Нотадрукаванне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Нотадрукава́нне — паліграфічнае размнажэнне нотных тэкстаў. Існуюць розныя спосабы вырабу друкаваных форм для нотадрукавання: гравіраванне на свінцовых дошках, набор спецыяльнымі знакамі, фотамеханічныя спосабы рэпрадукцыі, ксеракапіраванне і інш. Нотныя арыгіналы часцей пішуцца ад рукі. Для іх падрыхтоўкі выкарыстоўваюць таксама спосабы гравіроўкі, штампоўкі, пераносу нотных знакаў на нотную паперу паводле прынцыпу пераводных карцінак, нота- і фотанаборам. Друкуюцца нотныя выданні на афсетных машынах і машынах высокага друку.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вядома з другой паловы XV ст. У першых друкаваных царкоўных кнігах тэкст песнапенняў набіралі, а ноты ўпісвалі ад рукі. Пазней друкавалі і нотныя лініі, упісвалі толькі ноты. Часам друкавалі ноты з тэкстам, а лініі прачэрчвалі ад рукі. Так друкаваліся творы, запісаныя харальнай (зрэдку і неўменнай) натацыяй. Нотныя шрыфты з квадратнымі нотамі для харальнай натацыі, дзе ноты друкавалі чорным колерам на чырвоных лініях, увёў Ульрых Хан  (ням.) («Рымская меса», 1476, Рым). Старэйшае выданне з мензуральнай натацыяй — «Кароткая граматыка» Фамы Нігера  (харв.) (1480, Венецыя).

Тытульны аркуш першага нотадрукаванага зборніка Атавіяна Петручы. Венецыя, 1501

Да XVII ст. адным са спосабаў была гравіроўка на дрэве (ксілаграфія), пры якой нотныя прыклады выраблялі ў выглядзе гравюр па прынцыпу высокага друку («Рымскія месы» Атавіяна Скота, 1481, 1482, Венецыя). У 1498 годзе Атавіяна Петручы  (руск.) вынайшаў рухомыя металічныя шрыфты, удасканаліў метад Хана і выкарыстаў для друкавання мензуральнай натацыі. У 1528 французскі друкар П. Атэньян выкарыстаў вынайдзены, верагодна, П'ерам Атэнам  (фр.) друк, калі адразу друкавалася нота і невялікая частка 5-лінейнага нотнага стану, што давала магчымасць набіраць і шматгалосую музыку.

У 1754 годзе Імануэль Брайткопф  (англ.) (Лейпцыг) вынайшаў наборны спосаб, дзе кожны нотны знак складаўся з З частак (галоўкі, штылю і вязкі), што дазволіла узнаўляць любыя акорды. З ускладненнем музычнай фактуры ў XVIII ст. выкарыстоўвалі спосаб гравіроўкі на медзі па прынцыпу глыбокага друку (упершыню выкарыстаў Сімонэ Веровіа  (англ.) ў выданні «Духоўная асалода», 1586, Рым). Да канца XVIII ст. ноты друкавалі непасрэдна з металічных дошак. З вынаходніцтвам літаграфіі (1796) з кожнай дошкі сталі рабіць адбітак для пераносу на літаграфскі камень або на металічныя формы для плоскага друку.

У Расіі маскоўскі арганіст XVII ст. Сымон Гутоўскі  (руск.) надрукаваў ноты з гравіраваных медных дошак. У 1766 Сцяпан Бышкоўскі распрацаваў дасканалы шрыфт, якім надрукаваны богаслужэбныя нотныя кнігі «Ірмалог», «Актоіх», «Абіход», «Святы» (17701772). Свецкія музычныя творы да 1770-х гг. друкавалі спосабам гравіроўкі на медзі або наборным шрыфтам Брайткопфа. Літаграфскі спосаб упершыню ў Расіі выкарыстаў І. Дабравольскі для выдання «Азиатского музыкального журнала» (18161818, Астрахань).

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Старонка Берасцейскага канцыянала. 1558

На Беларусі нотадрукаванне вядома з сярэдзіны XVI ст. Ноты друкаваліся ў Берасці (1553), Нясвіжы (1561), Заблудаве (1568), Лоску (1574), Слуцку (1580), Цяпіне (каля 1580), Вільні (канец XVI — 1-я чвэрць XVIII ст.), Куцейне, Буйнічах, Магілёве (1630-я гг.), Супраслі (першае ноталінейнае выданне — «Паследаванне пострыгу», 1697). У XVII ст. ўзор новага нотнага запісу — «Псалтыр» Яна Гуса — распаўсюджвалі брацкія друкарні. Першы друкаваны нотны зборнік на Беларусі і адзін з найбольш ранніх у Еўропе — «Берасцейскі канцыянал» («Песні хвал боскіх», 1558) Яна Зарэмбы. У канцы XVI — пачатку XVII ст. надрукаваны шэраг інш. падобных зборнікаў. У XVIIXIX стст. друкаваліся віленскія, гродзенскія, жыровіцкія, супрасльскія, холмскія «Багагласнікі», канты, псальмы, ірмалагіёны.

У 1850 — пачатку 1860-х гг. А. Валіцкі літаграфскім спосабам выдаваў у Мінску свецкія музычныя творы беларускіх кампазітараў-рамантыкаў, у т. л. паланэзы і мазуркі К. Марцінкевіч, Ф. Міладоўскага, яго ж зборнік «Польскія песні» і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]