Берасцейскі павет

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Берасцейскі павет
Краіна
Уваходзіць у
Адміністрацыйны цэнтр
Дата ўтварэння 1513
Дата скасавання 1795
Старосты Старосты берасцейскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Берасцейскі павет на карце
Час існавання 1565/661795
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Берасце́йскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Падляшскага, пазней Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Сталіца — Берасце.

У Берасцейскі павет уваходзілі тэрыторыі Берасцейскага гродавага, Зёлаўскага, Камянецкага, Кобрынскага, Шарашоўскага старостваў (дзяржаўных воласцей) і прылеглыя прыватнаўласніцкія маёнткі.

Найважнейшыя гарады і мястэчкі: Белая, Бяроза, Вішніцы, Воўчын, Высокае, Ганна, Гарадзішча, Дзівін, Камянец, Кобрын, Кодзень, Леўкава (Дакудава), Міжрэчча, Пружаны, Пяшчатка, Ражанка, Славатычы, Уладава, Чарнаўчыцы, Шарашова, Янаў[1] (паводле Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў — Пружаны, Высока-Літоўск, Кобрын, Белая, Уладава, Кодань).

Сімволіка

Павятовая харугва была блакітнага колеру з выявай «Пагоні» ў чырвоным полі[1].

Гісторыя

Утварыўся ў 1513 годзе ў складзе Падляшскага ваяводства[2]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) перайшоў да Берасцейскага ваяводства. Адначасна ў яго склад увайшла тэрыторыя скасаваных Кобрынскага і Камянецкага паветаў.

У 1616 ад Берасцейскага павета Вялікага Княства Літоўскага да Мельніцкага павета Падляшскага ваяводства Каралеўства Польскага далучылі маёнткі Бокавічы, Вітулін, Гарадзішча, Казерады, Межырэч, Палюбічы, Росаш, Яблань і іншыя[3], а колькасць дымаў скарацілася на 44%[4].

У 1791, паводле Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, са складу Брэсцкага вылучылі Кобрынскі павет з цэнтрам у горадзе Кобрын[5].

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) большая частка павету апынулася ў складзе Расійскай імперыі, заходнія рэгіёны — у Аўстрыі.

Дэмаграфія

У сярэдзіне XVII ст. налічваў 40 455 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да Трынаццацігадовай вайны (16541667) колькасць насельніцтва складала каля 283 тыс. чал., пасля вайны яно скарацілася да 147 тыс. чал.[6]

Станам на 1775 рок павет налічваў 32 554 дымы[7].

Геаграфія

У склад Берасцейскага павета ўваходзіла тэрыторыя Берасцейскага гродавага, Зёлаўскага, Камянецкага, Кобрынскага, Шарашоўскага старостваў (дзяржаўных воласцей) і прылеглыя прыватнаўласніцкія маёнткі.

Зноскі

  1. а б Валерый Пазднякоў. Берасцейскі павет // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 321.
  2. Мікалай Камінскі. Берасцейскі павет // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 105.
  3. Міхаіл Спірыдонаў. Агляд працы: Michaluk, Dorota. Ziemia mielnicka wojwództwa podlaskiego w XVI—XVII w: Osadnictwo, własność ziemska i podziały kościelne. Torn, 2002. 220, 11 map. // «Беларускі гістарычны агляд». Том 9. Сшытак 1—2 (16—17), снежань 2002
  4. Morzy, J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku / Józef Morzy. — Poznań: Uniwersytet im. Adama Mickiewicza, 1965. — 405 s. — Tabl. 22, 24. — (Prace Wydziału Filozoficzno-Historycznego - Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Historia 21).
  5. Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 34—39.
  6. Насельніцтва Беларусі ў сярэдзіне ХVII ст. па паветах // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  7. Powiat brzeski // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce (польск.). — Warszawa, 1884. S. 341.

Літаратура

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
  • Powiat brzeski // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 341