Археалагічная экспедыцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Археалагічныя раскопкі ля г. Атапуэрка. Камарка Альфос-дэ-Бургас, правінцыя Бургас, аўтаномная супольнасць Кастылія-Леон, Іспанія. 2008 г.

Археалагічная экспедыцыя — форма правядзення навукова-даследчых работ па выяўленні, фіксацыі і вывучэнні археалагічных помнікаў.

Лагатып ІГ НАН Беларусі.

У Беларусі праводзіцца ў адпаведнасці з планамі навукова-даследчых работ Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, абласных гісторыка-краязнаўчых музеяў, гістарычнага факультэта БДУ, а таксама ў выпадку пазапланавых даследчых, ахоўных ці выратавальных работ на помніках археалогіі, што знаходзяцца пад пагрозай знішчэння. Ствараецца загадам адміністрацыі ўстановы, якая мае права на правядзенне археалагічных работ (ІГ НАН Беларусі, Беларускі, Брэсцкі, Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі, Магілёўскі, Полацкі дзяржаўныя ўніверсітэты, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, а таксама Гомельскі, Магілёўскі, Мінскі абласныя гісторыка-краязнаўчыя музеі).

У структуру археалагічнай экспедыцыі ўваходзяць археалагічныя атрады і групы. Уключае кіраўніка экспедыцыі, яго намесніка, навуковых супрацоўнікаў (штатных і пазаштатных), лабарантаў, чарцёжнікаў, фатографаў і інш. (усяго 15 — 20 чал.). Абавязкі ўдзельнікаў археалагічнай экспедыцыі і размеркаванне работ у ёй рэгламентаваны Інструкцыяй аб правядзенні палявых работ. Кіраўнік археалагічнай экспедыцыі атрымлівае дазвол у ІГ НАН Беларусі, адказвае за тэхніку бяспекі ў час правядзення раскопак на археалагічных помніках, якасць работ і фіксацыю працэса раскопак, апрацоўку і захаванне здабытага матэрыялу, рэкультывацыю месца правядзення раскопак пасля іх завяршэння.

Удзельнікі археалагічнай экспедыцыі. Гродзенская вобласць, 2016.

Для археалагічных раскопак у экспедыцыю набіраюцца рабочыя, найчасцей студэнты ВНУ, якія праходзяць археалагічную практыку, а таксама мясцовыя старшакласнікі. Экспедыцыя, атрады і групы забяспечваюцца адпаведным рыштункам і абсталяваннем, пры фінансавай магчымасці — аўтатранспартам.

Вынікам работ археалагічнай экспедыцыі з'яўляецца справаздача аб даследаваннях, якую абмяркоўваюць у аддзелах і палявым камітэце ІГ НАН Беларусі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]