Герб Рагачова
Герб Рагачова | |
---|---|
Дэталі | |
Зацверджаны | 28 мая 2001 |
Шчыт |
французскі |
Заснаванне | 28 мая 2001 |
Герб Рагачо́ва — геральдычны сімвал Рагачова, дараваны гораду 16 жніўня 1781: «у залатым полі чорны бараноў рог»[1].
У сучаснай Беларусі афіцыйны статус атрымаў 29 мая 2001[2]. У гербавым матрыкуле краіны значыцца пад № 62.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Афіцыйнае апісанне:
У залатым полі французскага шчыта чорны бараноў рог.
Арыгінальны тэкст (руск.)В золотом поле французского щита чёрный бараний рог.
Гісторыя горада Рагачова
[правіць | правіць зыходнік]Горад размешчаны на правым беразе ракі Дняпро пры ўпадзенні ў яго ракі Друць. У выніку зліцця двух рэк утвараецца вугал, званы па-беларуску «рогам», і, верагодна, менавіта адсюль утварылася назва горада. Датай заснавання горада Рагачова лічыцца 1142 г., калі ён упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў сувязі з раздачай кіеўскім князем Усеваладам Вольгавічам сваім братам гарадоў Тураўскай і Уладзімірскай зямелі. Лічыцца, што горад вырас з феадальнага замка.
У XIII ст. Рагачоў уваходзіў у склад Вялікага княства Літоўскага, тады ім валодаў князь Даўмонт. У XIV—XVIII стст. Рагачоў з’яўляецца цэнтрам воласці. У 1509 г. пінскі князь Фёдар Іванавіч і яго жонка Алена завяшчалі Рагачоў разам з іншымі гарадамі каралю Жыгімонту I Старому.
У XVI ст. на месцы старажытнага гарадзішча пабудаваны Рагачоўскі замак каралевы Боны Сфорца, які меў стратэгічнае значэнне. Падчас войнаў сярэдзіны XVII ст., уваходзячы ў сістэму памежнай абароны, неаднаразова падвяргаўся пажарам і спусташэнню.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Рагачоў увайшоў у склад Расійскай імперыі і стаў цэнтрам Рагачоўскага павета Рагачоўскай правінцыі. З 1772 г. па 1776 г. з’яўляўся цэнтрам Рагачоўскай правінцыі Магілёўскай губерніі. Пасля 1776 г. з’яўляўся цэнтрам павета.
Атрыманне герба і першапачатковы яго выгляд
[правіць | правіць зыходнік]16 жніўня 1781 г. горад атрымаў герб, зацверджаны імператрыцай Расіі Кацярынай II: «У верхняй частцы шчыта частка герба Магілёўскага: у залатым полі палова Расійскага герба. У ніжняй чорны барановы рог у залатым полі, які азначае імя гэтага горада».
Герб французскага тыпу быў падзеляны на верхнюю і ніжнюю часткі. Зверху была частка Расійскага герба — чорны двугаловы арол з трыма каронамі. Знізу быў барановы рог, што, непасрэдна, адлюстроўвае назву герба. І верхняя, і ніжняя часткі жоўтага колеру.
Верхняя частка — чорны двугаловы арол з трыма каронамі — сімвалізавала падуладнасць горада Расійскай імперыі.
Жоўты колер герба абазначае мёд і пчалярства, якое на той момант было шырака развіта ў Рагачове і яго ваколіцах. Чорны барановы рог, акрамя адлюстравання назвы, сведчыць аб вялікай колькасці бараноў, якіх разводзілі ў ваколіцах горада.
Наступнае развіццё герба
[правіць | правіць зыходнік]6 лютага 1862 г. герб Рагачова быў ператвораны пад стылістыку гербаў заходніх гарадоў Беларусі. З герба знік чорны трохгаловы арол з трыма каронамі, замест гэтага герб Рагачова атрымаў наступныя асаблівасці: на залатым шчыце чорны барановы рог, у правай верхняй частцы змяшчаецца герб Магілёўскай губерні — на залатым шчыце трайная зялёная магіла, на якой тры чырвоныя з зялёнымі лістамі каласы. Шчыт акружаны залатымі каласамі, злучанымі Аляксандраўскай стужкай. Над шчытом ёсць сярэбраная каменная трохвежавая карона.
Наяўнасць сімвала Магілёўскай губерні сведчыць аб прыналежнасці горада і павета да гэтай губерні. Аляксандраўская стужка з двума залатымі каласамі сведчаць, што горад і павет з’яўляюцца ўрадлівым і добра развітым сельскагаспадарчым краем, які вядомы хлебным гандлем. Сярэбраная трохвежавая карона сведчыць аб тым, што Рагачоў з’яўляўся павятовым горадам.
Наступныя змены ў гербе адбыліся пры ўсталяванні савецкай улады. У савецкі час ад герба былі адрынуты ўсе сімвалы, акрамя чорнага барановага рогу і жоўтага французскага шчыта. Але значных і афіцыйных змен у гербе не адбывалася.
Сучасны герб горада Рагачова і Рагачоўскага раёна мае наступны выгляд: на залатым полі французскага шчыта (шчыт прамавугольны з завостраным аснаваннем) змешчаны чорны барановы рог. Герб Рагачова і Рагачоўскага раёна зацверджаны 4 мая 2001 года рашэннем Рагачоўскага раённага Савета дэпутатаў. Герб занесены ў Гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь 18 мая 2001 года.
Зноскі
- ↑ Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Решение сессии Рогачевского районного Совета депутатов от 4 мая 2001 г. № 13/4.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Адамушко В. И., Елинская М. М. Современная геральдика Беларуси. — Минск: Издательство «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. — 536 с. — С. 131—132.
- Рагачоўшчына — зямля натхнення і дабра / уклад. Вольга Аляксеева, Аляксей Жабінскі; фота: Анатоль Кляшчук, Надзея Бужан, Васіль Рагожнікаў, Раіса Баравая; пер. з рус. Вольгі Аляксеевай, Аляксея Жабінскага. — Мінск : Звязда, 2016. — 176 с. : іл.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.