Мсціслаў Уладзіміравіч Вялікі
Мсціслаў Уладзіміравіч, таксама празваны Вялікім (1 чэрвеня 1076 — 14 красавіка 1132) - вялікі князь Кіеўскі (1125—1132), сын старажытнарускага князя Уладзіміра Манамаха і англійскай прынцэсы Гіты Уэсэкскай.
Па волі бацькі ў трынаццацігадовым узросце стаў наўгародскім князем, дзе кіраваў у 1088—1093 і 1095—1117, дзейнічаючы ў згодзе з наўгародцамі і спрыяючы ўмацаванню (у 1116 году адбылося пашырэнне наўгародскага дзяцінца) і ўпрыгожванню (па яго ўказанні закладзена была царква Звеставання на Гарадзішчы ў 1103 году, і ў 1113 — Мікола-Дварышчанскі сабор) горада.
У 1093-1095 Мсціслаў быў князем у Растове, граючы галоўную ролю ў барацьбе свайго бацькі Манамаха і Алега Святаславіча: у 1096 ў бітве на р. Мядзведзіца ён разбіў брата Алега — Яраслава Святаславіча, а затым і самага Алега, якому прыйшлося пакінуць Мурам і Разань і бегчы ў стэп, да полаўцаў.
У 1117—1125 валадарыў у Белгарадзе. Калі ў 1125 памёр Уладзімір Манамах, Мсціслаў прыняў тытул вялікага князя.
Вядомы сваёй барацьбой з Полацкім княствам. Першы паход на Полацкае княства здзейсніў у 1127, падчас якога былі ўзяты і разрабаваны гарады Стрэжаў, Лагойск, Заслаўе, а ў Полацку князь Давыд Усяславіч заменены братам — Рагвалодам. Калі ў 1128 Рагвалод памёр, і ў Полацку зноў сеў Давыд, які адмовіўся ад міру, то Мсціслаў здзейсніў новы паход у 1129, падчас якога узяў у палон трох пакінутых Усяславічаў (Давыда, Святаслава і Расціслава) і ўсіх іх родных, а Полацкае княства анексаваў: сюды быў перакладзены на княжанне Ізяслаў Мсціславіч.
14 красавіка 1132 Мсціслаў памёр, перадаўшы трон свайму брату Яраполку. 1132 год агульнапрызнана лічыцца датай канчатковага распаду Кіеўскай Русі: з аднаго боку, сыны Мсціслава (Ізяслаў, Расціслаў, Усевалад) сталі кіраўнікамі самастойных княстваў, з іншага — ніводны з найблізкіх пераемнікаў Мсціслава не валодаў яго ваеннымі і палітычнымі талентамі і не змог спыніць дэзінтэграцыі старажытнарускіх земляў. І хоць Яраполк славіўся выдатным вайскаводам і адважным ваяром, але як палітык быў вельмі слаб і не мог спыніць далейшага распаду і драбненні земляў на незалежныя ад Кіева княствы.