Гісторыя Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Гісторыя Беларусі
Coat of arms of Belarus.svg

Старажытная Беларусь
Усходнія славяне
(Полацкае княства · Тураўскае княства · Менскае княства)
Кіеўская Русь
Вялікае Княства Літоўскае
Рэч Паспалітая
Расійская імперыя
Беларуская Народная Рэспубліка
ССР Беларусі
Літбел
Беларуская ССР // Заходняя Беларусь
Аб'яднанне Беларусі
Генеральная акруга Беларусь
Беларуская ССР
Рэспубліка Беларусь·

Беларусь — краiна ва Усходняй Еўропе, мяжуе з Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвою, Латвіяй.

Старажытная Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Каменны век[правіць | правіць зыходнік]

Палеаліт[правіць | правіць зыходнік]

Засяленне тэрыторыі сучаснай Беларусі пачалося каля 100—35 тыс. гадоў таму. Лічыцца, што першымі насельнікамі на тэрыторыі Беларусі былі неандэртальцы, якія апынуліся тут у час кароткіх пацяпленняў у перыяд так званага Рыжскага абледзянення, ці яшчэ перад ім. На тэрыторыі Беларусі пакуль што не было знойдзена аніводнага шкілету гэтага перыяду, рэшткі дзейнасці былі знойдзены на стаянках Юравічы і Бердыж, якія датуюцца прыкладна 26—23 тыс. гадоў таму. Нарэшце, гэтыя даты дазваляюць у любым выпадку аднесці з'яўленне першага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі да верхняга палеаліта, якое магло жыць тут толькі пасля адступлення ці зыходу ледавіка. Колькасць насельніцтва ў верхнім палеаліце не перавышала некалькіх сотняў[1]. Каля 16 тыс. гадоў таму адбылося новае моцнае пахаладанне, і гэтая мясціны былі зноў пакінутыя.

Мезаліт[правіць | правіць зыходнік]

Апошні ледавік зышоў прыблізна 13-8 тыс. гадоў таму, пасля чаго на тэрыторыі Беларусі пачаўся мезаліт. Па меры таяння і адступлення ледавіка клімат рабіўся ўсё больш цёплым, тэрыторыя паступова пакрывалася лесам. Пераходзячы з месца на месца, чалавек паступова рухаўся на поўнач. Быў вынайдзены лук, які змяніў характар палявання. Пачалося інтэнсіўнае асваенне новых тэрыторый. На Беларусі вядома 120 мезалітычных стаянак трох асноўных археалагічных культур (грэнскай, свідэрскай і сожскай), а агульная колькасць насельніцтва складала каля 4,5 - 6 тыс. чалавек.

Неаліт[правіць | правіць зыходнік]

У эпоху неаліту (4-3 тыс. гадоў да н.э.) клімат стаў яшчэ цяплейшым. Прысвойваючая гаспадарка дасягнула свайго росквіту. На Беларусі да неаліту адносяцца плямёны нёманскай, днепра-данецкай, нарвенскай і верхнедняпроўскай культур. Вывучэнне могілак днепра-данецкай культуры на Украіне даказалі, што прадстаўнікі гэтай культуры належалі да паўночных еўрапеоідаў ці позніх краманьёнцаў. Асноўным заняткам неалітчных плямёнаў было рыбалоўства, усе астатнія заняткі не былі так распаўсюджаныя.

Бронзавы век[правіць | правіць зыходнік]

Каля 2000 гадоў да н.э. пачаўся бронзавы век, спачатку на поўдні сучаснай Беларусі. Бронза выкарыстоўвалася не так часта як камень, таму што матэрыялаў для стварэння бронзавых прылад працы - медзі і волава — тут не было. Але ж медныя і бронзавыя рэчы знаходзяць на тэрыторыі Беларусі, што сведчыць аб гандлёвых сувязях тагачаснага насельніцтва. Асноўныя культуры гэтага часу - сярэднедняпроўская, вісла-нёманская, тшцінецкая. Паступова Беларусь засялялі індаеўрапейцы, з прыходам якіх пачаўся паступовы пераход да вытворчай гаспадаркі (асноўным заняткам індаеўрапейцаў была жывёлагадоўля). З канца бронзавага веку большасць тэрыторыі сучаснай Беларусі была заселеная балтамі (гл. Культура штрыхаванай керамікі).

Жалезны век[правіць | правіць зыходнік]

Жалезны век на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачаўся ў VIII-VII ст. да н.э. У адрозненне ад медзі, на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца радовішчы жалеза (у выглядзе так званых «балотных руд» або «лугавых руд»). Мясцовыя майстры пачалі вырабляць жалезныя прылады працы. З дапамогай жалезных тапароў чалавек паступова засвоіў новы метад земляробства - падсечна-агнявы (лядны). Дрэвы зрубалі, спальвалі і попелам угнойвалі глебу. У яе высявалі зерне і баранавалі «сукаваткай», якую рабілі з верхавіны дрэва. Некалькі гадоў атрымлівалі добрае збожжа. Калі ўраджай рэзка зніжаўся, пераходзілі на новую дзялянку. Вырошчвалі проса, пшаніцу, бабы.

Ранняе сярэднявечча (VI — першая палова XIII стст.)[правіць | правіць зыходнік]

Дагэтуль застаецца адкрытым пытанне, калі ўзнікла дзяржаўнасць у народаў Усходняй Еўропы. Гэта абумоўлена недастатковасцю дайшоўшых да нашага часу пісьмовых крыніц. Вынікам гэтага стала шматлікасць тэорый, распрацаваных вучонымі розных гістарычных перыядаў, якія называюць свае даты і прычыны паходжання дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі. У адпаведнасці з нарманскай тэорыяй, якая доўгі час панавала ў дарэвалюцыйнай гістарычнай навуцы, першыя дзяржавы ва Усходняй Еўропе былі ўтвораны замежнымі князямі-варагамі ў IX ст. Аднак гэта тэорыя аспрэчвалася многімі вучонымі. Першым антынарманістам быў Міхаіл Ламаносаў, які звяртаў увагу на тое, што запрошаныя ў Расію нямецкія вучоныя ў значнай ступені прыдумалі гэтую тэорыю. У савецкі перыяд нарманскую тэорыю крытыкавалі С.У.Юшкоў, Б.Д.Грэкаў, Б.А.Рыбакоў і іншыя. Так, па меркаванні Б.А.Рыбакова, дзяржаўнасць у славян паўстала на мяжы старой і новай эры. Ён адзначаў, што археалагічныя крыніцы сведчаць аб значным эканамічным развіцці ўсходнеславянскага грамадства ўжо ў V - III ст да н.э., які ў гэты перыяд дайшоў "да ўзроўню дзяржаўнасці", аднак быў прыпынены сармацкім нашэсцем у II ст. да н.э.[2]

У IXX ст. на тэрыторыі Беларусі рассяліліся славяне. Некаторыя іх племянныя саюзы ператварыліся ў дзяржаўныя ўтварэнні — княствы, з адпаведнымі цэнтрамі — гарадамі. У крывічоў вылучыўся Полацк, у дрыгавічоўТураў. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў адбываўся складаны працэс уваходжання гэтых уладанняў у склад Кіеўскай дзяржавы. Аднак падпарадкаванне Полацкага і Тураўскага княстваў Кіеву не было пастаянным.

Знаходзячыся на ажыўленым гандлёвым шляху, Полацкае княства хутка ператварылася ў адно з вялікіх і моцных, а Полацк стаў буйным палітычным і гандлёва-рамесным цэнтрам. Найбольшага росквіту Полацкае княства дасягнула ў XI — XII ст. пры княжанні тут Усяслава Брачыславіча (10441101) і Барыса Усяславіча (1101 — 1128). Аднак у гэты час з яго раздрабілася на ўдзелы — Менскі (кан. XI — пач. XII ст.), Віцебскі (пач. XII ст.), Друцкі, Лагожскі (Лагойск, другая пал. XII ст.), утварылася Полацкая епархія.

Тураўскае княства — буйнейшае пасля Кіева, Ноўгарада і Полацка, займала вялікую тэрыторыю ў басейне ракі Прыпяць, знаходзілася ў залежнасці ад Кіева, звычайна вял.кн. кіеўскія давалі Тураў сваім трэцім сынам. 3 другой паловы XII ст. Тураўскае княства набыла незалежнасць ад Кіева і хутка раздрабілася на ўдзелы, якія трапілі ў кола інтарэсаў уладзіміра-валынскіх князёў: Пінскае, Клецкае, Слуцкае, Дубровіцкае, Сцяпанскае княствы. У XIII ст. у залежнасці ад Турава-Пінскага княства былі такія княствы, як Капыльскае, Брагінскае, Клецкае, Нясвіжскае, Мазырскае, Рэчыцкае.

Лёс тэрыторый заходняй часткі Беларусі быў не менш складаным і супярэчлівым. Буйнейшым княствам тут з'яўлялася Гарадзенскае, з якога пазней вылучыліся Новагародскае, Ваўкавыскае. У сяр. XIII ст. гэтыя землі ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

Княствы беларускіх земляў[правіць | правіць зыходнік]

Згадкі гарадоў[правіць | правіць зыходнік]

Першыя згадкі пра гарады Беларусі:

Вялікае Княства Літоўскае (другая палова ХIIІ — першая палова XVI стст.)[правіць | правіць зыходнік]

«Пагоня» — герб ВКЛ

У пачатку XIII ст. было ўтворана Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ), якое ўлучыла значную частку этнічных беларускіх земляў.

3 сярэдзіны XIII ст. ў дзяржаўнай пабудове зямель, адпаведных тэрыторыі сучаснай Беларусі, адбыліся кардынальныя змены. Землі Полацкага княства (на той час у яго ўваходзілі буйныя ўдзелы) былі ўключаны ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У аснове гэтага паступовага працэсу было мноства прычын, аднак галоўныя падпарадкаваліся мэце стварэння палітычнага, ваеннага і эканамічнага саюза паміж Полацкай і Літоўскай землямі супраць крыжакоў, галіцка-валынскіх князёў, татара-манголаў. Канчаткова Полацкая зямля ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага на правах аўтаноміі, паводле дагавора, у 1307. У 1320 туды ўвайшло Віцебскае княства.

Працэс фарміравання Вялікага Княства Літоўскага быў працяглым. Дынастычныя шлюбы, пагадненні (у рэдкіх выпадках захоп) паміж асобнымі княствамі прывялі да ўзнікнення федэратыўнага аб'яднання. Вядучую ролю ў ім адыгрывалі старажытнарускія формы кіравання дзяржавай з адпаведнымі законамі, мовай, рэлігіяй.

Пасля смерці вялікага князя Гедзіміна (1341) і адносна кароткага перыяду адасаблення некаторых тэрыторый на чале дзяржавы стаў сын Гедзіміна Альгерд (час княжання 13451377). Яго намаганнямі ўладанні Вялікага Княства Літоўскага пашырыліся і ўключалі Чарнігава-Северскія, Валынскія, Пераяслаўскія землі, Смаленскае княства, а таксама тэрыторыі ў басейнах Днястра, Паўднёвага Буга, паўднёвага Дняпра. Пасля перамогі войск Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Альгердам над войскамі Залатой Арды ў, 1363 былі поўнасцю далучаны землі паўднёва-ўсходніх раёнаў Беларусі, у тым ліку і ўладанні Тураўскага княства. У выніку ваенных дзеянняў з Маскоўскім княствам у 1368—1372 да княства былі далучаны значныя раёны на паўночным усходзе да Мажайска і Каломны.

У 1377 на княжацкі прастол узыходзіць сын Альгерда Ягайла. 3 гэтага часу пачынаецца складаны перыяд барацьбы за ўладу ў княстве паміж братам Альгерда Кейстутам, яго сынам Вітаўтам і Ягайлам. Але яна спынілася ў сувязі з узмацненнем агрэсіі Тэўтонскага ордэна. Такая ж небяспека пагражала і Польскаму каралеўству. Таму ў 1385 ў Крэўскім замку быў заключаны саюз (унія), паводле якога Ягайла быў абвешчаны польскім каралём і атрымаў новае імя Уладзіслаў I. Пасля шлюбу з польскай каралевай Ядвігай ён павінен быў далучыць да Польшчы Вялікае Княства Літоўскае і ўвесці ў ім каталіцкую рэлігію (гл.далей Крэўская унія). Гэта паслужыла пачаткам вострай унутрыдзяржаўнай барацьбы, якую ўзначаліў гродзенскі князь Вітаўт (брат Ягайлы). Ягайла і польскія магнаты вымушаны былі змяніць умовы Крэўскай уніі. 5 жніўня 1392 было заключана Востраўскае пагадненне, паводле якога за Вялікім Княствам Літоўскім захоўвалася самастойнасць (незалежны ўрад, казна, войска), а вялікім князем быў абвешчаны Вітаўт. Пагадненне таксама забараняла палякам набываць ці атрымліваць у спадчыну землі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вітаўт, абапіраючыся на сваіх намеснікаў, імкнуўся да поўнай незалежнасці дзяржавы. 3 гэтай мэтай ён збіраўся стаць каралём. Але ажыццявіць задумы перашкодзіла заўчасная смерць, магчыма, і забойства.

З канца 14 ст. вярхі ВКЛ узялі курс на саюз з Польшчай. Да 1430, падчас княжання Вітаўта, княства дасягнула максімальна вядомай магутнасці і тэрытарыяльнага пашырэння [3], аднак, хутка пачало страчваць тэрыторыі, найперш на карысць Польшчы (паўднёва-заходнія рускія землі), а з кан. 15 ст. на ўсходзе на карысць Масквы.

Пасля Крэўскай уніі ВКЛ і Польшча аб'ядналiся на аснове дынастычна-персанальнай унii пры захаванні імі пэўнай самастойнасці ва ўнутранай і знешняй палiтыцы. Неаднаразовае аднаўленне і перазаключэнне ўнiй (у 1401, 1413, 1446, 1501) сведчыць, па-першае, аб іх нетрываласці, па-другое, аб наяўнасці ў жыццi абедзвюх дзяржаў такiх фактараў, якiя падштурхоўвалi iх да зблiжэння. У XV—XVI стст. вызначылася трывалая тэндэнцыя: чым больш абвастралiся адносiны Вiльнi з Масквой, тым больш ВКЛ схiлялася да аб'яднання з Польшчай. Няўдачы ў Лiвонскай вайне, захоп войскам Iвана Грознага Прыбалтыкi i Полацка адсекла ўсходнюю i цэнтральную часткі Беларусi ад мора, што было цяжкiм ударам па гандлi. Сiлы дзяржавы былi на мяжы магчымага. Гэта вайна, як адзначалi пазней палiтыкi, прыгнала ВКЛ да новай унii з Польшчай.

Рэч Паспалітая[правіць | правіць зыходнік]

Герб Рэчы Паспалітай

У 1569 годзе Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае аб'ядналіся на федэратыўнай аснове ў новую дзяржаву — Рэч Паспалітую.

Новая дзяржава, створаная ў выніку падпісання Люблінскай уніі, была федэратыўным аб'яднаннем. У ім суіснавалі колішнія землі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства. Кардынальныя змены адбыліся пасля прыняцця Брэсцкай царкоўнай уніі (1596). Паводле яе каталіцкая і праваслаўная цэрквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай аб'ядноўваліся ва ўніяцкую (ад уніі Брэсцкага царкоўнага сабора). Новая царква была падпарадкавана папу рымскаму.

У XVII ст. адбылося інтэнсіўнае распаўсюджанне каталіцкай і ўніяцкай цэркваў па ўсёй тэрыторыі Беларусі, якія (асабліва ўніяцкая) у хуткім часе сталі дамінуючымі (пераважна для вясковага насельніцтва). Суіснаванне трох канфесій (каталіцызму, уніяцтва і праваслаўя) вызначалася не толькі канфрантацыяй або адкрытай варожасцю, але і пэўнымі рысамі спаборніцтва, імкненнем пашырыць уплыў кожнай з цэркваў на як мага большае кола жыхароў. На культурнае жыццё Беларусі ў XVII ст. значнае ўздзеянне аказала Контррэфармацыя, носьбітам якой стаў ордэн езуітаў. Дзейнасць ордэна была неадназначнай, але ў асноўным яна спрыяла бурнаму ўздыму ў той час асветніцтва, адукацыі, літаратуры, тэатра, музыкі, архітэктуры, выяўленчага мастацтва. Менавіта ў асяроддзі езуітаў разгарнулася творчасць выдатных майстроў, палемістаў, пісьменнікаў, прапаведнікаў. Рух Контррэфармацыі спрыяў уваходжанню і засваенню беларускім мастацтвам і архітэктурай стылю барока.

XVII ст. на землях Беларусі было часам няспынных ваенных дзеянняў. Асабліва значнымі былі войны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай у 1609—1634 і 1654—1667 за землі на паўночным усходзе і поўдні Беларусі, за тэрыторыі Украіны. Толькі перамір'е, заключанае ў Андрусаве (1667), спыніла гэтае супрацьстаянне. Але ўжо ў канцы XVII ст. узрасла напружанасць паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй. Гэта вылілася ў Паўночную вайну 1700—1721. Рэч Паспалітая выступала ў саюзе з Расіяй, але ваенныя дзеянні адбываліся галоўным чынам на тэрыторыі Беларусі. Складаныя знешнія абставіны, няспынныя аблогі гарадоў, пажары рабілі невыносным становішча насельніцтва Беларусі, якое выступала са зброяй супраць улад ці ратавалася ўцёкамі за межы дзяржавы.

Беларусь, знясіленая Паўночнай вайной, з бязлюднымі і разбуранымі гарадамі, спаленымі вёскамі ўяўляла жахлівае відовішча. Невыпадкова, на працягу XVIII ст. тут адбыліся моцныя сялянскія выступленні. Разам з анархічнай палітыкай магнатаў, вольнасцю шляхты гэта стварала ўмовы для правядзення буржуазна-дэмакратычных рэформ. У 1764 на каралеўскі прастол уступіў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (Аўгуст IV). Яго спробы па ўдасканаленні сістэмы кіравання дзяржавай не мелі поспеху. Шляхта па-ранейшаму не жадала бачыць той бездані, перад якой апынулася краіна. Паказальным у гэтым плане з'яўляецца ўтварэнне так званай Барскай канфедэрацыі. Штуршком для яе сталі пастанова сейма 1768 аб свабодзе веравызнання, раўнапраўя рэлігій у Рэчы Паспалітай, забарона смяротнай кары прыгонных, якая выклікала аб'яднанне рэакцыйных магнатаў і шляхты, узброенае паўстанне. Рускі стаўленік Аўгуст IV звярнуўся за дапамогай да Расіі, што і было зроблена. Мяцеж быў падаўлены, але гэта наблізіла крах краіны. У 1772 адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй, затым — яшчэ два (у 1793 і 1795). У выніку Рэч Паспалітая перастала існаваць як дзяржава. Землі Беларусі далучыліся да Расійскай імперыі.

Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII – пачатак ХХ ст.)[правіць | правіць зыходнік]

Па выніках падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя сучаснай Беларусі ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. У 1772 была створана Беларуская губерня, на базе якой у 1802 было створана Беларускае генерал-губернатарства з Віцебскай і Магілёўскай губерній, якое праіснавала да 1856. У тым жа 1802 з Літоўскай і Мінскай губерній было створана Літоўскае генерал-губернатарства, якое праіснавала да 1812. Насельніцтва Беларусі на пачатак ХІХ ст. складала прыкладна 3,3 млн. чалавек.

Уключэнне Беларусі ў моцны расійскі рынак спрыяла ажыўленню вытворчасці, развіццю прамысловасці і гандлю, сельскай гаспадаркі. Разам з тым у XIX ст. пачаўся перыяд гвалтоўнай русіфікацыі, ушчамлення ў правах насельніцтва каталіцкага і ўніяцкага веравызнання.

Беларусь у час замежных ваенных інтэрвенцый і Грамадзянскай вайны[правіць | правіць зыходнік]

Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Карта БНР, 1918

На момант Лютаўскай рэвалюцыі тэрыторыя сучаснай Беларусі была падзелена лініяй расійска-германскага фронту на ўсходнюю (да 75% сучаснай тэрыторыі) і заходнюю часткі.

На ўсходняй частцы тэрыторыі пасля Лютаўскай рэвалюцыі і адрачэння Мікалая II дзейнасць старога дзяржаўнага апарату была паралізаваная, як паўсюль у Расійскай імперыі. Пачалася палітызацыя, стыхійная дэмакратызацыя і анархізацыя жыцця.

Незалежніцкія настроі ў беларускім руху 1917 — пач. 1918 былі ў значнай ступені выкліканы палітыкай Часовага ўрада Расіі, які не хацеў лічыцца з патрабаваннямі беларускіх арганізацый аб наданні Беларусі статуса аўтаноміі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, а таксама палітыкай Савета Народных Камісараў Расіі, які вёў перагаворы з Германіяй аб лёсе Беларусі без удзелу ў іх прадстаўнікоў беларускага народу. Незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся пасля разгону Усебеларускага з'езду і пасля таго, як 3-і Усерасійскі з'езд Саветаў (студзень 1918) ухваліў гэты разгон.

25 сакавіка 1918 Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага кангрэса абвясціў Беларускую Народную Рэспубліку (БНР).

Уздым нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, абвяшчэнне БНР і дзейнасць яе кіруючых органаў падштурхнулі бальшавіцкі ўрад у Маскве да фармальнага прызнання права беларускага народа на самавызначэнне і нацыянальную дзяржаўнасць. Пасля ліквідацыі войскамі Чырвонай Арміі БНР у снежні 1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне пра стварэнне беларускай савецкай рэспублікі. 30-31 снежня 6-я Паўночна-Заходняя канферэнцыя РКП(б) (гл. Першы з'езд КП(б)Б), якая адбылася ў Смаленску, прыняла рэзалюцыю пра абвяшчэнне самастойнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. У склад гэтага ўтварэння ўвайшлі Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губерні, заходнія паветы Смаленскай, беларускія паветы Віленскай, Ковенскай і Чарнігаўскай губерняў. Сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі (старшыня З. Жылуновіч), маніфестам якога 1 студзеня 1919 Беларусь абвешчана Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, а Рада і ўрад БНР аб'яўлены па-за законам. Такім чынам, партыйная канферэнцыя ўзяла на сябе функцыі ўстаноўчага сходу і парламента Беларусі.

Існаванню беларускай дзяржаўнасці працівіліся прыхільнікі ідэі ўнітарнай камуністычнай дзяржавы, як у Маскве, гэтак і на месцах.

На Першым Усебеларускім з'ездзе Саветаў, які адбыўся ў Мінску 2-3 лютага 1919, была прынята Канстытуцыя ССРБ, выбраны Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР, з'езд пацвердзіў адрыў ад ССРБ тэрыторый Смаленскай, Магілёўкай і Віцебскай губерняў, якія перайшлі ў склад РСФСР. Старшыня ВЦВК Я. Свярдлоў, што прыбыў на з'езд, патрабаваў аб'яднання Беларусі з савецкім урадам Паўднёвай Літвы, каб "засцерагчы гэтыя рэспублікі ад небяспекі праяўлення ў іх нацыяналістычных імкненняў". Усебеларускі з'езд Саветаў прыняў і гэта патрабаванне.

27 лютага 1919 на аб'яднаным пасяджэнні ЦВК Літоўскай ССР і ЦВК БССР у Вільні было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялітычнай Рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай і Віцебскай губерняў. Фактычна ССРБ — БССР перастала існаваць.

Услед за наступам Польшчы ў 1919 і польска-савецкай вайной у 1920 Беларусь была ізноў падзеленая паводле Рыжскага мірнага дагавору (18.3.1921). Каля 100 тыс. км² тэрыторыі Беларусі адышло да Польшчы, на астатняй тэрыторыі (107 тыс. км²), дзе пражывалі каля 5 млн. беларусаў, была абвешчаная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР), якая ў 1922 увайшла ў СССР.

Заходняя Беларусь у складзе Польшчы (1921 - 1939 гг.)[правіць | правіць зыходнік]

Заходняя Беларусь адышла да Другой Рэчы Паспалітай паводле Рыжскага мірнага дагавору паміж Другой Рэччу Паспалітай з аднаго боку і Расіяй і Украінаю з другога. Сучасныя Брэсцкая, Гродзенская, часткі Мінскай і Віцебскай абласцей знаходзіліся ў складзе Другой Рэчы Паспалітай да 17 верасня 1939 года.

БССР у міжваенны перыяд (1921 – верасень 1939 гг.)[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1920-х праводзіўся курс саветызацыі Беларусі, індустрыялізацыя і калектывізацыя ў 1930-я адарвалі ад зямлі сотні тысяч беларусаў, якія перасяліліся ў гарады Беларусі і на ўсход СССР.

Беларусь у гады Другой сусветнай вайны (верасень 1939 – 1945 гг.)[правіць | правіць зыходнік]

Другая сусветная вайна (19391945) пачалася для Беларусі 1 верасня 1939, калі нямецкія войскі атакавалі Другую Рэч Паспалітую (гл. Польская абарончая вайна 1939), у склад якой уваходзіла Заходняя Беларусь. Беларусы з першага дня вайны прынялі ўдзел у змаганні – у шэрагах арміі Другой Рэчы Паспалітай.

17 верасня 1939 Другая Рэч Паспалітая была атакаваная войскамі СССР, што цалкам перакрэсліла надзеі на працяг адкрытага ваеннага змагання. Згодна з Пактам Молатава-Рыбентропа Заходняя Беларусь была ўключаная ў склад СССР і далучаная да БССР. Гл. таксама: Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР.

22 чэрвеня 1941 пачалася вайна паміж Германіяй і СССР. Нямецкія войскі менш чым праз тыдзень баёў дайшлі да Мінска і ўзялі яго. Шмат у якіх мясцінах нямецкія войскі прымаліся як вызваліцелі. Гл. таксама: Абарончая аперацыя на Беларусі, 1941.

У выніку вайны і акупацыі Беларусь панесла вялікія страты, амаль усё гарады былі зруйнаваныя, прамысловыя прадпрыемствы разбураныя, загінула 2,225 млн. жыхароў краіны.

БССР у 1945 – пачатку 1990-х гг.[правіць | правіць зыходнік]

Герб БССР

Пасля заканчэння вайны на тэрыторыі Беларусі яшчэ некалькі гадоў дзейнічалі антысавецкія партызанскія групы.[4][5] З некаторымі з іх спрабавалі ўсталяваць сувязь заходнія спецслужбы. Атрады НКУС ладзілі карныя аперацыі супраць антысавецкага руху (гл. Беларуская вызваленчая армія).

У 1950 колькасць беларусаў у гарадах Беларусі перавысіла ўдзельную вагу іншых этнічных груп (рускіх, палякаў і яўрэяў). Да 1970-х рэспубліка ператварылася ў развіты эканамічны раён СССР. Па меры ўрбанізацыі і росту прамысловасці ўзмацніўся працэс асіміляцыі беларусаў. Дзяржаўная палітыка асветы і адукацыі спрыяла гэтаму працэсу, т.к. тыражы рускамоўных выданняў узрасталі, а ў пераважнай большасці школ руская мова стаў асноўнай мовай навучання.

15.12.1986 група творчай інтэлігенцыі Беларусі (28 чал., у т.л. В. Быкаў, Н. Гілевіч, Р. Барадулін) накіравала на імя Генеральнага сакратара ЦК КПСС М. Гарбачова пісьмо з прапановамі па паляпшэнні становішча нацыянальнай мовы ў рэспубліцы. У чэрвені 1987 прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі (134 чал.) накіравалі Гарбачову новы ліст пра сітуацыю з беларускай мовай і культурай. Пытанні нацыянальнага адраджэння набывалі палітычнае значэнне ў дзейнасці Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (БНФ), Таварыства беларускай мовы іншых арганізацый і аб'яднанняў.

На выбарах 1990 камуністычнай партыі атрымала большасць месцаў у Вярхоўным Савеце. Аднак удзел іншых сіл раскалоў парламент на тры блокі: камуністычна-наменклатурны; антыкамуністычны; умераных па поглядах інтэлігентаў і шэраговых членаў кампартыі. Падчас агульнасаюзнага рэферэндуму ў сакавіку 1991 каля 83% жыхароў Беларусі прагаласавалі за захаванне СССР. Становішча змянілася ў выніку спробы дзяржаўнага перавароту ў Маскве ў жніўні 1991. Кіраўніцтва рэспублікі і ЦК Камуністычнай партыі Беларусі не выступілі з асуджэннем перавароту, але пасля яго падаўлення змушаныя былі рэагаваць на перамены і распачаты распад Савецкага Саюза. лідар камуністычна-наменклатурнга блоку ў ВС БССР Мікалай Дземянцей быў вымушаны сыйсці ў адстаўку з пасады старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета, яго месца заняў лідар умераных Станіславаў Шушкевіч.

Беларусь на сучасным этапе (пач. 1990-х — пач. ХХІ ст.)[правіць | правіць зыходнік]

Герб Беларусі, 1991-95

27 ліпеня 1990 года Беларусь аб'вясціла сваю незалежнасць: Вярхоўны Савет БССР была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. 25 жніўня Дэкларацыі быў нададзены канстытуцыйны статус.

Прымаецца закон «Аб забяспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР» і пастанова аб спыненні дзейнасці КПБ.

На пасаду старшыні Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь узышоў Станіслаў Шушкевіч. 19 верасня 1991 года краіна атрымала новую назву — Рэспубліка Беларусь. Былі зацверджаны новыя дзяржаўныя сімвалы — герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг.

10 ліпеня 1994 года першым прэзідэнтам краіны быў абраны Аляксандр Лукашэнка. Ён захаваў за сабой пасаду Прэзідэнта па выніках выбараў у 2001, 2006 і ў 2010 годзе.

24 лістапада 1996 года па ініцыятыве прэзідэнта і Вярхоўнага Савета прайшоў рэферэндум. Яго вынікам стала прыняцце новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт выступае кіраўніком дзяржавы і гарантам Канстытуцыі. Яму нададзена права заканадаўчай ініцыятывы. Згодна новай рэдакцыі Канстытуцыі створаны двухпалатны парламент — Нацыянальны сход Рэспублiкi Беларусь. Ён складаецца з Палаты прадстаўнікоў — 110 дэпутатаў — і Савета Рэспублікі. Выканаўчая ўлада належыць Савету Міністраў.

19 — 20 кастрычніка 1996 г. у Мінску адбыўся першы Усебеларускі народны сход, які зацвердзіў «Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996—2000 гады». Галоўная мэта, якая вызначаецца ў гэтым дакуменце, — пераадоленне крызісных з'яў у эканоміцы.

На падставе зменаў Канстытуцыі краіны Вярхоўны Савет быў рэарганізаваны, з яго дэпутатаў была створана Палата прадстаўнікоў першага склікання. Частка дэпутатаў адмовілася працаваць у Палаце.

2 красавіка 1997 года быў створаны Саюз Беларусі і Расіі. Яго неад'емнай часткай стаў Статут Саюза Беларусі і Расіі, якім прадугледжваецца забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі, іх бяспекі, абароназдольнасці, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінмі Еўропы і свету. Працэс будаўніцтва саюзнай дзяржавы ідзе вельмі марудна, што звязана з эканамічнымі і палітычнымі супярэчнасцямі паміж краінамі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Загорульский Э.М. Начало формирования населения Белоруссии (дославянский период). –Мн., 1996.
  2. Рыбаков Б.А. Киевская Русь и русские княжества XII - XIII вв. – М., 1982. С. 30.
  3. R. Bideleux. A History of Eastern Europe: Crisis and Change. Routledge, 1998. p.122
  4. «Салiдарнасць» Правал спецаперацыі <! - Загаловак дададзены ботам - ->
  5. [http://www.autary.iig.pl/jorsz/art_rezystans_02.htm:: Сяргей Ёрш:: Праект "Беларускія Аўтары" ::

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • 100 пытанняў i адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. i прадмова І. Саверчаны, З. Санько. Мн., 1994.
  • Археалогія і нумізмптыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мн., 1993.
  • Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. Мн, 1997.
  • Беларускія летапісы i xpoнікі: Пераклад са старажытнарускай, старажытнабеларускай i польскай / Уклад. У. Арлова; прадм. В. Чамярыцкага. Мн., 1997.
  • Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945: Энцыклапедыя. Мн., 1990.
  • Белоруссия в эпоху капитализма. Сборник документов и материалов. Мн., 1983. T. I; Мн., 1990. Т. ІІ.
  • Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов. В 4-х книгах. Мн., 1959—1979.
  • Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы i права Беларусі ў дакументах i матэрыялах. Мн., 1998.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1: Абаленскі-Кадэнцыя/Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш./Мн.: БелЭн, 2005.
  • Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 3-х тамах. Т.1. Мн., Белкартаграфія, 2009.
  • Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. Мн., 1994.
  • Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. Пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля. Мн., 1998.
  • Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца ХVIIІ ст.: Курс лекцый / І. П. Крэнь, І. І. Коўкель і інш. Мн., 2000.
  • Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі: Дапаможнік. / У. Р. Казлякоў, У. А. Марозава і інш. / Пад рэд. Л. В. Лойкі. Мн., 2003.
  • Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь. Полацкі і Навагародскі перыяд. Мн., 1990.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора. Мн., 1982—1988. [па абласцях]
  • Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі: Ад старажытнасці да пачатку XX ст. Мн., 1995.
  • Луцкевіч А. За 25 гадоў (1903—1928). Мн., 1991.
  • Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі, Беласток, 2000.
  • Мысліцелі i асветнікі Беларусi. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1995.
  • Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік Каментарыі. Мн., 1989.
  • Эканамічная гісторыя Беларусі. Курс лекцый. / Пад рэд. В. І. Галубовіча. Мн., 1999.
  • Марцуль Г. С., Сташкевіч М. С. Гісторыя Беларусі: насельніцтва, фарміраванне і вызначэнне этнічных і дзяржаўна-адміністрацыйных межаў, беларускае замежжа. Мн., 1997.
  • Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. Мн., 2001.
  • Францыск Скарына i яго час: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1988.
  • Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В. В. Гетад, M. I. Калінскі. 3 — е выд. Мн., 1992.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Мн., 1993—2003.
  • Ковшаров Н. Д. История культуры Беларуси, 1917-90-е гг. : учебное пособие / редактор Н. К. Соколов; Белорусский государственный педагогический университет им. М.Танка.- Минск : БГПУ им. М.Танка, 1999.- 90 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычныя карты[правіць | правіць зыходнік]