры
(Kañari)
Агульная колькасць 170000
Рэгіёны пражывання  Эквадор
Мова каньяры, кечуа
Рэлігія татэмізм, політэізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы астатнія кечуа

Каньяры (сучасная саманазва Kañari) — этнічная група кечуа ў Эквадоры. Яе карані сыходзяць у глыбокае мінулае, калі продкі каньяры стварылі ўласную цывілізацыю, заваяваную інкамі. Агульная колькасць — каля 170 000 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паводле міфалогіі каньяры, людзі паходзяць ад мужчыны і жанчыны, што нарадзіліся з яек змяі ў возеры Кулебрыльяс. Аднак першыя пакаленні іх нашчадкаў у выніку былі знішчаны сусветным патопам. У жывых засталіся толькі два браты, якія ажаніліся на жанчынах-ара. Дзеці малодшага брата і яго жонкі сталі непасрэднымі продкамі каньяры. Іх назва складаецца са словаў «змяя» і «ара».

У мінулым продкі каньяры размаўлялі на асабістай мове, што ўваходзіла ў сям'ю вымерлых моў каньяры-пуруха́, распаўсюджанай на тэрыторыі сучаснага Эквадора. Яны былі абарыгенамі высакагор'яў Андаў, жылі пераважна на землях сучасных правінцый Каньяр і Асуай. Іх асобная культура пачала фарміравацца ў другой палове 1 тысячагоддзя н. э. і знаходзілася ў шчыльных гандлёвых зносінах з прыбярэжнай цывілізацыяй Мантэньё-Уанкавілка.

Сярэднявечная культура[правіць | правіць зыходнік]

Продкі каньяры насялялі горныя даліны паабапал асноўнага хрыбта Андаў. У кожнай з іх меліся своеасаблівыя прыродныя і кліматычныя ўмовы. Відавочна, іх асноўнымі заняткамі былі земляробства і адгонная жывёлагадоўля. Аднак найбольш важнымі для абмену, у тым ліку на далёкія адлегласці, былі здабыча і апрацоўка металаў.

Сярэднявечную кераміку прынята падзяляць на 2 асноўныя стылі: кашалома і такалшапа. Кераміка кашалома ўпрыгожвалася чырвоным і карычневым колерамі, белымі лініямі і канаўкамі. Кераміка такалшапа адметна негатыўнымі малюнкамі з накладзенымі лініямі або без іх, геаметрычнымі жалабкамі, часцяком прадстаўлена бутэлькамі і вялікімі антрапамофнымі збанамі.

Старажытныя каньяры будавалі ўмацаваныя гарады. Адным з найбуйнейшых з'яўляўся Гуапанделіг на месцы сучаснага эквадорскага горада Куэнка. Найлепей захаваліся рэшткі горада Інгапірка, значна перабудаванага ў перыяд інкскага панавання. Каньяры карысталіся месячным календаром і будавалі храмы круглай або месяцападобнай формы. Календары, знойдзеныя ў Інгапірцы, уяўляюць сабою камяні з прасвідраванымі ў іх адтулінамі ў розных палажэннях пад рознымі кутамі. Адтуліны запоўнены вадой для адлюстравання нябесных цел.

Грамадства было сацыяльна распластаваным. У знойдзеных магільнях высакародных асоб выяўлены розныя цырыманіяльныя і дэкаратыўныя прадметы з золата, срэбра і медзі. Палітычны лад старажытных каньяры нагадваў канфедэрацыю дробных дзяржаў на чале мясцовых правадыроў. Прычым, розныя правадыры мелі розны статус, так што некаторыя з іх былі вышэй за астатніх. У перыяд знешняй пагрозы яны маглі аб'ядноўвацца.

Інкскае заваяванне[правіць | правіць зыходнік]

Інкі ўварваліся ў землі каньяры каля 1463 г., аднак ім спатрэбілася на заваяванне болей за 17 гадоў. Канчаткова дзяржавы каньяры былі падпарадкаваны Тупакам Юпанкі, які інтэграваў іх у агульнапалітычную сістэму інкскай імперыі. Інкскі горад Тамебамба на месцы каньярскага горада Гуапанделіг ператварыўся ў паўночную сталіцу інкаў. Паміж ім і Кіта была пабудавана дарога, зацененая дрэвамі.

Інкі захавалі пэўную аўтаномію мясцовых правадыроў. Тупак Юпанкі ажаніўся на высакароднай дзяўчыне-каньяры. Іх сын Уайна Капак нарадзіўся ў Тамебамбе і кіраваў імперыяй інкаў з 1493 г. да 1527 г. Аднак большасць насельніцтва была ператворана імі ў міта, фактычна прыгонных, якія павінны былі несці абавязковыя натуральныя павіннасці ў выглядзе адпрацовак. Адміністрацыйнай мовай стала кечуа. Прычым, яе распаўсюджванне і выцясненне роднай мовы каньяры працягвалася і пасля іспанскага заваявання. Панаванне інкаў суправаджалася прымусовым перасяленнем мясцовага насельніцтва ў іншыя куты імперыі. Адметна, што ў Перу захаваліся групы кечуа, якія вядуць свой радавод ад перасяленцаў-каньяры, іх сувязь з сучаснымі каньяры падцвярджаецца генетыкамі.

Пасля смерці Уайна Капака падчас эпідэміі ў інкскай імперыі разгарнулася барацьба за кіраванне паміж братамі Уаскарам і Атаўальпам. Каньяры прынялі бок Уаскара, але ён пацярпеў паражэнне. Згодна пазнейшым хронікам, Атаўальпа жорстка адпомсціў каньяры. Пасля арганізаваных ім рэпрэсій выжыў толькі адзін мужчына на кожных пяць жанчын. У 1533 г. каньяры аднымі з першых падтрымалі Франсіска Пісара і ўдзельнічалі ў паходзе канкістадораў на Куска.

Да канца 1540-х гг. землі каньяры былі далучаны да іспанскіх каланіяльных валоданняў. У 1830 г. сталі часткай незалежнага Эквадора.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]