Кота (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кота
(கோட்டா)
Агульная колькасць 1700
Рэгіёны пражывання Індыя
Мова кота
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы тода, тамілы, бадага

Кота (саманазва கோட்டா ) — малы народ на поўдні Індыі. Жывуць на тэрыторыі штатаў Тамілнад, Карнатака, Керала, Андхра-Прадэш. Агульная колькасць — 1 700 чал.[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Кота — блізкія суседзі тода, размаўляюць на падобнай мове, аднак, у адрозненне ад апошніх, спецыялізуюцца на рамястве, а не на жывёлагадоўлі. Як і тода, яны лічаць сябе мясцовымі карэннымі жыхарамі, створанымі іх галоўным бажаством. Генетычныя даследаванні паказваюць іх блізкасць да іншых дравідамоўных народаў Індыі. Асаблівасці культуры кота тлумачаць іх працяглым існаваннем у горнай мясцовасці ізалявана ад цывілізацыі.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўным заняткам кота з’яўляецца рамяство. Яны лічацца добрымі кавалямі, гарбарамі, ювелірамі, плятуць кошыкі, робяць парасоны і г. д. Суседнія плямёны запрашаюць кота пад час святаў у якасці артыстаў. Земляробства з’явілася толькі ў канцы XIX ст. і абмежавана агародніцтвам. Некаторыя надзелы кота атрымалі ў карыстанне ад суседзяў-тода, за што выплачваюць ім даніну часткай ураджаю. Акрамя таго, у кота здаўна прынята рабіць цырыманіяльныя падарункі пэўным родам тода.

Існуе шмат традыцыйных забарон, якія абмяжоўваюць кота ў іх занятках (у прыватнасці, жывёлагадоўляй) і перайманні сучасных тэхналогій. Але, у адрозненне ад суседзяў, яны ядуць мяса, яйкі, выменьваюць у тода малако, масла і тварог на гародніну і рамесныя вырабы.

Вёскі кота невялікія, рэдка перавышаюць 40-60 хацін. Іх насельніцтва падзяляецца на 3 экзагамныя групы керы (літаральна «вуліца»). Шлюбы знутры кожнай з іх забаронены, аднак магчыма ўзяць шлюб з прадстаўніком сваёй керы з іншай вёскі. На чале вясковай абшчыны стаяць старшыні готга-рн, аднак іх улада абмежавана.

Звычайная вопратка ў мужчын і жанчын складаецца з белай кашулі, доўгай насцегнавой повязі і наплечнага пакрывала.

Сем’і пашыраныя і нуклеарныя. У мінулым былі распаўсюджаны паліандрычныя шлюбы. Главой сям’і з’яўляецца мужчына. Спадчына перадаецца па мужчынскай лініі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова кота належыць да дравідыйскай групы моў. Блізкая да мовы тода. Пісьмовасць пераважна на аснове тамільскага алфавіта.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія — політэізм, шанаванне шматлікіх багоў і духаў. З пачатку XX ст. яна ўвабрала ў сябе многія рысы індуізму. Кота будуюць храмы. Вылучаецца пласт святароў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]