Перайсці да зместу

Герб Петрыкава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 13:53, 25 сакавіка 2023, аўтар Artsiom91Bot (размовы | уклад) (выпраўленне перасылак)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)
Герб Петрыкава
Дэталі
Зацверджаны 20 лютага 2001
Шчыт
іспанск
Заснаванне 20 лютага 2001 

Герб Пе́трыкава — афіцыйны геральдычны сімвал горада Петрыкава. Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 20 лютага 2001 г. пад № 49.

Апісанне: іспанскі шчыт рассечан «у слуп», у правым чырвоным полі залаты ключ бародкаю ўверх, у левым блакітным — сярэбраны ключ бародкаю ўніз.

Аўтар герба — Е. С. Жалняркевіч, мастак — А. В. Леўчык.

Гістарычныя вытокі сімволікі герба

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле легенд горад існуе з X ст. і атрымаў назву ад імені свайго заснавальніка, яцвяжскага князя, які прыняў пры хрышчэнні імя аднаго з апосталаў — Пятра. Паданні данеслі да нас славянскае імя Петрык. Па гістарычных жа крыніцах Петрыкаў вядомы з XV ст. як мястэчка Слуцкага княства ў складзе Вялікага княства Літоўскага. У гэты час паселішча належала князям Алелькавічам. У XV—XVI стст. па загадзе Юрыя Алелькавіча тут быў пабудаваны замак, разбураны ў час вайны Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай у 1534—1537 гг.

Гэтыя дзве акалічнасці, імя легендарнага заснавальніка і гарадскія ўмацаванні, розныя па часе, але вельмі значныя для гісторыі развіцця горада, леглі ў аснову сучаснага гарадскога герба.

Ключ, якім можна адмыкаць ці замыкаць штосьці, — сімвалічны прадмет, які характарызуе таксама «развязваючую і звязваючую сілу» яго ўладальніка. Гэтай сілай у царкоўнай сферы надзелены, паводле Евангелля ад Матфея, апостал Пётр, з іменем якога звязваюць назву горада. Абавязковымі атрыбутамі, якімі суправаджаюцца ўсе выявы гэтага апостала, з’яўляюцца два ключы, сярэбраны і залаты.

Разам з тым ключы з’яўляюцца сімвалам закрытага, умацаванага горада. Перадача ключа ад абложанага горада ворагам была выражэннем капітуляцыі перад заваёўнікам. З другога боку, ключы ад горада ўручаюцца ганаровым гасцям, як знак перадачы ўлады, прыязнасці і гасціннасці. У сімволіцы ключы на гербе паказваюць таксама на давер і выпрабаваную вернасць, праяўленую ў адносінах да свайго гаспадара і ўладара.

Ключ ці пара ключоў з рознымі атрыбутамі ёсць на гербах гарадоў літ.: Babtai і літ.: Plateliai (Літва), Перакопа (Украіна), Шлісельбурга (Расія), Брэмена (Германія), Ватыкана, Ліды (Беларусь) і іншых.

  • Адамушко В. И., Елинская М. М. Гербы и флаги Беларуси. — Минск: Беларусь, 2006. — 254 с.