Дзевінскае

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дзевінскае
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 158,2 м
Даўжыня 5,1 км
Шырыня 0,6 км
Плошча 2 км²
Аб’ём 0,00073 км³
Даўжыня берагавой лініі 13,6 км
Найбольшая глыбіня 9,6 м
Сярэдняя глыбіня 4,9 м
Гідралогія
Салёнасць да 0,25 ‰
Празрыстасць 2 м
Басейн
Плошча вадазбору 26,9 км²
Упадаюць ручаі і каналы
Выцякаюць рака Серакаратнянка
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Рэгіён Віцебская вобласць
Дзевінскае (Беларусь)
Дзевінскае
Дзевінскае
Дзевінскае (Віцебская вобласць)
Дзевінскае
Дзевінскае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дзе́вінскае, Дзе́віна — возера ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Лучоса.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Побач з паўднёвай канцавінай Дзевінскага возера знаходзіцца вёска Дзевіна, назва якой звязаная з назвай возера.

Магчымае балцкае паходжанне назвы, у сувязі з літоўскім dievas «бог»[1] (ад балцкага *deivas).

У вёсцы Сімахі на беразе Дзевінскага возера падчас экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў 2021 годзе былі запісаныя звесткі пра каменнага ідала, што стаяў на пагорку над возерам. Прыблізна ў 1870—1880 гадах яго завезлі чаўнамі і скінулі ў ваду пасярод возера, а на яго месцы паставілі праваслаўную капліцу. На месцы капліцы цяпер стаіць нядаўна ўсталяваны крыж.

Пра каменнага ідала, якога патапілі, вядома таксама і з-над Богінскага возера каля Відзаў, недалёка ад літоўскай мяжы. У 1970-я гады ад мясцовых старых было запісана, што на востраве пасярод Богінскага возера калісьці «стаялі літоўскія багі», а таксама што ў ваду быў скінуты каменны ідал «Стод»[2]. Аснова «бог» у назве Богінскага возера найімаверней узнікла ў выніку пазнейшага перакладу літоўскага dievas «бог».

Таго ж паходжання літоўскія назвы возера Dievytis, ракі Diev-upis[3].

Цераз цяперашнюю расійскую мяжу каля смаленскай Рудні знаходзіцца іншае Дзевіна возера, каля якой вёска Дзевіна. Магчыма, гэтыя два «божыя» азёры, якія знаходзяцца за 50 км адно ад аднаго, былі задзейнічаныя ў сакральных практыках старажытных балтаў днепра-дзвінскага міжрэчча.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Плошча паверхні возера 2[4] км². Даўжыня 5,1 км, найбольшая шырыня 0,6 км. Даўжыня берагавой лініі 13,6 км. Найбольшая глыбіня возера 9,6 м, сярэдняя 4,9 м. Плошча вадазбору 26,9 км² у межах Лучоскай нізіны.
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, моцна выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны вышынёй ад 5—8 да 10 метраў, спадзістыя, пясчаныя. Берагавая лінія звілістая. Берагі вышынёй 0,3—0,4 м, пясчаныя. Вакол возера пойма шырынёй да 60 (месцамі да 200) метраў.
Літаральная зона вузкая. Глыбіні да 2 м займаюць каля 17 % плошчы возера. На возеры востраў плошчай 0,2 га. Прыбярэжная зона дна возера пясчаная, глыбей выслана крэменязёмістым сапрапелем і гліністым ілам.
Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Упадаюць рака Глухая (з возера Ардышэва), ручаі, каналы, на поўначы выцякае рака Серакаратнянка. Надводная расліннасць пашырана на адлегласці да 25 м ад берага і да глыбіні 1—1,5 м. Падводная расліннасць пашыраецца да глыбіні 2,5 м.

У возеры водзяцца шчупак, лешч, акунь, лінь, плотка, карась, гусцяра, краснапёрка і іншыя віды рыб.

Каля возера вёскі Замасточча, Дзевіна, Сімахі. Возера Дзевінскае ўваходзіць у зону адпачынку «Дзевіна»[5].

Зноскі

  1. Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. Мінск, 2004. С. 145.
  2. Дучиц Л. В. Отчет о гидроархеологических исследованиях в Браславском и Миорском районах Витебской области в 1982 году / Л. В. Дучиц // Архіў археалагічнай навуковай дакументацыі ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі». — № 813.
  3. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 86.
  4. Оршанский лесхоз Архівавана 17 верасня 2012. (руск.)
  5. База адпачынку «Дзевіна»

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]