Вярхоўны камітэт вызвалення Літвы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вярхоўны камітэт вызвалення Літвы
Агульная інфармацыя
Краіна
Дата стварэння 1943
Папярэдняе ведамства Сейм Літвы
Дата скасавання 1990
Заменена на Сейм Літвы

Вярхоўны камітэт вызвалення Літвы, ВКВЛ (літ.: Vyriausiasis Lietuvos išlaisvinimo komitetas, скарочана VLIK) — літоўская арганізацыя, заснаваная 25 кастрычніка 1943 года ў перыяд нацысцкай акупацыі. Мэтай было аднаўленне незалежнасці Літвы.

Пры нямецкай акупацыі[правіць | правіць зыходнік]

Калі нацысцкая Германія напала на Савецкі Саюз, літоўцы віталі немцаў як вызваліцеляў ад савецкага рэжыму. Аднак неўзабаве іх стаўленне да нацыстаў змянілася. У канцы 1941—пачатку 1942 года ўтвораны розныя арганізацыі супраціву. У 1942—1943 яны знаходзіліся ў працэсе кансалідацыі ў пракаталіцкі Нацыянальны савет (літ.: Tautos taryba) і Вярхоўны камітэт літоўцаў (літ.: Vyriausiasis lietuvių komitetas)[1]. Пасля пяці месяцаў перамоваў гэтыя дзве арганізацыі вырашылі стварыць адзіную арганізацыю — Вярхоўны камітэт вызвалення Літвы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі розных палітычных поглядаў[1]. Першае пасяджэнне ВКВЛ адбылося 25 кастрычніка 1943 года ў Каўнасе. Першым старшынёй абраны Сцяпонас Кайрыс[1]. ВКВЛ павінен быў дзейнічаць у якасці падпольнага ўрада да аднаўлення незалежнасці Літвы. Ён адправіў сваіх паслоў у Швецыю і Фінляндыю, падтрымліваў кантакты з літоўскімі дыпламатамі ў Швейцарыі і паспрабаваў праінфармаваць заходнія дзяржавы аб злачынствах, учыненых нацыстамі[1]. Арганізацыя друкавала падпольную газету і агітавала да пасіўнага супраціву нацыстам[2]. Яны лічылі, што Савецкі Саюз усё гэтак жа заставаўся ворагам Літвы, і таму трэба было захоўваць рэсурсы для будучага ўзброенага супраціву рускім[2].

У пачатку 1944 года ВКВЛ паслаў дыпламатычную місію ў Стакгольм, але прадстаўніка літоўцаў схапілі і дапытвалі агенты гестапа ў Эстоніі. Гэта прывяло да арыштаў васьмі членаў камітэта[3]. У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія наступала ў Прыбалтыцы, большасць членаў арганізацыі беглі ў Германію. ВКВЛ спыніў сваю дзейнасць у Літве[1]. Орган пакінуў трох сваіх членаў у краіне, але застаўся толькі адзін. Сувязь з Літвой была практычна разарваная, было вельмі мала кантактаў з групамі антысавецкага супраціву[3].

Наступная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У кастрычніку 1944 года ВКВК аднавіў сваю дзейнасць у Вюрцбургу, але неўзабаве пераехаў у Ройтлінген[4]. Там ён заставаўся да 1955 года. Мікалас Крупавічус стаў новым старшынёй, аб’яднаўшы вакол сябе членаў 15 палітычных арганізацый[5]. Розныя палітычныя погляды часам перашкаджалі прыняццю рашэнняў[6].

У ліпені 1945 года, да Патсдамскай канферэнцыі, ВКВЛ накіраваў просьбу Уінстану Чэрчылю і Гары Трумэну не прызнаваць акупацыю Літвы Савецкім Саюзам і ажыццявіць пошукі шляхоў аднаўлення незалежнай краіны[7]. Мемарандумы далей былі адпраўленыя ў ААН, розным дыпламатам, навукоўцам, журналістам. Члены органа інфармавалі пра сваю дзейнасць і пра парушэнні правоў чалавека[7].

Члены арганізацыі спрабавалі ўсталяваць кантакты з узброеным супрацівам у Літве. ВКВЛ пазіцыянаваў сябе як літоўскі сейм, а яго кіраўнікі лічылі сябе Кабінетам урада[6]. Нягледзячы на свае прэтэнзіі, камітэт не быў прызнаны ніводнай дзяржавай у якасці ўрада. Краіны прызнавалі літоўскіх дыпламатаў, якія яшчэ працавалі ў даваенных пасольствах незалежнай Літвы[6]. Гэта стала прычынай канфлікту са Стасісам Лазарайцісам, які быў на чале дыпламатычнай службы і заднім лікам быў прызначаны на пасаду прэм’ер-міністра ад Антанаса Смятоны. Гэтая напружанасць была адной з прычын, чаму літоўцы не змаглі сфармаваць прызнаны ўрад у выгнанні[8]. Было зроблена некалькі спробаў аслабіць напружанасць паміж ВКВЛ і дыпламатычнай службай[7]. Для гэтага арганізаваны дзве канферэнцыі. Першая адбылася ў Берне ў ліпені 1946 года. Было вырашана стварыць Выканаўчы савет, але ён так і не пачаў свае пасяджэнні[9]. Другая канферэнцыя была праведзена ў Парыжы ў жніўні 1947-га.

Калі эмігранты і ўцекачы пераехалі з лагераў для перамешчаных асоб у ЗША, ВКВЛ перанёс сваю штаб-кватэру ў Нью-Ёрк (1955). Пасля пераезду орган стаў менш вядомым. Актывісты зразумелі, што Халодная вайна скончыцца не хутка. Асноўная мэта ВКВЛ была ў тым, каб падтрымліваць непрызнанне акупацыі і распаўсюджваць інфармацыю ў Літву скрозь жалезную заслону[10]. Прадстаўнікі арганізацыі таксама ставілі сваёй задачай развіццё літоўскай мовы і культуры сярод літоўцаў за мяжой. У 1990 годзе ВКВЛ спыніў сваё існаванне, так як Літва абвясціла аб сваёй незалежнасці[11].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д Lietuva, 1940–1990 / Arvydas Anušauskas, et al.. — Vilnius: Lietuvos gyventojų genocido ir rezistencijos tyrimo centras, 2005. — С. 243—244. — ISBN 9986-757-65-7.
  2. а б Vardys, Vytas Stanley; Judith B. Sedaitis. Lithuania: The Rebel Nation. — WestviewPress, 1997. — С. 57. — (Westview Series on the Post-Soviet Republics). — ISBN 0-8133-1839-4.
  3. а б Budreckis, Algirdas. Lithuanian Resistance, 1940–52 // Lithuania: 700 Years / Albertas Gerutis. — 6th. — New York: Manyland Books, 1984. — С. 347—348. — ISBN 0-87141-028-1.
  4. Budreckis, Algirdas. Liberation Attempts from Abrod // Lithuania: 700 Years / Albertas Gerutis. — 6th. — New York: Manyland Books, 1984. — С. 394. — ISBN 0-87141-028-1.
  5. Simas Sužiedėlis, ed. (1970–1978). "Supreme Committee for the Liberation of Lithuania". Encyclopedia Lituanica. Vol. V. Boston, Massachusetts: Juozas Kapočius. pp. 326—327. LCC 74-114275.
  6. а б в Lietuva, 1940–1990 / Arvydas Anušauskas, et al.. — Vilnius: Lietuvos gyventojų genocido ir rezistencijos tyrimo centras (англ.)рус., 2005. — С. 376—377. — ISBN 9986-757-65-7.
  7. а б в Budreckis, Algirdas. Liberation Attempts from Abrod // Lithuania: 700 Years / Albertas Gerutis. — 6th. — New York: Manyland Books, 1984. — С. 405—407. — ISBN 0-87141-028-1.
  8. Lietuva, 1940–1990 / Arvydas Anušauskas, et al.. — Vilnius: Lietuvos gyventojų genocido ir rezistencijos tyrimo centras (англ.)рус., 2005. — С. 387. — ISBN 9986-757-65-7.
  9. Lietuva, 1940–1990 / Arvydas Anušauskas, et al.. — Vilnius: Lietuvos gyventojų genocido ir rezistencijos tyrimo centras, 2005. — С. 380. — ISBN 9986-757-65-7.
  10. Bložė, Mintautas. Lietuvos diplomatija XX amžiuje (review) // Lithuanian Foreign Policy Review. — 2000. — Т. 1, № 5. — С. 4. — ISSN 1392-5504.
  11. Kazys Blaževičius. Likimo vedami (літ.). XXIamžius.lt (26 красавіка 2004). Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2007. Праверана 25 сакавіка 2009.