Карэя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Адміністрацыйны падзел Карэі

Каардынаты: 37°00′00″ пн. ш. 127°00′00″ у. д. / 37° пн. ш. 127° у. д. (G) (O) (Я) Карэя — геаграфічная тэрыторыя, якая ўключае Карэйскі паўвостраў і суседнія астравы і аб'яднаная агульнай культурна-гістарычнай спадчынай. У мінулым адзіная дзяржава. На поўначы мае сухапутную мяжу з КНР і Расіяй. На ўсход ад Карэі знаходзяцца Японскія астравы.

У 1945 годзе пасля паразы Японіі ў Другой сусветнай вайне тэрыторыя Карэі, якая з'яўлялася ў той час японскай калоніяй, была размежавана на дзве зоны ваеннай адказнасці: савецкую — на поўнач ад паралелі 38° з. ш. і амерыканскую — на поўдзень ад яе. Пасля, у 1948 годзе, на тэрыторыі гэтых зон узніклі дзве дзяржавы: Рэспубліка Карэя на поўдні і Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка на поўначы.

Тэрыторыя Карэі — 220,8 тыс. кв. км. Сумарнае насельніцтва абедзвюх карэйскіх дзяржаў перавышае 70 млн чалавек, 99% насельніцтва карэйцы. Вернікі галоўным чынам будысты і хрысціяне.

Прырода — гл. Карэйскі паўвостраў, Маньчжура-Карэйскія горы.

Назвы краіны[правіць | правіць зыходнік]

У наш час у Паўночнай Карэі прынята назва Часон (кар. 조선, 朝鮮), а ў Паўднёвай — Хангук (한국; 韓國). Высоўваліся прапановы выкарыстоўваць назву Каро (고려; 高麗) для будучай аб'яднанай Карэі. Каро — гэта назва дзяржавы на Карэйскім паўвостраве, якая існавала ў 9181392 гг. Ад яе паходзіць еўрапейская назва Карэі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Чалавек разумны з'явіўся на Карэйскім паўвостраве прыблізна 40000—25000 гадоў назад, у перыяд позняга палеаліту. Да гэтага паўвостраў засяляў чалавек прамахадзячы, а раней — гамініды тыпу аўстралапітэкаў (архантропы, палеаантропы). Аднак гэтыя старажытныя людзі не з'яўляліся непасрэднымі продкамі сучасных карэйцаў. Карэйскі этнас склаўся ў выніку міграцый народаў на паўвостраў — галоўным чынам з поўначы. Гэтыя міграцыі пачаліся ў эпоху неаліту (шостае — першае тысячагоддзі да нашай эры) і працягваліся да канца першага тысячагоддзя нашай эры.

Нацыянальная міфалогія ў сучаснай Карэі ўзводзіць пачатак карэйскай гісторыі да 2333 года да н.э., калі, паводле легенды, Тангун, сын жыхара неба і мядзведзіцы, якая абярнулася ў жанчыну, заснаваў першую дзяржаву Часон, названую пасля Старажытным Часонам, каб адрозніваць яго ад пазнейшай дзяржавы Часон (1392—1910 гг. нашай эры).

Афіцыйная карэйская гістарыяграфія таксама вядзе адлік палітычнай гісторыі Карэі ад Старажытнага Часона, хоць пытанні аб этнакультурнай прыналежнасць гэтай дзяржавы, часу фарміравання яе дзяржаўнасці і нават месцазнаходжання выклікаюць спрэчкі (па адной з тэорый яна знаходзілася па-за межамі Карэі). У 108 годзе да нашай эры Старажытны Часон быў захоплены войскамі кітайскай дынастыі Хань і спыніў сваё існаванне.

У першай палове першага тысячагоддзя нашай эры ў Карэі склаліся тры дзяржавы — Сіла, Пэкчэ і Кагуро. У другой палове VII стагоддзя Сіла ў саюзе з кітайскай дынастыяй Тан разграміла Пэкчэ і Кагуро, а затым пасля вайны з Тан аб'яднала пад сваім кантролем каля дзвюх трацін Карэйскага паўвострава — тэрыторыю на поўдзень ад ракі Тэданган. Так склалася дзяржава Аб'яднанае Сіла.

Афіцыйная карэйская гістарыяграфія ўключае ў гісторыю Карэі і дзяржаву Пархэ, якая існавала ў 698—926 гг. нашай эры і займала частку тэрыторыі Карэйскага паўвострава, сучаснага расійскага Прымор'я і Маньчжурыі.

У канцы X стагоддзя пасля распаду Аб'яднанага Сіла ўтварылася дзяржава Каро, межы якой практычна супадалі з межамі цяперашняй Карэі. У 1392 годзе на змену Каро прыйшла дзяржава Часон.

У XVI—XIX стагоддзях Карэя праводзіла палітыку самаізаляцыі.

Пасля руска-японскай вайны 190405 гг. Японія ўсталявала пратэктарат над Карэяй, а ў 1910 г. анексавала яе. З 1910 па 1945 гады Карэя была японскай калоніяй. Пасля паражэння Японіі ў Другой сусветнай вайне паўночная частка Карэі была ў зоне ваеннай адказнасці Савецкага Саюза, а паўднёвая — Злучаных Штатаў.

У 1948 г. былі створаны дзве дзяржавы — Рэспубліка Карэя на поўдні і КНДР на поўначы. Карэйская вайна 1950—1953 гг. замацавала раскол краіны.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Курбанов С. О. Курс лекций по истории Кореи: с древности до конца ХХ в — СПб.: Изд-во С.-Петерб. ун-та, 2002. — ISBN 5-288-03016-2.
  • Курбанов С. О. История Кореи с древности до начала XXI века — СПб.: Изд-во С.-Петерб ун-та, 2009. — ISBN 978-5-288-04852-4.
  • Joe, W.J. & Choe, H.A. Traditional Korea: A Cultural History, Seoul: Hollym, 1997.
  • Lee Ki-baik. A New History of Korea. Cambridge: Harvard UP, 1984.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]