Ідыш-беларускі слоўнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ідыш-беларускі слоўнік
Аўтар Аляксандр Астравух
Жанр даведачнае выданне
Мова арыгінала беларуская, ідыш
Выдавецтва Медысонт
Выпуск 2008
Старонак 928
ISBN 978-985-6530-86-2
Электронная версія

Ідыш-беларускі слоўнік — выданне, у якім змешчана лексіка найбольш вядомых слоўнікаў ідыша, частка неапублікаваных фразеалагічных матэрыялаў з архіва Ш. Рохкінд і В. Сосенскага, а таксама жывая лексіка ідыша[1]. Аўтар слоўніка — мастак-рэстаўратар Аляксандр Астравух. Выдадзены ў Мінску ў 2008 годзе тыражом 1000 экзэмпляраў. Другі ідыш-беларускі слоўнік у гісторыі Беларусі (першы быў складзены ў 1932 годзе пры ўдзеле Самуіла Плаўніка).

Падрыхтоўка і выданне[правіць | правіць зыходнік]

У 1984 годзе Аляксандр Астравух трапіў у Мсціслаў, дзе, дзякуючы выкладчыку Алегу Хадыку, пачаў вывучаць ідыш[2]. У 1997 годзе ў Мінску адбылася сустрэча лінгвіста Довіда Каца з рэстаўратарам, пасля якой Аляксандр Астравух пачаў працу над слоўнікам. Лёс выдання вызначыў удзел яго ўкладальніка ў семінары па вывучэнні ідыша ў 1999—2004 гадах, які праходзіў у Вільні[3].

У 2008 годзе ў мінскім выдавецтве «Медысонт» выйшаў слоўнік, спонсарам якога выступіў прадпрымальнік з Санкт-Пецярбурга Андрэй Гарбенка[4]. Гэта другі ідыш-беларускі слоўнік за ўсю гісторыю Беларусі (першы быў апублікаваны ў 1932 годзе)[5]. 26 верасня 2008 года ў Мінску адбылася прэзентацыя выдання. Адам Мальдзіс назваў слоўнік «сапраўднай энцыклапедыяй яўрэйскага жыцця», а Пётр Садоўскі — «жывым святам душы»[6].

Змест[правіць | правіць зыходнік]

У прадмове аўтар кажа, што мэтай кнігі было сабраць разам пад адной вокладкай усё найлепшае ў ідышы, яўрэйскі скарб, які быў раскіданы па розных краінах, мовах і друкаваных выданнях[4]. Слоўнік мае каля 25 тысяч слоўнікавых артыкулаў і 50 тысяч слоў. У выданне ўвайшла фразеалогія ідыша з прымаўкамі і прыказкамі, пажаданнямі і прывітаннямі, дражнілкамі і праклёнамі, загадкамі і скорагаворкамі, каламбурамі, цытатамі з яўрэйскіх песень, анекдотаў і літаратурных твораў. Пры складанні кнігі было выкарыстана шмат слоўнікаў, якія выйшлі ў свет у XIX—XX стагоддзях[7]. Выданне ўпрыгожана малюнкамі і здымкамі беларускіх сінагог[8].

Водгукі[правіць | правіць зыходнік]

У аглядзе, апублікаваным у часопісе «Народ Книги в мире книг», адзначаецца, што выданне мае вялікі спіс бібліяграфічных крыніц, у які ўвайшлі не толькі граматыкі, падручнікі і слоўнікі ідыша, але нават зборнікі народнай музыкі і кулінарныя кнігі. Слоўнік дэманструе багацце ідыша і беларускай мовы. Асаблівасцю выдання з’яўляецца запіс яўрэйскіх слоў лацініцай. Адзначаецца, што выданне мае рэдкі і каштоўны моўны матэрыял[9].

Вольф Масковіч у «Jews and Slavs» адзначае, што аўтар слоўніка, добра ведаючы беларускі дыялектны матэрыял і надаючы ўвагу запазычанням з славянскіх моў у ідышы, змог выправіць памылкі і недакладнасці, якія былі ў іншых слоўнікаў ідыша[10].

Зноскі

  1. Прадмова — Hakdome // Ідыш-беларускі слоўнік = ייִדיש-ווײַסרוסישער ווערטערבוך / сабраў і пераклаў на беларускую мову А. Астравух. — Мінск : Медисонт, 2008. — С. 8.
  2. Аляксандар Астравух: “Вывучэньне ідышу сталася сродкам самазахаваньня”. Наша Ніва (11 кастрычніка 2002). Праверана 14 лістапада 2020.
  3. Аляксандар Астравух. «Мамэ-лошн ун татэ-калошн», альбо Рэстаўрацыя ідышу па-беларуску // Wschód Europy. Studia humanistyczno-społeczne. — 2017. — Vol. 3. — № 1. — P. 283. — ISSN 2450-4866.
  4. а б У Менску выйшаў ілюстраваны ідыш-беларускі слоўнік. Наша Ніва (7 ліпеня 2008). Праверана 14 лістапада 2020.
  5. Yiddish-Belarusian dictionary published. Jewish Telegraphic Agency (7 ліпеня 2008). Праверана 14 лістапада 2020.
  6. Прэзэнтаваны ідыш-беларускі слоўнік. Наша Ніва (27 верасня 2008). Праверана 14 лістапада 2020.
  7. Иллюстрированный идиш-белорусский словарь представили в Минске(недаступная спасылка). Naviny.by (27 верасня 2008). Архівавана з першакрыніцы 17 лістапада 2020. Праверана 14 лістапада 2020.
  8. Павал Касьцюкевіч. Рэдэле як рэдэле, абы добры мэйнэле // Наша Ніва. — 2 кастрычніка 2008. — № 36 (586). — С. 9. Архівавана з першакрыніцы 28 жніўня 2019.
  9. Валентина Федченко. Идиш-русская/украинская/белорусская лексикография: новый этап // Народ Книги в мире книг. — 2013. — № 104.
  10. Wolf Moskovich. Directions in Modern Yiddish Lexicography // Jews and Slavs. — 2010. — Vol. 22. — P. 297.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ідыш-беларускі слоўнік = ייִדיש-ווײַסרוסישער ווערטערבוך / сабраў і пераклаў на беларускую мову А. Астравух. — Мінск : Медисонт, 2008. — 928 с. — ISBN 978-985-6530-86-2.
  • [Рэцэнзія] / М. У. Тарэлка // Беларуская лінгвістыка. — 2010. — Вып. 64. — С. 163—166.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]