Авары
| Авары † | |
|---|---|
| Агульная колькасць | |
| Рэгіёны пражывання | Еўразія |
| Мова | аварская |
| Рэлігія | політэізм |
| Блізкія этнічныя групы | гуны |
Ава́ры (грэч. Άβαροι, Ουαρχωννιται; лац.: Avari; рус.: О́бры) † — саюз качавых народаў, галоўным чынам цюркамоўных, роднасных гунам.
Асноўным этнічным кампанентам авараў была частка жужаняў, якія перасяліліся з Цэнтральнай Азіі на захад і ўключылі ў свой саюз плямёны Заходняй Сібіры, Прыўралля і Паволжа. У 550—562 яны вышлі на Паўночны Каўказ. У гэты час авараў налічалася ўсяго каля 50 тыс. чалавек, у іх ліку 10 тыс. воінаў. Характэрнай рысай знешнасці аварскіх воінаў былі доўгія валасы, заплеценыя ў косы.
Да 565 года авары, разграміўшы і падпарадкаваўшы кутрыгураў на Дунаі, вышлі да меж Усходняй Рымскай імперыі (Візантыі). Аварскі хан накіраваў да імператара пасольства з трохсот сваіх супляменнікаў, запатрабаваўшы выплаты штогадовай даніны, але Юсцін II, які незадоўга да гэтага ўзышоў на візантыйскі сталец на афіцыйнай сустрэчы з пасламі (21.11.565) рашуча адмовіў аварам.
У 567 годзе пад кіраўніцтвам хана Баяна ў Паноніі ўтварылася дзяржава Аварскі каганат, захаваўшая за сабой землі да Усходняга Прыазоўя. Авары здзяйснялі набегі на славян, франкаў, лангабардаў, грузін, а таксама на правінцыі Усходняй Рымскай імперыі (Візантыі). Аварскі каганат трымаўся на ваенным падначаленні розных плямёнаў і подкупе племянной знаці. У 626 годзе авары ўмяшаліся ў зацяжную персідска-візантыйскую вайну (602—628) і разам з падуладнымі славянамі аблажылі Канстанцінопаль, але пацярпелі паразу.
Адчувальнымі для авараў былі паразы ад балгараў, якія ўтварылі ў 680 уласнае ханства, франкаў і саюза славянскіх плямёнаў, створанага ў 623 франкскім купцом Само — г.зв. «дзяржавы Само». Да канца 7 ст. авары былі выцесненыя з Паўночнага Прычарнамор'я; саслабеў іхні ўплыў у Падунаўі. Канчатковую паразу Аварскі каганат пацярпеў у канцы 8 ст., калі войскі франкаў пад кіраўніцтвам Карла Вялікага разграмілі значнейшыя аварскія крэпасці, у т.л. і сталіцу каганата — Рынг (назва ўмоўная, паселішча ў адным з рынгаў (хрынгаў) паблізу цяперашняй Цімішаары ў Румыніі). Пасля падзення Аварскага каганата авары сталі даннікамі славянскіх мараўскіх плямёнаў. У пачатку 10 ст. землі, на якіх жылі авары, былі заваяваныя венграмі і імя авараў знікла з гісторыі.
Літаратура [правіць]
- История Венгрии / Отв. ред. Шушарин В. П. — М.: Наука, 1971. — Т.1. С. 75—80