Бібліятэка Мінскага кляштара бернардзінцаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бібліятэка Мінскага кляштара бернардзінцаў — бібліятэка, якая існавала пры Мінскім кляштары бернардзінцаў з першай паловы 17 ст. да сярэдзіны 19 стагоддзя[1].

Аснова бібліятэкі закладзена адначасова з самім кляштарам. Неабходныя для набажэнства кнігі збіраліся ў сакрысціі касцёла, а прызначаныя для чытання — у самім кляштары. Паводле акта візітацыі, на час трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе ў яе склад уваходзілі: «імшалы, рытуалы, градуалы, антыфанарыі, агенды, зборнікі чытанняў з евангелляў, брэвіярыі» (колькасць паасобнікаў не ўказана). Вопіс уласна кляштарнай бібліятэкі 1796 года змяшчае 450 пазіцый (больш за 800 тамоў). Кнігі ў вопісе размеркаваны паводле прадметных раздзелаў, унутры раздзелаў расстаўлены па алфавіце. У першым раздзеле «Аскетыка» змешчаны творы, прысвечаныя духоўнаму ўдасканаленню, у наступных раздзелах прадстаўлены выданні Бібліі, працы па катэхетыцы, крыніцы для падрыхтоўкі казанняў, зборнікі прапаведніцкіх твораў і інш. Названы творы Аўгусціна, Карнеля з Лапіды, Ліпсіуса, Бальсама, Дрэкселіуса, Тамаша Кемпійскага (на лацінскай мове і ў польскім перакладзе). Пераважалі творы ўласна бернардзінцаў і езуітаў, на польскай і лацінскай мовах[1].

Нетэалагічная літаратура ўключала працы і падручнікі па граматыцы, рыторыцы, свецкай гісторыі, юрыспрудэнцыі, медыцыне, матэматыцы, паэтыцы, фізіцы, філасофіі і інш. (творы Цыцэрона, Тацыта, Светонія, Вергілія, Баэцыя, Лейбніца і інш.). Некаторыя падручнікі прысутнічалі ў вялікай колькасці, напрыклад, «Arithmetica et geomeria» Якуба Накцыяновіча (13 паасобнікаў)[1].

Фонд камплектаваўся шляхам закупкі, падарункаў, стварэннем манускрыптаў насельнікамі кляштара (у прыватнасці, запісаў лекцый у кляштарным «Studium philosophicum» — своеасаблівым універсітэце для законнікаў). Бібліятэка перастала існаваць разам з ліквідацыяй кляштара ў 1864 годзе. Кнігазбор разышоўся па іншых бернардзінскіх манастырах і сярод святароў[1].

У фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі захоўваюцца 2 манускрыпты з бібліятэкі мінскіх бернардзінцаў (КП 523, КП 13624). Гэта канвалюты «скрыптаў» — рукапісных канспектаў лекцый па філасофіі, што чыталіся бернардзінскімі генеральнымі лектарамі Дамінікам Эйдымонтам, Даміцыем Булгароўскім і, відаць, інш. членамі ордэна[1].

Зноскі

  1. а б в г д Ю. М. Лаўрык. Бібліятэка Мінскага кляштара бернардзінцаў // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]