Абарыгены Аўстраліі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Абарыгены Аўстраліі

Абарыгены Аўстраліі — групы народаў, карэнных насельнікаў Аўстраліі. Тэрмін "абарыгены" выкарыстоўваецца ў дачыненні да іх з 1788 г. Агульная колькасць (разам з абарыгенамі Тасманіі і астравоў праліва Торэса) - 548 369 чал. (2011 г.)[1]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Абарыгены Аўстраліі з'яўляюцца прамымі нашчадкамі людзей сучаснага тыпу, якія пакінулі тэрыторыю Афрыкі і праз Азію дасягнулі Аўстралійскага кантынента. Мяркуецца, што перасяленне ў Аўстралію адбылося не пазней, чым 50 тысяч гадоў таму[2]. У той час узровень мора быў значна ніжэйшы, чым у нашы дні. Аўстралія і Новая Гвінея ўяўлялі сабою адзіны масіў сушы. Аднак, ён быў аддзелены ад Паўднёва-Усходняй Азіі марскім прасторам. Каб патрапіць сюды, продкі абарыгенаў павінны былі валодаць мараходнымі навыкамі. Некаторыя даследчыкі звязваюць з'яўленне людзей у Аўстраліі з вынішчэннем мясцовай мегафаўны[3].

Генетычныя даследаванні паказваюць блізкасць абарыгенаў Аўстраліі да папуасаў Новай Гвінеі. Абарыгены поўначы маюць гены дзянісаўскага чалавека[4].

Хаця засяленне Аўстраліі адбылося ў выніку аднаго перасялення[5], з цягам часу насельніцтва павялічылася. У выніку міграцый аўстралійскія абарыгены падзяліліся на мноства моўных і тэрытарыяльна-племянных груп. Аднак у міфалогіі ўсіх абарыгенаў захавалася памяць пра "час сноў", перыяд стварэння свету і ўсяго існага[6].

Дакладная колькасць абарыгенаў да пачатку еўрапейскай каланізацыі невядома. Розныя аўтары прыводзяць розныя лічбы - ад 350 тыс.[7] да 750 тыс. - 1 млн. чал.[8] Яны размаўлялі на 250 мовах і яшчэ большай колькасці дыялектаў, істотна адрозніваліся знешнім абліччам.

Лёс абарыгенаў пасля каланізацыі[правіць | правіць зыходнік]

Паліцыя супраць абарыгенаў, 1865 г.

Абрысы паўночнага захаду Аўстраліі былі вядомы еўрапейскім мараплаўцам з канца XVI ст., аднак сапраўдную цікавасць да новай зямлі яны пачалі праяўляць толькі пасля адкрыццяў Абеля Тасмана (1642 г.) і Джэймса Кука (1770 г.). У студзені 1788 г. у Аўстралію прыбылі 1350 перасяленцаў з Вялікабрытаніі. Пачаўся працэс каланізацыі, які суправаджаўся выцясненнем і знішчэннем абарыгенаў.

Першапачаткова адносіны паміж тубыльцамі і каланістамі былі прыязнымі, суправаджаліся гандлёвымі кантактамі і ўзаемадапамогай. Але хутка яны сапсаваліся, паколькі белыя перасяленцы імкнуліся захапіць зямлю і рэсурсы, ад якіх залежылі абарыгены[9]. Апошнія спрабавалі супраціўляцца і нават першымі атакаваць каланістаў, што ў выніку прывяло да жорсткіх зваротных мер.

Канадскі праваабаронца Дарыен Тыра вылучае 3 хвалі палітыкі прыгнёту абарыгенаў у Аўстраліі:

  • юрыдычная (прыніжэнне легальнага статусу, пазбаўленне законных правоў)
  • адміністрацыйная (ізаляцыя абарыгенаў адміністрацыйнымі метадамі, пазбаўленне іх карэнных тэрыторый на карысць урада)
  • ідэалагічная (меры па асіміляцыі абарыгенаў праз прыняцце хрысціянства і навучанне ў спецыялізаваных школах)

У выніку юрыдычнага ўціску абарыгены страцілі зямлю, культавыя цэнтры і крыніцы здабычы, многія былі забітыя або трапілі ў турмы. Адміністрацыйныя рэпрэсіі прывялі да згубы традыцыйнай гісторыі і рэлігіі, сродкаў існавання і сацыяльнай ідэнтычнасці. Ідэалагічны ўціск азначаў згубу сувязяў з сем'ямі, роднай мовай і культурай, а таксама негатыўнае стаўленне іншых жыхароў Аўстраліі[10]. Такім чынам, з боку афіцыйных органаў кіравання вялася планамерная палітыка рэпрэсій супраць карэнных жыхароў. Многія перасяленцы займаліся вынішчэннем абарыгенаў без усялякай санкцыі ўладаў. Абарыгены паміралі ад завезеных еўрапейцамі хвароб. Асабліва гаротны лёс напаткаў абарыгенаў Тасманіі, якія былі вынішчаны амаль цалкам. У 1876 г. было абвешчана, што памерла апошняя прадстаўніца гэтага народа.

Да пачатку XX ст. большасць карэнных аўстралійцаў знаходзілася ў залежным стане ад уладных органаў, размяшчалася ў рэзервацыях або была вымушана весці маргінальны лад жыцця ў гарадах і паселішчах. У 1920-ых гг. засталося толькі прыкладна 20 тыс. карэнных жыхароў Аўстраліі[11]. Найбольшы працэнт абарыгенаў у дачыненні да агульнай колькасці насельніцтва захаваўся ў Паўночнай тэрыторыі, хаця большасць працягвала жыць на паўднёвым захадзе. Аднак яны доўгі час былі мала прыкметнымі ў тым ліку для статыстыкі. Характэрна, што ў Канстытуцыі 1901 г. абарыгены наогул не ўзгадваліся. Нават падчас перапісу насельніцтва яны не вылучаліся ў самастойны радок. Такая сітуацыя доўжылася да 1972 г.[12]

Графіці ў Канберы заклікае абарыгенаў шукаць сваю краіну

У 1909 - 1970 гг. аўстралійскі ўрад праводзіў палітыку гвалтоўнага адымання дзяцей у бацькоў-абарыгенаў. Гэта тлумачылі тым, што карэнныя народы мелі высокі ўзровень злачыннасці, алкагалізму, наркаманіі і дзіцячай смяротнасці. Меркавалася, што дзеці абарыгенаў, выхаваныя белымі людзьмі, здолеюць увабраць еўрапейскую культуру і аддаляцца ад традыцыйнага ладу жыцця. Усяго было аднята амаль 100 тысяч чал., пазней названых "скрадзеным пакаленнем"[13]. Аднак жорсткі эксперымент скончыўся правалам, паколькі чарнаскурыя юнакі і дзяўчаты сапраўды аддаліліся ад роднай культуры, але не сталі паўнавартаснымі чальцамі аўстралійскага грамадства. Яны не прымаліся белым грамадствам і былі вымушаны ператварацца ў сацыяльных чужынцаў. Толькі ў лютым 2008 г. прэм'ер-міністр Аўстраліі прызнаў, што падобная палітыка прыносіла абарыгенам пакуты, і асабліва вылучыў прадстаўнікоў "скрадзенага пакалення"[14]. Далей справа не пайшла, бо ўрад не быў падрыхтаваны да прыняцця на сябе сапраўднай віны, несці адказнасць і выплочваць кампенсацыю.

Абарыгены імкнуліся абараняць свае правы законным шляхам. Для гэтага ў 1932 г. была створана Ліга аўстралійскіх абарыгенаў, а ў 1937 г. - Прагрэсіўная Асацыяцыя абарыгенаў. Упершыню ўсе дарослыя абарыгены атрымалі права ўдзельнічаць у федэральных і мясцовых выбарах як паўнавартасныя грамадзяне толькі ў 1962 г. У 1966 г. было прызнана права карэннага насельніцтва атрымоўваць зарплату, роўную з іншымі грамадзянамі. У 1969 г. была створана Кансультатыўная рада па справах абарыгенаў. Гэта спрыяла развіццю руху карэнных аўстралійцаў за свае правы і адраджэнню культуры абарыгенаў[15]. У сапраўдны час дзейнічае некалькі дзясяткаў праваабарончых арганізацый, культурных аб'яднанняў, тэатраў, працуюць спецыялізаваныя школы, дзе вывучаюцца родныя мовы. Згодна федэральнаму заканадаўству, абарыгены маюць пэўныя прывілегіі пры найме на працу, паступленні ва ўніверсітэты, атрыманні сацыяльнай дапамогі і г. д.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]