Перайсці да зместу

Іван Міхайлавіч Сталяроў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Міхайлавіч Сталяроў
Дата нараджэння 20 мая 1923(1923-05-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 27 верасня 2015(2015-09-27) (92 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак
Месца працы
Вучоба
Член у
Узнагароды

Іван Міхайлавіч Сталяроў (20 мая 1923, Віцебск — 27 верасня 2015, Віцебск) — беларускі мастак і педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1993).

У 1939 г. паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе ў той час выкладалі такія мэтры беларускага мастацтва, як Іван Ахрэмчык, Уладзімір Хрусталёў, Аляксандр Мазалёў, Валянцін Дзежыц, Леў Лейтман. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ваяваў у партызанскай брыгадзе пад камандаваннем Міная Шмырова (Бацькі Міная). З войскамі дзеючай арміі Першага Прыбалтыйскага фронта вызваляў родную Віцебшчыну, а таксама Латвію, Літву, Польшчу[1].

Вучобу працягваў у Мінскім мастацкім вучылішчы (1947—1951). У 1960 г. скончыў завочнае аддзяленне графікі Маскоўскага паліграфічнага інстытута. З 1958 па 1985 г. выкладаў рысунак і акварэль на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, дацэнт з 1979 г. У 1965 г. стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў. У 1986 г. Івану Сталярову было прысвоена званне «Выдатнік народнай асветы СССР». У 1988 г. у свет выйшла кніга мастака «Акварель. Материалы и способы письма» (выдавецтва «Вышэйшая школа»). У 1993 г. яму прысвоена званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі»[1].

Памёр у 2015 годзе, пахаваны на Стара-Сямёнаўскіх могілках.

Удзельнічаў у мастацкіх выстаўках з 1954 г. Працаваў у жывапісе і графіцы, аўтар пейзажаў і тэматычных кампазіцый.

Работам уласціва паэтычнае пераасэнсаванне рэчаіснасці, кампазіцыйная завершанасць. Значнае месца ў творчасці займае партызанская тэма — серыі акварэлей «Партызанскімі сцежкамі» (1966), «Па слядах партызанскай славы» (1967), асобныя работы і інш. Віцебшчыне прысвечаны серыі акварэлей «Керамзітавы завод» (1962), «Лескавічы» (1969), «Рабочая ўскраіна» (1974), «Браслаўшчына» (1976), «Віцебшчына — край блакітных азёр» (1984), пейзажы «Віцебскае ўзвышша» (1963), «На зыходзе лета» (1977), «Раніца туманная» (1984) і інш.

Творы Івана Сталярова — гэта класіка віцебскай акварэлі. У іх у поўнай меры знайшлі адлюстраванне тыя магутныя традыцыі, якія стагоддзямі накапліваліся ў нетрах рэалістычнага мастацтва. Фундаментальнасць ведаў у галіне колеразнаўства, гісторыі, тэхнікі і тэхналогіі акварэльнага жывапісу сталі для мастака тым грунтам, які на працягу ўсіх этапаў творчасці І. Сталярова фарміраваў яго погляды і творчыя прынцыпы.

Творы Івана Сталярова знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі[1].

Зноскі

  • Цыбульскі М. Л. Сталяроў Іван Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 141. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Сталяроў Іван Міхайлавіч // Беларускі Саюз Мастакоў : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Г. В. Буралкін [і інш.]; аўт.-склад. Б. А. Крэпак [і інш.]. — Мн., 1998. — С. 506.
  • Сталяроў Іван Міхайлавіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2003. — Кн. 2. — С. 538—539.