Іберы
Ібе́ры — народ, які жыў на тэрыторыі сучаснай Іспаніі, прыкладна з III-га тысячагоддзя да нашай эры. Таксама іберы ў антычных крыніцах — этнічная назва ўсходне-грузінскіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі Іберыі (рэгіён Картлі, Усходняя Грузія).
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Вучоныя разыходзяцца сваіх меркаваннях наконт паходжання ібераў. Адны мяркуюць, што яны прыйшлі з міжземнаморскага ўзбярэжжа, іншыя лічаць, што іберы прыбылі з Паўночнай Афрыкі. Аднак ёсць і тыя, хто лічыць, што іберы ўтварыліся з мясцовых плямёнаў, у прыватнасці, звязаных з культурамі Эль-Аргар і Мацільяс. Паводле гіпотэзы Ф. Радрыгеса Рамаса, продкі ібераў не былі аўтахтонным насельніцтвам Іспаніі, а ўварваліся на паўвостраў разам з хваляй кельцкай міграцыі[1].
Іберы жылі ўздоўж усходняга і паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжаў Іспаніі, на тэрыторыі сучасных аўтаномных супольнасцей Андалусія, Мурсія, Валенсія і Каталонія. Таксама іберы аказалі ўплыў на культуру кельтаў паўночна-цэнтральнай часткі паўвострава (кельтыберы).
Іберы жылі ў ізаляваных абшчынах з племянным ладам. Яны валодалі навыкамі апрацоўкі металаў, уключаючы бронзу, і земляробства. Пазней іберы ўтварылі больш цэласную дзяржаву з гарадамі і сацыяльны ладам. Яны гандлявалі металам з Фінікіяй, Грэцыяй, Карфагенам.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першыя згадванні пра ібераў былі зроблены грэчаскімі каланістамі ў VI стагоддзі да нашай эры. Яны таксама звалі іберамі і іншы народ, вядомы як іберы Каўказа, якія ўтварылі дзяржаву Іберыя (грэч. Iberia, лац.: Hiberia) ва Усходняй Грузіі (Картлі) на мяжы IV—III стст. да н.э., якая часта згадваецца антычнымі і візантыйскімі аўтарамі. Дакладна невядома, ці ёсць якая-небудзь сувязь паміж гэтымі народамі, або гэта проста супадзенне. У любым выпадку іберы Пірэнейскага паўвострава сталі кантактаваць з грэкамі значна раней за сваіх каўказскіх цёзак. Фінікійцы стварылі сваю першую калонію на Пірэнейскім паўвостраве ў 1100-х гадах да нашай эры і, адпаведна, кантактавалі пры гэтым з іберамі. Ад фінікійцаў яны навучыліся пісьму і пазней распрацавалі пісьмо для сваёй мовы. Пазней іберы дадалі ў сваё пісьмо элементы грэчаскага алфавіту.
Іберскае пісьмо дэшыфраваў у 1941 годзе Мануэль Гомес-Марэна.
У XIX стагоддзі з'яўляецца тэорыя «Лігура-іберскага субстрата», заснаваная на адзінстве дарымскай тапанімікі на ўсходнім узбярэжжы Іспаніі, на Корсіцы і ў Лігурыі. Прыхільнікамі гэтай тэорыі, якая мае падтрымку і ў наш час, былі такія вядомыя лінгвісты, як Паўль Крэчмер, Жубэнвіль і інш.
Знешні ўплыў
[правіць | правіць зыходнік]Кельты з'явіліся ў Іспаніі напачатку першага тысячагоддзя да нашай эры. З часам кельцкая культура стала асноўнай на захадзе і поўначы тэрыторыі сучаснай Іспаніі, а на поўдні іберская культура засталася дамінантнай. У цэнтры Іспаніі культуры змяшаліся, і там утварыліся так званыя кельтыберы. Гэты сплаў дзвюх культур пазней распаўсюдзіўся і на ўсё ўсходняе ўзбярэжжа Іспаніі.
Іберы і кельтыберы актыўна вялі гандаль з іншымі народамі Міжземнамор'я. Іберскія керамічныя вырабы былі знойдзены ў Францыі, Італіі і ў Паўночнай Афрыцы. Яны таксама падтрымлівалі цесныя сувязі з грэкамі, і нават абменьваліся ведамі. Напрыклад, іберы перанялі ў грэкаў некаторыя мастацкія навыкі. Статуі «Дама з Басы» і «Дама з Эльчэ» дэманструюць вельмі нядрэнныя навыкі іберскіх майстроў.
Іберы і кельтыберы за кароткі час паміж Першай і Другой Пунічнай войнамі, былі падпарадкаваны Карфагену і папоўнілі армію Ганібала. Пазней рымляне заваявалі Пірэнеі і павольна здушылі ўсе мясцовыя культуры і мовы.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Rodríguez Ramos, Jesús (2005): Introducció a l’estudi de les inscripcions ibèriques, Revista de la Fundació Privada Catalana per l’Arqueologia ibèrica, 1, pp. 13-144
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Іберы
- Падрабязная карта Іберыі (каля 200 да н.э.) (pt) Архівавана 11 чэрвеня 2004.