Пеністае віно

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Куфаль пеністага віна
Корак ад пеністага віна

Пе́ністае віно́ — гэта віно, насычанае двухвокісам вугляроду, які робіць яго шыпучым, а двухвокіс атрымваецца ў выніку прыроднага закісання альбо ў бутэльцы, як з выкарыстаннем «шампанскага метаду» (фр.: méthode champenoise), альбо ў вялікім рэзервуары, распрацаваным для таго, каб вытрымліваць унутраны ціск, як з выкарыстаннем метаду Шарма. Не блытаць з іскрыстым віном (газаванае віно), куды двухвокіс вугляроду ўводзіцца штучна пад падвышаным ціскам для надання віну пеністых уласцівасцей. У некаторых частках свету слова «шампанскае» выкарыстоўваецца як сінонім пеністага віна, у іншых — гэта назва замацавалася за адмысловым пеністым віном з рэгіёна Шампань у Францыі.

Класічны прыклад пеністага віна — шампанскае, але ў іншых рэгіёнах Францыі і краінах вырабляецца шмат іншых тыпаў пеністых вінаў, напрыклад, «sekt» у Германіі, «cava» у Іспаніі, «franciacorta», «prosecco», «lambrusco» і «bracchetto» у Італіі, «Cap Classique» у Паўднёвай Афрыцы, Савецкае шампанскае ў СССР і Беларусі, і Расійскае шампанскае ў Расіі. Нядаўна ў Вялікабрытаніі пачалася вытворчасць шырокага спектра пеністых вінаў — глабальнае пацяпленне выклікала тое, што ў паўднёвай Англіі стала магчыма вырабляць віно, хоць і ў часы кіравання Генрыха VIII і канфіскацыі ім царкоўнай уласнасці ў мужчынскіх манастырах Англіі было некалькі вінакурняў. Пеністае віно звычайна белае ці ружовае, але ёсць некалькі прыкладаў чырвонага аўстралійскага пеністага віна з вінаграду шыраз (англ.: shiraz), італьянскага Бракета і Ламбруска, а таксама некалькіх узораў у Расіі і на Украіне. Некаторыя віны робяцца толькі злёгку пеністымі, прыкладам, «vinho verde» у Партугаліі — такія віны часта завуць шыпучымі (італ.: frizzante, фр.: pétillant) ці паўпеністымі.

Апісанне метаду вытворчасці шампанскага і іншых вінаў, што вырабляюцца «шампанскім метадам»: гл. артыкул Шампанскае. З-за высокага кошту выкарыстання асобных бутэлек для другаснай ферментацыі, выкарыстоўваюцца таксама іншыя метады. Метад Шарма (ён жа — акратафоравы) шырока выкарыстоўваецца для больш танных пеністых вінаў.

Цікавыя факты пра пеністае віно[правіць | правіць зыходнік]

  • Ціск у бутэльцы шампанскага — каля 630 кілапаскаляў, што прыкладна ў тры разы большы за ціск у аўтамабільнай шыне.
Неглыбокі куфаль
  • Найбольшая даўжыня лёту корка ад шампанскага склала 54,2 метры.
  • Бурбалкі ў шампанскім першапачаткова лічыліся гандлярамі віном непажаданымі.
  • Разынкі ці кавалачак шакаладу, пакладзены ў куфаль пеністага віна, будуць шматразова тануць і зноў усплываць.
  • Пра неглыбокія куфлі (крэманкі) для шампанскага хадзіла лжывая плётка, што іх форма была скапіравана з васковага злепка грудзей Марыі Антуанеты.
  • На тэрыторыі Беларусі галоўным вытворцам пеністага віна з'яўляецца Мінскі завод пеністых вінаў, што вырабляе Савецкае шампанскае, а таксама белыя, ружовыя, чырвоныя пеністыя віны з імпартаванай сыравіны.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]